Імя ў гісторыі Маларыцкага раёна і краіны: Платон Саевіч – Міністр асветы БССР

Асобнае месца ў гісторыі Маларыцкага краю займае імя Платона Васільевіча Саевіча.

Платон Саевіч выступае на студзеньскай нарадзе настаўнікаў Кобрынскага раёна. 1948 год

Ён нарадзіўся 30 лістапада 1892 года ў вёсцы Раматова Брэсцкага павета. У 1911-м скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, у 1924 – Камуністычны ўніверсітэт імя Свярдлова. З 1913 года Платон Саевіч служыў у войску, са снежня 1917 года знаходзіўся на савецкай рабоце ў г. Барысаглебск Тамбоўскай губерні, у сакавіку 1919 года прызначаны камісарам сувязі восьмай арміі на Паўднёвым і Каўказскім франтах. У 1924 годзе пасля заканчэння ВНУ атрымаў накіраванне ў Ніжні Ноўгарад.

У 1926 годзе Платон Саевіч вярнуўся ў родную Беларусь, быў назначаны дэканам і рэктарам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. З 1929 года ён працаваў рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі. У 1932 г. Платона Васільевіча прызначылі дырэктарам Інстытута гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК Кампартыі Беларусі, а ў маі 1933 года – загадчыкам кафедры Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы Беларусі.

З першага і да апошняга дня Вялікай Айчыннай вайны Платон Саевіч знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ён быў камісарам палка, начальнікам палітаддзела дывізіі, начальнікам аддзела прапаганды і агітацыі фронту –намеснікам начальніка палітупраўлення фронту.

Пасля заканчэння вайны Платон Васільевіч працаваў палітычным дарадцам дэлегацыі ў савецка-амерыканскай камісіі па Карэі,  з 1946 года – на­меснікам загадчыка аддзела ЦК Кам­партыі Беларусі. У 1947 годзе Саевіч быў прызначаны Міністрам асветы БССР (трэцім па ліку), у 1946-1950 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. 14 мая 1951 года П.В.Саевіча выключылі з партыі, знялі з пасады Міністра асветы БССР за антыпартыйную дзейнасць.

Па загадзе Лаўрэнція Цанавы, тагачаснага Міністра дзяржаўнай бяспекі БССР, Платон Саевіч 16 мая 1951 года быў арыштаваны. Яго абвінавацілі ў шпіянажы, нацыяналізме, контррэвалюцыйнай дзейнасці толькі за тое, што адмовіўся быць галоўным рэдактарам кнігі, прысвечанай партызанскаму руху ў Беларусі і напісанай групай супрацоўнікаў МДБ БССР. Платон Саевіч быў асуджаны (28.11.1951) да 25 гадоў папраўча-працоўнай калоніі, пяці гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў Азёрны канцлагер МДБ Іркуцкай вобласці.

Пастановай Камітэта дзяржаўнай бяспекі БССР і ваеннага пракурора Беларускай ваеннай акругі ад 5 жніўня 1954 года следчая справа па абвінавачванні П.В.Саевіча была спынена, і ён выйшаў на волю. Платон Васільевіч быў рэабілітаваны ў 1956 годзе, памёр 28 верасня гэтага ж года, пахаваны ў Мінску.

У красавіку 2004 года Велікарыцкай СШ было прысвоена імя Платона Саевіча. 27  лістапада 2015 года ва ўстанове адукацыі быў адкрыты музейны пакой былога  наркама асветы БССР.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!