Сілай мераліся рыцары Маларытчыны

У рамках правядзення месячніка абаронна-масавай работы Маларыцкім РК ГА “БРСМ” сумесна з аддзелам адукацыі і раённай арганізацыйнай структурай ДТСААФ быў праведзены раённы “Рыцарскі турнір”.
Па традыцыі праходзіў ён на базе раённай гімназіі. Сёлета ў турніры прынялі ўдзел 12 каманд, якія прадстаўлялі гарадскія школы, раённую гімназію, а таксама Велікарыцкую, Гвозніцкую, Арэхаўскую, Чарнянскую, Хаціслаўскую, Ляхавецкую, Лукаўскую, Макранскую і Збуражскую сярэднія школы. У час турніру юнакі паказалі сябе сапраўднымі фізічна падрыхтаванымі байцамі, якія гатовы да службы ва Узброеных Сілах РБ.
Удзельнікаў віталі выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Юрый Варанчук і інструктар МРАС ДТСААФ Валянціна Козак.
Праграма турніру была насычаная і разнастайная. Юнакі падцягваліся на перакладзіне, падымалі гіры вагой 16 кілаграмаў, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, спаборнічалі ў дартсе і перацягванні каната. Па два прадстаўнікі ад кожнай каманды ўдзельнічалі ў ваенізаванай эстафеце, а капітаны каманд спаборнічалі ў конкурсе тэарэтычнай падрыхтоўкі.
Усе хлопцы былі актыўнымі рыцарамі турніру, але перамога заўжды дастаецца мацнейшым. У падцягванні на перакладзіне роўных не было Аляксею Жоху з раённай гімназіі, мацнейшым у гіравым спорце быў Яўген Курдзюк з Ляхавецкай СШ, у дартсе лепшым аказаўся Валерый Хоміч са Збуражскай СШ, званне самага трапнага стралка заслужыў Дзмітрый Наўрасюк з Ляхавецкай СШ, самай хуткай у эстафеце была каманда гімназіі, а вось ў асабістым заліку лепшы вынік паказаў Вадзім Ярашук з Чарнянскай СШ. У перацягванні каната лідзіравала каманда Чарнянскай СШ, а ў веданні тэорыі перамогу атрымаў капітан каманды раённай гімназіі Ігар Дваракоўскі.
Па падлічаных балах перамогу атрымала каманда раённай гімназіі, другое месца заняла каманда Арэхаўскай школы, на трэцяе месца выйшлі юнакі з СШ № 2. Пераможцы атрымалі дыпломы і салодкія падарункі. Сёлета раённым камітэтам ГА “БРСМ” быў заснаваны  пераходны кубак раённага “Рыцарскага турніру”, які атрымала каманда гімназіі.
Вялікую ўдзячнасць за дапамогу ў правядзенні турніру РК ГА “БРСМ” выказвае кіраўніцтву раённай гімназіі, а таксама выкладчыкам фізічнага выхавання Уладзіміру Сцяпанавічу і Уладзіміру Уладзіміравічу Яромкіным і настаўніку абслуговай працы і дапрызыўнай падрыхтоўкі Леаніду Ксенафонтавічу Лук’янчуку.
Таццяна САЦЮК, другі сакратар РК ГА “БРСМ”.
НА ЗДЫМКУ: у час турніру.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!