Школа вёскі Пажэжын. У першым класе ўсяго адна вучаніца (Маларыцкі раён)

У гэтым навучальным годзе ў Пажэжынскай базавай школе ў першым класе вучыцца ўсяго адна вучаніца. Завуць першакласніцу Марыя Пятручык. Да школьнага жыцця дзяўчынка ўжо даўно адап­тавалася і нават пасябравала са сваёй першай настаўніцай —  ад­ным з вопытных педагогаў Ма­ла­рытчыны Верай Антонаўнай Іўковіч (на здымку), якая сістэме адукацыі аддала больш за 45 гадоў свайго жыцця. Дарэчы, муж Веры Антонаўны, якога, на жаль, няма  ўжо сярод нас, таксама настаўнічаў у Пажэжынскай школе. Па слядах сваіх бацькоў пайшлі і дзеці. Аляк­сандр Канстанцінавіч Іўковіч вы­кладае фізічную культуру ў Вялікарыцкай сярэдняй школе, а дачка працуе настаўніцай у адной з навучальных устаноў горада Коб­рына.

— Мне пашанцавала з вучаніцай, — гаворыць Вера Антонаўна. – Маша гадуецца ў шматдзетнай сям’і, яе старэйшая сястрычка навучаецца ў 5 класе, а малодшая наведвае дзіцячы садок. Маша паслухмяная, разумная вучаніца, вельмі дасціпная і цікаўная. Ёй вельмі падабаецца чытанне і пісь­мо. Сёння ў нас лёгкі дзень, таму што няма матэматыкі. Зараз у нас праходзіць урок ветлівасці, а потым будзе фізкультура. Вядома, Машы не хапае зносін са сваімі равеснікамі, і гэта вялікі мінус. Мне таксама бы­ло спачатку  не вельмі прывычна пра­цаваць з адной вучаніцай. Раней у класах было каля дваццаці вучняў. З кожным годам у вёсцы дзяцей ста­новіцца ўсё меней і меней. Гэта рэаліі нашага часу,  яго непазбежнасць. Таму мы з Машай у нейкай ступені яшчэ і сяброўкі, разам гуляем на ўроках фізкультуры ў мяч, робім размінку на перапынках. Пасля ўрокаў я вяду сваю вучаніцу ў старэйшую групу, што ў дзіцячым садку,  там яна знаходзіцца да вечара.

Маша расказала, што ёй вельмі падабаецца хадзіць у школу. Праўда, хацелася б, каб у прасторным і светлым класе было паболей вучняў, з якімі можа пагарэзнічаць падчас перапынкаў. А сваю настаўніцу дзяўчынка вельмі любіць і паважае, стараецца на ўро­ках адказваць на ўсе пытанні Веры Антонаўны, старанна выконвае хатнія заданні, акуратна выводзячы ў сшытку літары і лічбы.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  • 2
  • 34
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!