Ганаровыя грамадзяне Маларыцкага раёна
Наша Маларытчына… Тут жывуць працавітыя і таленавітыя людзі, якія шмат сіл аддаюць таму, каб край наш быў самым прыгожым, зямля радавала з году ў год ураджаем, аб раёне ведалі далёка за яго межамі і кожнае новае пакаленне ганарылася сваёй маленькай радзімай. Значнымі дасягненнямі праславілі сябе і свой раён многія яго жыхары. Але ёсць на Маларытчыне і свая галерэя пашаны, якая сабрала прозвішчы тых, хто ўнёс асаблівы ўклад у развіццё раёна і за гэта ўдастоены звання ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна. У 2015 годзе такое званне было прысвоена двум нашым землякам — Леаніду Тараненка, які праславіў Беларусь і сваю маленькую радзіму ў сусветным спорце, і тройчы ардэнаносцу,заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Беларусі Леаніду Ляонаву. У 2018 годзе спіс ганаровых грамадзян раёна папоўніла прозвішча яшчэ аднаго сапраўднага гаспадара на зямлі, старшыні СВК “Дарапеевічы” Васіля Юхімука. А на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў у снежні 2019 года было прынята рашэнне прысвоіць ганаровае званне яшчэ двум жыхарам Маларытчыны – былому кіраўніку раёна Сцяпану Герасімуку і народнаму майстру Рэспублікі Беларусь Сцепанідзе Сцепанюк.
Леанід Тараненка
Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, чэмпіён XXII Алімпійскіх гульняў у Маскве 1980-га года, сярэбраны прызёр XXV алімпійскіх гульняў 1992 года ў Барселоне, чэмпіён свету ў 1980 г. у першай цяжкай вазе і ў 1990 г. – у другой цяжкай вазе, чэмпіён Еўропы 1980 г. у першай і трохразовы чэмпіён у другой цяжкай вазе 1988, 1991–1992 гг., двухразовы чэмпіён Спартакіяды народаў СССР, уладальнік 19 сусветных рэкордаў. Леанід Аркадзьевіч узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 2019 годзе яму прысвоена званне ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці.
________________________
Леанід Іванавіч – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 48 гадоў ён узначальваў калгас “Запаветы Леніна”. Пад кіраўніцтвам Леаніда Ляонава гаспадарка імкліва развівалася — першая ў раёне пачала праводзіць меліярацыю, тут была створана трывалая кармавая база, ішло будаўніцтва ферм, жылля і аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, праводзілася газіфікацыя Хаціслава. Аб “Запаветах Леніна” ведалі далёка за межамі раёна. За шматгадовую старанную працу Леанід Ляонаў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, “Знак Пашаны”.
__________________________
Васіль Фядосавіч больш за 30 гадоў узначальвае калектыў сельгаскааператыва “Дарапеевічы”. Дзякуючы яго ўмеламу кіраўніцтву гаспадарка дабіваецца высокіх паказчыкаў. У “Дарапеевічах” вядзецца актыўнае будаўніцтва і мадэрнізацыя вытворчых аб’ектаў, будуецца жыллё, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы. За вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Васіль Юхімук узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені і медалём “За трудовое отличие”.
__________________________
Сцепаніда Сцепанюк
Простая вясковая жанчына з Дарапеевічаў стала знакавай постаццю для культуры Маларытчыны. Яна – захавальніца традыцый ткацтва. Дзякуючы Сцепанідзе Аляксееўне ўдалося аднавіць важнейшую частку гісторыка-культурнай спадчыны раёна – унікальную тэхналогію стварэння традыцыйнага адзення, характэрнага толькі для Маларытчыны. Свае сакрэты і ўменне знакамітая ткачыха, майстар народнай творчасці Сцепаніда Сцепанюк перадае цяпер сваім вучням.
______________________
Сцяпан Герасімук
Званне ганаровага грамадзяніна Маларытчыны Сцяпан Герасімук заслужыў сваім значным асабістым укладам у развіццё Маларыцкага раёна, які Сцяпан Васільевіч узначаліў у складаныя 90-я гады мінулага стагоддзя. Сем гадоў яго кіраўніцтва былі часам выпрабаванняў. Але, нягледзячы на складанасці, звязаныя з развалам СССР, яму, як кіраўніку, удалося не толькі захаваць, але і прымножыць матэрыяльную базу раёна. Для Сцяпана Герасімука заўжды на першым месцы быў просты чалавек з яго праблемамі. За гэта, у першую чаргу, а яшчэ за жыццёвую мудрасць паважаюць яго землякі.