НАСТРОЙ — НА ВЫСОКУЮ НОТУ

Прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка па­ставіў перад аграрыямі рэспублікі задачу: у кожным сельгаспрадпрыемстве мадэрнізаваць ці рэканструяваць старую ферму пад сучасную. У нашым раёне такая задача стаіць перад 10 гаспадаркамі. На нядаўняй рабочай нарадзе ў райвыканкаме з кіраўнікамі сельгасарганізацый абмеркавана, як пачынае рэалізоўвацца гэтая праграма. Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч адзначыў, у прыватнасці, што кантроль за работай усіх гаспадарак будзе весціся пастаянны: справаздачы аб выкананых работах у райвыканкам неабходна будзе прадастаўляць падэкадна, райвыканкам, у сваю чаргу, кожную пятніцу будзе паведамляць пра выкананне праграмы рэканструкцыі ферм у аблвыканкам.
У СВК “Макраны” работы па мадэрнізацыі пачаты на ферме ў в. Новыя Боркі. Згодна з планам рэканструкцыі тут будуць будынкі для бяспрывязнага ўтрымання жывёлы, сухастойны цэх, даільная зала.
— Вядома, — гаворыць кіраўнік сельгаскааператыва Леанід Селех, — новыя фермы будаваць трэба, каб быў рух наперад, але рэканструкцыя абыдзецца ў дзясяткі разоў танней. Скажам, на ўвесь аб’ём будаўнічых работ, якія нам трэба выканаць, неабходна 600 мільёнаў рублёў. Гэта ўсё роўна намнога танней, чым будаваць новую ферму.
Пабудаваная ў 80-ыя гады ферма ў в. Новыя Боркі добра захавалася: ёсць дах, сцены. У будынках трэба выканаць толькі ўнутраныя работы, устанавіць у іх неабходнае абсталяванне. Захавалася тут і ўся інфраструктура. Дарэчы, адзін будынак для бяспрывязнага ўтрымання жывёлы гатовы ўжо, адрамантаваны некаторыя бытавыя памяшканні.
Другая справа – даіль­ная зала. Яна каштуе звыш трох мільярдаў рублёў. Але ж затраты, лічыць Леанід Міхайлавіч, павінны хутка акупіцца. Вопытны гаспадарнік тут жа падлічыў: цяпер на ферме заняты 8 даярак, з уводам новай даільнай залы іх колькасць скараціцца ў 2 разы. А калі іх будзе менш, а малака больш, з’явіцца магчымасць павысіць аператарам машыннага даення зарплату, што будзе добрым стымулам для атрымання малака экстра-класа, закупачная цана на якое значна вышэйшая. Бо грошы не атрымліваюць, іх трэба зарабляць.
Што ж датычыцца вытвор­часці якаснага малака ў СВК “Макраны”, варта адзначыць: пры агульным правале яго вытворчасці ў мінулым годзе (на карову тут “недабралі” 650 кілаграмаў у параўнанні з 2010 годам, калі быў зроблены значны рывок), летась гаспадарка прадала 75% малака вышэйшым гатункам. А гэта амаль у 2 разы больш. Вырасла і таварнасць малака, якая склала 89%. Экстра-класам прадалі ўсяго 46 тон.
— Мізер, вядома, аднак ужо гэта прымусіла нашых жывёлаводаў змяніць свае светапогляды на атрыманне экстракласнага малака, — гаварыў Леанід Міхайлавіч. – Таму ў 2012 годзе мы паставілі перад сабой задачу – 30% малака рэалізаваць экстра-класам. І многага для гэтага не трэба: адказныя адносіны самой даяркі (як яна падмые вымя), ветспецыялістаў (як яны падрыхтуюць дызрастворы), ну і чысціня стойлавага месца для каровы.
Прычын спаду вытвор­часці малака летась у гаспадарцы некалькі. І Леанід Селех, і галоўны заатэхнік Іван Сарачук галоўную з іх бачаць у пагоршанай кармавой базе. Восенню, калі ўбіралі кукурузу на сілас, палі былі надта падтопленыя. Удалося нарыхтаваць толькі 6 тысяч тон такога корму, што вельмі недастаткова. І на зімоўку было назапашана толькі 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Меншым быў і выхад цялят на 100 кароў. Летась ён склаў толькі 84 галавы. А ялавасць, як вядома, асноўная прычына недабору малака. А яшчэ і чалавечы фактар адбіўся. Загадчыца фермы пайшла ў дэкрэтны водпуск, на ферме памянялася нямала даярак.
Аднак і кіраўніцтва гаспадаркі, і спецыя­лісты прыклалі няма­ла намаганняў, каб сітуацыю стабілізаваць. Падабралі загадчыцу з ліку даярак – Вольгу Багінскую, старанную і адказную работніцу. Укамплектавалі ферму аператарамі машыннага даення. І пачатак года, як гаварыў Леанід Міхайлавіч, паказаў, што змаглі пера­адолець адставанне. Цяпер сярэднясутачныя надоі складаюць 13 кілаграмаў, а на ферме Новыя Боркі – 14. Калектыў гэты настроены на высокую ноту, а рэканструяваная ферма павінна ўзняць развіццё жывёлагадоўлі на новую прыступку.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: даяркі фермы в. Новыя Боркі Наталля ШЭЛЕГ, Надзея БУШЧУК, Наталля СЕМЯНЮК, Ала МАКАРЧУК, Галіна БОНДАР і Таццяна ЛІТВІНЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!