Аркестр – у адным чалавеку

– Мне здаецца, у мяне ніколі не ўзнікала пытання, якую абраць прафесію. Я з малых гадоў ужо ведала, што абавязкова буду, як і мама, настаўніцай музыкі, – дзялілася ў размове выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Маргарыта Мандрова.
У падрыхтоўчы клас музычнай школы Рыту запісала мама яшчэ ў пяцігадовым узросце. Дзяўчынка вельмі хацела хутчэй навучыцца іграць на фартэпіяна. Жаданне зразумелае. Ну хто з дзяцей не марыць іграць на нейкім інструменце? Але ў многіх жаданне знікае з першымі цяжкасцямі. Гэтыя цяжкасці маленькую Маргарыту не спужалі. Яна старанна авалодвала інструментам, стойка вытрымлівала па некалькі гадзін заняткаў. За восем гадоў вучобы ў музычнай школе музыка не толькі не надакучыла дзяўчыне, але і стала ўвогуле яе прызваннем. Потым былі пяць гадоў вучобы ў Брэсцкім музычным каледжы і тры гады завочнага навучання на аддзяленні музычнага мастацтва і сацыяльнай педагогікі ў Мінскім педуніверсітэце імя М.Танка.
Ужо шосты год перадае свае музычныя веды Маргарыта Мандрова сваім маленькім вучням. Работу сваю, як і ўвогуле музыку, любіць настолькі, што пасля цэлага дня заняткаў з вучнямі прыходзіць дамоў, сядае за фартэпіяна і пачынае іграць для душы.
Між іншым, фартэпіяна далёка не адзіны інструмент, якім валодае малады музыкант. Яшчэ ў час вучобы ў музычнай школе Маргарыта навучылася іграць на гітары, у час вучобы ў каледжы – на скрыпцы, іграючы ў аркестры, трэба было авалодаць балалайкай, ва ўніверсітэце яе музычным інструментам быў акардэон (між іншым навучыцца іграць на акардэоне дапамагала Маргарыце яе мама, якая працуе ў школе мастацтваў выкладчыкам па класу баяна і акардэона). Вось такі аркестр у адным чалавеку!
– А можа ёсць жаданне авалодаць яшчэ нейкім музычным інструментам? – пытаюся ў сваёй субяседніцы.
– Мне вельмі падабаецца саксафон, заўжды марыла навучыцца іграць на ім. Але, на жаль, няма такой магчымасці. Мне ўвогуле вельмі падабаецца вучыцца, набірацца новых ведаў, павышаць сваю адукацыю. Таму яшчэ ўсё магчыма, – з загадкавай усмешкай заўважае Маргарыта.
Між іншым, загадкавасць у выглядзе прыгожай і вельмі артыстычнай дзяўчыны зусім невыпадковая. Мала хто ведае, што Маргарыта не толькі добры настаўнік і таленавіты музыкант, але яшчэ і кампазітар. Адно з захапленняў дзяўчыны – сачыняць музыку. У залежнасці ад настрою, як расказвае Маргарыта, спачатку ў яе ўяўленні, потым на клавішах фартэпіяна, а затым ужо на нотным стане з’яўляюцца маленькія і вялікія п’есы, санаты, эцюды, якія , на жаль, пакуль нікому не вядомыя. Каб сачыніць музыку, лічыць Маргарыта, трэба спачатку пачуць яе ў самой сабе, потым паспець запісаць, інакш мелодыя можа знікнуць гэтак жа непрыкметна, як і прыйшла.
Прырода надзяліла Маргарыту Мандрову і прыгожым голасам. Яшчэ ў школьныя гады дзяўчына ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе “Усе мы родам з дзяцінства” і атрымала дыплом за выкананне народнай песні. Вось ужо некалькі гадоў Маргарыта з задавальненнем спявае ў вакальным ансамблі дзіцячай школы мастацтваў “Кон Брио”.
Любоў да музычнага мастацтва малады педагог перадае сваім вучням. Кожны з яе юных музыкантаў – таксама маленькі талент. Пацвярджаюць гэта дзевяць дыпломаў і грамат, якія прывезлі яе вучні з розных музычных конкурсаў. Што яшчэ раз даказвае: талент заўжды дае аснову для новага таленту.
НА ЗДЫМКУ: Маргарыта Мандрова.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

One thought on “Аркестр – у адным чалавеку

Добавить комментарий