«Экалогія барсука..» Лепшыя ў вобласці навукоўцы з Маларыцкага раёна

З узнагародамі вярнуліся юныя на­вукоўцы Маларытчыны са штогадовага абласнога конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў “З навукай у будучае”. Па выніках ін­тэ­лектуальнага спаборніцтва ў скарбон­цы дасягненняў –  чатыры дыпломы.

На завочны этап  абласнога конкурсу было заяўлена 307 даследаванняў,  з іх 174 прайшлі на вочны этап, які нядаўна адбыўся  на базе СШ №3 г.Бяроза. Работа канферэнцыі была арганізавана ў 14 секцыях. Даследаванні юных навукоўцаў ацэньвала кампетэнтнае журы з ліку  кандыдатаў навук Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Дыпломам І ступені ўзнагароджана даследаванне вучняў 9 класа Ланской СШ Святланы Нушчык і Максіма Алесіка. Яны пад кіраўніцтвам настаўніка Дзяніса Піпко падрыхтавалі работу “Экалогія барсука звычайнага ў Маларыцкім раёне” ў секцыі “Біялогія”. Прадстаўляла і абараняла  даследаванне падчас правядзення канферэнцыі Святлана Нушчык.

У секцыі “Матэматыка” дыпломам ІІІ сту­пені адзначана работа “Прымяненне тэарэмы Менелая для рашэння задач” вучаніцы 10 класа Олтушскай СШ Надзеі Дземядзюк, якая падрыхтавала яе пад кіраўніцтвам настаўніцы Галіны Морскай. Дыпломам ІІІ ступені журы ўзнагародзіла работу вучня 10 класа СШ №1 Дзмітрыя Самасюка. Ён пад кіраўніцтвам настаўніцы Юліі Касцевіч у секцыі “Гісторыка-культурная спадчына і сучаснасць” прадставіў журы даследаванне “Цэрквы Маларыцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Дыпломам ІІІ ступені таксама адзначана работа вучняў 10 класа Ляхавецкага д/с-СШ Антона Качанкі і Дзмітрыя Бурштына ў секцыі “Фізіка і астраномія”. Даследаванне  “Вызначэнне радыуса Зямлі з выкарыстаннем  гаджэтаў” юныя навукоўцы падрыхтавалі пад кіраўніцтвам настаўніка Івана Кульбеды.

           Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!