Абмыцца святой вадой

Традыцыя у дзень Богаз’яўлення, ці Вадохрышча, акунацца ў палонку захавалася да нашага часу. Падтрымліваецца яна і на Маларытчыне. Адно з пацвярджэнняў гэтаму – Іардані, якія ў форме крыжа штогод высякаюцца на вадаёмах раёна, калі на вуліцы бывае мароз. Год назад, напрыклад, на невялічкім вадаёме, што знаходзіцца на тэрыторыі Свята-Мікалаеўскай царквы г. Маларыты, была таксама абсталявана невялічкая Іардань.
Пасля ўрачыстага богаслужэння і чыну Вялікага асвячэння вады, лічыцца, што яна набывае асаблівую цудадзейную сілу. Многія вернікі з малітваю ў сэрцы і на вуснах апускаюцца на працягу дня ў сцю­дзёную ваду. Сярод іх і Вера Алесіюк. Яна ў мароз адважваецца бясстрашна акунацца ў Іардань некалькі разоў. Вера Іванаўна пераканана, што вада ў гэты святочны дзень валодае асаблівай гаючай сілай, дорыць цялеснае і духоўнае здароўе на ўвесь год, вылечвае, ачышчае, змывае грахі.
— Я не перажывала, што захварэю, нават думкі пра гэта не было ніякай у мяне, — гаворыць Вера Алесіюк. – Яно так і атрымалася. Нездарма на гэты конт у Бібліі напісана, што па веры вашай ды будзе вам. Хіба ж можна сумнявацца, што прастудзішся там, дзе сіла Божая, яго падтрымка, дзе нябачна прысутнічае сам Усявышні. Некаторыя скептычна да гэтага адносяцца, а дарэмна. Пасля сту­дзеньскага купання я сябе адчувала выдатна. У чацвер, 19 студзеня, я зноў абавязкова буду купацца. Шкада, што па прагнозах у гэты дзень мароз будзе невялікі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час купання на Іардані ў Маларыце.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!