Раённая бібліятэка распачала інтэрнэт-праект “Вёскі Маларытчыны”

Краязнаўства з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у рабоце Маларыцкай раённай бібліятэкі.

Па словах загадчыцы аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіны Кучынай, бібліятэчнае краязнаўства ставіць мэты выявіць, сабраць, захаваць і даць у карыстанне чытачам мясцовыя матэрыялы ў розных аспектах. Краязнаўства цяпер з’яўляецца своеасаб­лівай школай адкрыцця і вывучэння  роднага краю, яго культуры i традыцый. Між  іншым,  у апошні час назіраецца павышэнне цікавасці да пытанняў, звязаных з родным краем, яго гісторыяй.

Для чытачоў раённая бібліятэка арганізуе і праводзіць шмат розных мерапрыемстваў. У апошні час  многія сабраныя і апрацаваныя матэрыялы, звязаныя з краязнаўствам,  бібліятэка пераносіць у інтэрнэт. Тым самым пашыраецца іх даступнасць і кола карыстальнікаў.

Днямі раённая біблія­тэка распачала новы краязнаўчы інтэрнэт-праект “Вёскі Маларытчыны”,  які можна знайсці на сайце раённай біблія­тэкі. На галоўнай яго ста­ронцы размешчаны спіс усіх населеных пунктаў раёна ў алфа­вітным парадку. Пра кожную вёску падаецца  яе геаграфічнае месцазнаходжанне, невялікі гістарычны экскурс, пералічваюцца аб’екты сацыяльна-культурнага і бытавога  прызначэння, пазначаецца колькасць жыхароў, якія пражывалі ў мінулым годзе. У некаторых  артыкулах змяшчаецца інфармацыя пра пахо­джанне назвы населенага пункта. Праект “Вёскі Маларытчыны” з цягам часу будзе папаўняцца і фотаздымкамі,  звесткамі пра падзеі,  якія адбыліся ў населеным пункце.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!