Падарыла сябрам алімпіяду

Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Брэсцкай вобласці сумесна з упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама падвялі вынікі ІІ абласнога конкурсу спартыўнай паштоўкі “Падары сябрам алімпіяду”. Творчае спаборніцтва было прымеркавана да Алімпійскіх гульняў. У ім прынялі ўдзел і маларытчане. А Галіна Мішчук (у 2011 г. закончыла СШ №1 райцэнтра, цяпер – навучэнка Пінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа) узнагароджана дыпломам ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 14-18 гадоў за подпісам Леаніда Цупрыка, старшыні прадстаўніцтва. Акрамя таго, яна атрымала “спартыўны” падарунак: футболку, бейсболку, фотаальбом і іншае.
– Галя, як ты стала ўдзельніцай конкурсу? – цікаўлюся.
– Прапанавала Людміла Васільеўна Ляўчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай працы. Было гэта ў лютым мінулага года. Я адразу згадзілася. Хацелася памерацца “творчымі” сіламі з равеснікамі. Зацікавіла конкурсам мая настаўніца інфарматыкі Аліна Іванаўна Крэнь. Над паштоўкаю працавала амаль месяц. Сюжэт прыдумала сама. Пакуль вызначылася канчаткова з тым, што будзе адлюстравана, многа давялося эксперыментаваць. Ва ўсім дапамагала, падказвала, раіла Аліна Іванаўна. Менавіта дзякуючы ёй, паштоўка атрымала такую высокую ацэнку прафесійнага журы.
– А даўно ты малюеш?
– Гэта – маё захапленне, якому ўжо некалькі гадоў. Але я малюю не фарбамі і пэндзлем. Гэта раблю на камп’ютары з дапамогаю “мышкі” і спецыяльнай праграмы. Інфарматыка ў мяне была любімым школьным прадметам. Тэхніка выканання конкурснай работы – камп’ютарная графіка. Над паштоўкай працавала на факультатыўных занятках “Асновы растравай графікі. Рэдактар Adobe Photoshop”. Наогул факультатыўныя заняткі па інфарматыцы наведвала 2 гады. Яны многае мне далі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: паштоўка-пераможца, якая ў абласным конкурсе атрымала дыплом ІІІ ступені; Галіна Мішчук з узнагародамі ад прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Брэсцкай вобласці і Аліна Крэнь, настаўніца інфарматыкі СШ №1.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий