Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама

Агульны вынік быў бы лепшым…
За мінулы год раён выканаў 8 з 17 прагнозных паказчыкаў. Пра гэта паведаміў, дакладваючы аб выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2011 год, намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка. Рэнтабельнасць продажу ў сельгасарганізацыях склала 7% пры прагнозе 4%, выручка ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг – 142,8% пры запланаваным паказчыку 125%. Такі рост, як адзначаў Эдуард Кандзярэшка, дасягнуты, дзякуючы добрай рабоце прамысловасці, якая аб’ём вытворчасці прадукцыі павялічыла на 66%. Рознічны тавараабарот склаў 128,1% пры прагнозе 110,5%. Выкананы прагнозны паказчык па энергазберажэнні. Ніжэй заданняў спрацаваў раён па такіх асноўных паказчыках, як валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – 105,1% пры прагнозе 110%, будаўніча-мантажныя работы – 72,2% пры прагнозе 75,1%. Менш надоена малака на карову, зніжаны сярэднераённы паказчык па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе жывёлы. Работу СВК “Макраны” і “Ляхаўцы” старшыня райвыканкама Казімір Лапіч назваў правальнай па ўсіх асноўных паказчыках, дзяржаўнага прадпрыемства “Радзежскае” – па шэрагу асноўных паказчыкаў, СВК “Рыта” – па прыбаўленнях у вазе жывёлы. Агульны вынік быў бы лепшым, калі б кожная гаспадарка з першых дзён года аналізавала вынікі сваёй работы. Бо без нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі не можа станоўча развівацца эканоміка. Таму пралікаў сёлета нельга паўтараць, запыт з кіраўнікоў будзе больш строгі. Тым больш, як падкрэсліваў начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч, у сельскай гаспадарцы ёсць яшчэ рэсурсы працаваць лепш. На пасяджэнні былі заслуханы кіраўнікі СВК “Макраны”, “Ляхаўцы”, “Рыта”, “Ланская”, “Гвозніца” Леанід Селех, Валянцін Якімук, Іван Пастушак, Аляксандр Бойка, Іван Цымбаліст наконт таго, якія рэзервы будуць задзейнічаны сёлета, каб паправіць сітуацыю. Прыняты да ведама іх запэўніванні па забеспячэнню выканання прагнозных паказчыкаў вытворчасці валавой прадукцыі на 2012 год.
На пасяджэнні абмеркаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2012 год.
Прафілактыка правапарушэнняў пад асобым кантролем
Як адзначыў у сваёй інфармацыі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны пры абмеркаванні пытання “Аб прымаемых суб’ектамі мерах па выкананню патрабавання Закона РБ “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і выкананні мерапрыемстваў па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на тэрыторыі раёна за 2011 год”, гэтай тэме, як, напэўна, ніякай іншай, надаецца асобае значэнне.
Аказваць уплыў на стан крымінагеннай абстаноўкі, акрамя праваахоўных органаў, павінны ўсе дзяржаўныя інстытуты. Дзякуючы актыўнай і ўзгодненай рабоце іх, на тэрыторыі раёна ўдалося летась дабіцца зніжэння ўзроўню злачыннасці, забяспечыць эфектыўны ўдзел суб’ектаў прафілактыкі ў папярэджанні правапарушэнняў. Колькасць злачынстваў, учыненых нецвярозымі асобамі, знізілася з 80 да 68. Менш пераступалі закон непаўналетнія і асобы з нязнятай і непагашанай судзімасцю. Значную ролю, па словах Вадзіма Шпетнага, адыгрываюць у прафілактыцы правапарушэнняў сістэмы відэаназірання, якіх на сённяшні дзень у раёне ўстаноўлена 17. Летась 3 такія сістэмы ўстаноўлены ў СВК “Чарняны” і прыватным унітарным прадпрыемстве “Ваяж-эфект”. Сёлета, як вырашана на пасяджэнні, сістэма відэаназірання будзе ўстаноўлена на гарадской плошчы, дзе найбольш часта праводзяцца раённыя і гарадскія масавыя мерапрыемствы.
Не выпадкова пытанням прафілактыкі правапарушэнняў надаецца асобая ўвага і знаходзяцца яны пад пастаянным кантролем. Яшчэ трывожыць сітуацыя, калі людзі пакідаюць жыццё па прычыне атручвання алкаголем – летась такіх выпадкаў было 9, калі ў нецвярозым стане гінуць на пажарах – 4, калі расце злачыннасць у адносінах да грамадзян пажылога ўзросту — у мінулым годзе яна павялічылася ў параўнанні з папярэднім з 16 да 28 выпадкаў. Найбольшая колькасць злачынстваў грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення ўчынена ў Маларыце (24), на тэрыторыях Велікарыцкага, Арэхаўскага, Макранскага сельсаветаў. Таму ў рабоце па забеспячэнню правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў патрабуюцца дадатковыя арганізацыйныя і практычныя меры, пра што запісана ў рашэнні па гэтым пытанні.
Дыпломы за ахову працы
Разгледжана пытанне аб выніках правядзення штогадовага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Сяргей Хатынюк расказаў, што летась у раёне на стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць захаванне жыцця і здароўя работнікаў, прафілактыку вытворчага траўматызму і г.д., зрасходавана больш за 2 мільярды рублёў. Больш чым па 400 тысяч рублёў на 1 работніка па дасягненню бяспечных умоў працы затрачана на ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”, СВК “Дарапеевічы”, ДРБУ-179, СВК “Рыта”. Першае месца, па выніках конкурсу, прысуджана кансервавагароднінасушыльнаму камбінату, другое – райаграпрамтэхніцы, трэцяе – СВК “Дарапеевічы”. Кіраўнік раёна Казімір Лапіч уручыў кіраўнікам гэтых прадпрыемстваў Дыпломы райвыканкама. Адзначана таксама мэтанакіраваная работа па стварэнню належных умоў працы ў СВК “Рыта”, СВК “Макраны” і ДРБУ-179.
Па 20 крытэрыях
ацэньвала раённая камісія машынныя двары і гатоўнасць рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый для работы ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да вясенне-палявых работ 2012 года. Асноўныя крытэрыі – афармленне ўезду на тэрыторыю, санітарна-бытавыя ўмовы, наяўнасць пункта тэхабслугоўвання, утрыманне тэрыторыі, адсутнасць вытворчага траўматызму і г.д. Вынікі агляду падведзены на пасяджэнні. Найбольш балаў набраў СВК “Дарапеевічы”, які і заняў І месца. На другім месцы – СВК “Чарняны”, на трэцім – дзяржаўнае прадпрыемства “Радзежскае”. Гэтым сельгасарганіза­цыям прысуджа­ны грашовыя прэміі. Дарэчы, СВК “Дарапеевічы” заняў трэцяе месца і ў абласным спаборніцтве на лепшы машынны двор.
Станоўчая тэндэнцыя
Кіраўнік спраў райвыканкама Іван Блоцкі далажыў аб рабоце за мінулы год па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Летась у райвыканкам звярнулася 315 чалавек, што менш, чым у папярэднім годзе. Найбольшая колькасць зваротаў датычылася пытанняў работы камунальнай службы, жылля, сельскай гаспадаркі. У аблвыканкам звярнуліся 68 жыхароў раёна, што таксама менш, чым у 2010 годзе.
З 24 да 13 знізілася колькасць скаргаў, з 19 да 9 – колькасць паўторных зваротаў. Такім чынам, як адзна­чыў Іван Блоцкі, у рабоце са зваро­тамі грама­дзян намецілася ста­ноўчая тэндэнцыя. Летась 14 адказных асоб прыцягнуты да дыс­цып­лінар­най адказ­насці.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.