Падарылi дзецям свята

У калектыве Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы склалася добрая традыцыя на пачатку года наведваць раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Вось і сёлета супрацоўнікі аддзялення капітан міліцыі Аляксей Каляда, лейтэнант міліцыі Андрэй Луцык і спецыяліст па кадрах Надзея Лышчык прыйшлі да хлопчыкаў і дзяўчынак, а ў Цэнтры зай­маецца больш за 40 дзяцей з рознымі праблемамі псіхафізічнага развіцця, са сваімі падарункамі. Прынеслі яны дзецям развіваючыя цацкі і гульні, сродкі на набыццё якіх, аб’явіўшы дабрачынную акцыю, сабралі ў калектыве аддзялення Дэпартамента аховы. А Аляксей Каляда асабіста ад сябе перадаў Цэнтру мяккія цацкі.
З падарункамі прыйшлі да дзяцей і прадстаўнікі сястрынства пры Маларыцкай Свята-Мікалаеўскай царкве. Яны таксама прынеслі хлопчыкам і дзяўчынкам цацкі, ласункі, а яшчэ перадалі Цэнтру праваслаўную літаратуру.
***
Прыемным сюрпрызам для Васіля Каламійца з вёскі Замшаны, Хрысціны Гаргун, Дзмітрыя Анішчука, Вольгі Чырук з вёскі Лукава, Яўгена Касянюка, Ірыны Дамброўскай з вёскі Ляхаўцы і многіх іншых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пакутуюць ад цяжкіх хвароб і абмежаваны ў сваіх фізічных магчымасцях, стаў прыезд да іх дамоў нечаканых гасцей з падарункамі. Гэтымі гасцямі былі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ААТ “Маларыцкі кансервавагародніна­сушыльны камбінат”. Яны прывезлі дзецям наборы сокаў, ласункі і садавіну – гасцінцы ад добрых, чулых людзей. Сабраць падарункі дапамаглі упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якое арганізавала дабрачынную акцыю, калектыў кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Маларыцкае райспажыўтаварыства, а таксама дырэктар ПГУП “Экзотык-фрут” Ганна Фёдарава, якая перадала дзецям цукеркі і садавіну, і маларытчанін Аляксей Крываблоцкі, які падзяліўся вырашчанымі ў сваім са­дзе яблыкамі.
Дзеці сустракалі гасцей шчырымі ўсмешкамі, якія былі, безумоўна, самай вялікай падзякай за дабрачыннасць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час уручэння падарункаў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!