Харавыя струны творчасці Галіны Бягезы (Маларыцкі раён)

Народны хор ветэранаў працы ГДК – адзін з самых старэйшых па часе стварэння творчых самадзейных калектываў Маларытчыны. Сваю дзейнасць ён пачаў у красавіку 1987 года.  Нязменным мастацкім кіраўніком, ідэйным натхняльнікам, рэжысёрам і сцэнарыстам песеннага  калектыву з моманту яго стварэння з’яўляецца Галіна Бягеза. Народны хор ветэранаў працы цяпер рыхтуецца да чарговага – ужо адзінаццатага – пацвярджэння высокага звання “Народны”. Ды і амаль 33 гады на сцэне – гэта таксама своеасаблівае дасягненне. За гэты час калектыў набраўся сілы, трывала стаў на ногі,  вырас у творчым плане, пасталеў прафесійна, заваяваў вядомасць і папулярнасць у гледача.

Напэўна, усяго гэтага не было б, калі б у наш раён у 1979 годзе не прыехала па размеркаванні на першае месца працы маладая, энергічная, творчая і ініцыятыўная Галіна Бягеза.

І. Вытокі творчасці –   у сям’і.

– Галіна Паўлаўна, чаму вы вырашылі звязаць жыццё са сцэнай?

–А ў мяне іншага выбару нават і не было. Яшчэ з маленства была вызначана адна дарога – стаць “артысткай”. Аб гэтым я чула пастаянна ад бабулі і дзядулі. Ды і бацькі пра гэта не раз гаварылі. Выступаць на сцэне мне заўсёды падабалася, таму і не супраціўлялася. А каб стаць “артысткай”, пачала рыхтавацца яшчэ да таго, як пайшла ў сярэднюю школу.

– Напэўна, музычную школу таксама  наведвалі?

– Не, там не вучылася ні дня. Іграць на гармоніку навучыў дзядзька… Аднак асновы ўсяго закладзены былі ў сям’і. Па лініі і маці, і бацькі ў нас усе выдатна спявалі. Маці не раз казала, што я была добрай вучаніцай: усё схоплівала на ляту. Памятаю, як разам з жанчынамі мяне бралі рваць уручную калгасны лён. За працаю спявалі народныя песні. Пачынала звычайна мая маці, а астатнія падхоплівалі. Ва ўзросце сямі гадоў я ведала на памяць і спявала столькі песень, колькі іх было ў “рэпертуары”  маёй мамы. Яна часта прасіла, каб песні першай запявала я. Вясковыя жанчыны пасля кожнай песні, прыпыняючы на момант працу, апладзіравалі,  хвалілі і таксама казалі, што маё месца – на сцэне.

Падчас вучобы ў Табульскай школе, што на Пін­шчыне,  Галіна Паўлаўна таксама заў­сёды спявала. Без яе не абы­ходзілася ні адно школьнае мерапрыемства,  дзяўчына была салісткай школьнага хору. Яе першы голас немагчыма было зблытаць з іншымі.

– У дзясятым класе я цвёрда ведала, што буду паступаць толькі ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў, каб набыць спецыяльнасць “Кіраўнік харавога калектыву”. У тым, што гэта правільны выбар, яшчэ раз пераканала перамога на раённым, а потым і абласным аглядзе-конкурсе харавога выканальніцкага майстэрства. Хор нашай школы стаў лепшым. Як яго салістка, узнагароду атрымала і я. Члены журы выказалі мне пасля творчага спаборніцтва шмат добрых слоў і таксама параілі звязаць жыццё са спевамі і сцэнай.

На уступных экзаменах Га­ліна Бягеза праспявала песню пра маму.  Выкананне кра­нула членаў камісіі, і яны паставілі максімальны бал. Вучоба дзяўчыне давалася лёгка. Галіна пастаянна сумяшчала яе з выступленнямі сольна,  дуэтам,  у хоры. Актыўны ўдзел прымала ў розных творчых конкурсах і не раз перамагала.

ІІ. На працу – на Маларытчыну.

Тры гады вучобы праляцелі хутка. З дыпломам Галіна Бягеза атрымала накіраванне ў Маларыту.

–Ніколі не чула,  не бачыла, не ведала,  дзе ж  тая Маларыта знаходзіцца. Дзеля цікавасці неабходны населены пункт знайшла на геаграфічнай кар­­це. Радавала тое, што гэта горад. Сябе суцешыла тым, што недалёка ад Брэста.

Перад уваходам у кабінет загадчыка аддзела культуры Сямёна Кавенькі трошкі пастаяла, а пасля набралася смеласці,  пастукала і ўвайшла. Сямён Іванавіч сустрэў ветліва, з усмешкай і прапанаваў пасаду дырэктара Чарнянскага ДК. На першае месца працы ехала з добрым настроем і ўпэўненасцю, што ўсё атрымаецца.

У Галіны Паўлаўны са­праўды ўсё складвалася добра. Яе першыя крокі ў Чарнянах былі скіраваны на правядзенне розных мерапрыемстваў для вяскоўцаў: вусныя часопісы, тэматычныя вечары і агеньчыкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. У мясцовым ДК заўсёды было шматлюдна. Адначасова дзяў­чына ўладкавалася на працу ў мясцовую музычную школу, дзе вучыла дзяцей іграць на баяне. Разам з выкладчыкамі гэтай установы адукацыі пры ДК Галіна Бягеза стварыла вакальна-інструментальны ансамбль, затым – дзіцячы калектыў і вакальную жаночую групу з ліку працоўнай моладзі. Маладога і творчага спецыяліста хутка заўважылі ў “раёне” і праз паўтара года прапанавалі пасаду мастацкага кіраўніка ў ГДК.

На новым месцы працы Галіна Паўлаўна неў­за­баве стварыла вакальны жаночы ансамбль, у склад якога ўвайшлі  спецыялісты ГДК і раённай бібліятэкі. Тыя, ка­му даводзілася чуць песні ў выкананні гэтага калектыву, не маглі не здзіўляцца пры­гажосці гучання, высокаму май­стэрству, не зачаравацца крыштальна-чыстымі галасамі выканаўцаў. Пазней Галіна Бягеза  стала кіраваць раённым хорам настаўнікаў сярэдніх устаноў адукацыі Маларытчыны.  Калектыў быў вядомы не толькі ў раёне. Сваімі выступленнямі ён радаваў слухачоў Кобрына, Брэста, Ратна, Ковеля.

–Некалькі гадоў працавала з харавым калектывам з ліку навучэнцаў ПТВ-155, – гаворыць Галіна Паўлаўна. – Вынікам гэтай работы ста­лі шматлікія перамогі ў аб­ласных аглядах-конкурсах і фестывалях сярод на­вучэнцаў прафтэхадукацыі. Своеасаблівай аддушынай  стала стварэнне на базе СШ №1 дзіцячай фальклорнай групы і ансамбля лыжачнікаў. У 80-я гады  ў ГДК дзейнічаў фальклорны калектыў з аматараў мастацкай самадзейнасці. Прыхільнікам  народнай песні і танца падабалася кожнае выступленне гэтага новага ка­лектыву. Канцэрты гледа­чам запомніліся яркімі і ары­гінальнымі народнымі кас­цюмамі, якія набываліся ў жы­хароў Замшан, Ляхаўцаў, Збуража.

Шмат уражанняў і эмоцый пакінула ў Галіны Бягезы пра­ца ў харавых калектывах вёсак Гвозніца і Олтуш. На рэпетыцыі даводзілася дабірацца ўвечары. Песні, якія ліліся з глыбіні душы падчас выступлення, радавалі гледачоў.

–Вельмі цікавай была мая праца ў фальклорным калектыве в. Радзеж. На першую рэпетыцыю прыйшлі прыгожа апранутыя жанчыны. Яны трошкі бянтэжыліся і саромеліся спяваць, бо хоць раней і спявалі, але ў вузкім коле: на вяселлях ці ў гасцях. А тут трэба было выступаць на вялікай сцэне. Пазней прыйшла вядомасць і павага. Затым калгас пашыў сцэнічныя касцюмы. У радасць стала кожная рэпетыцыя і выступленне на сцэне.

У васьмідзясятыя гады на Ма­ларытчыне з мэтаю раз­віцця самадзейнай  народнай твор­часці і для выяўлення новых талентаў стала традыцыйным правядзенне шматжанравых аглядаў-конкурсаў з удзелам калгасаў,  арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна. Галіна Бягеза займалася падрыхтоўкай многіх ха­равых калектываў да выступлення. Напрыклад, пад яе кіраўніцтвам да творчага спа­борніцтва рыхтаваліся харавыя калектывы  педагогаў СШ № 2 і №3, выкладчыкаў ПТВ-155, райсельгастэхнікі, камбіната бытавога абслу­гоўвання насельніцтва, ДЭУ-179, рай­бальніцы, райс­па­жыўтаварыства.

Важнай падзеяй ў культурным жыцці раёна стала стварэнне ў 1989 годзе адзінага ў той час на Брэстчыне  вучэбнага хору з ліку работнікаў культуры. У 2001 годзе за высокае  выканальніцкае майстэрства, творчае развіццё нацыянальных культур калектыў атрымаў званне “Народны самадзейны калектыў”. Яго Галіна Бягеза ўзначальвала 15 гадоў. А пасля на працягу дзесяці гадоў яна была дырэктарам ГДК, адначасова шмат гадоў з’яўлялася кіраўніком клуба “Надзея” для ветэранаў вайны, пажылых людзей і інвалідаў.

Што б ні стварала Галі­на Бя­геза, усё атрым­лівалася  свое­асаблівым, уні­кальным і за­памінальным. Свед­чаннем гэ­таму — дзіцячы фаль­клорны калектыў “Вытокі”, які пачаў дзейнічаць у 2004 годзе на базе СШ №2. Ён займаўся  зборам,  апрацоўкай і прапагандай фальклору Маларытчыны. Ка­лектыў стаў шматразовым пераможцам раённых і абласных фес­тываляў фальклорнага майстэрства “Радавод”,  прызёрам абласных дзіцячых навукова-практычных канферэнцый “Фальклорная спадчына” і “Спадчына беларусаў”. У скарбонцы дасягненняў “Вы­токаў” – і дыплом першай ступені ў намінацыі “Лепшы фальклорны калектыў” Брэсцкай вобласці.

ІІІ. Яе народны хор ветэранаў.

 –Галіна Паўлаўна, як быў створаны  народны хор ве­тэ­ранаў?    

–Усё  пачалося з гуртка, які аб’ядноўваў ветэранаў вайны. А   ідэя стварэння хору належыць раённаму савету ветэранаў, які тады ўзначальвала Тамара Мікалаеўна Феафілава. Яе падтрымалі тагачасны сакратар райкама партыі Галіна Лаўрэнцьеўна Украінец, былы загадчык аддзела культуры райвыканкама Васіль Сяргеевіч Тарасюк,  мясцовая актывістка мастацкай самадзейнасці Га­ліна Рыгораўна Андрыішына. Кіраваць хорам было прапанавана мне. Я згадзілася. І пайшлі па адрасах паштоўкі, якія запрашалі ветэранаў на першую рэпетыцыю. На яе прыйшло 17 мужчын і 25 жанчын. Усе – удзельнікі вайны. Хто партызаніў, хто ваяваў на франтах, хто быў вязнем фашысцкай Германіі. Першае выступленне адбылося ў лістападзе 1987 года і было прысвечана  гадавіне Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Хор не раз выклікалі на “біс”. Гэта надало сілы,  натхнення, стала штуршком для далейшай працы, творчых пошукаў.  

Цяпер у назве “Хор ве­тэранаў вайны” апошняе слова заменена на сло­ва “працы”. У хоры на сён­няшні дзень спявае дваццаць чалавек, якім па 60-75 га­доў. Некаторыя пакідаюць калектыў па стану здароўя. На змену ім прыходзяць іншыя, не менш таленавітыя і галасістыя жанчыны і мужчыны. За час існавання  народны хор ветэранаў поўнасцю абнавіўся ўжо пяць разоў. Аднак калектыў па-ранейшаму радуе гледачоў сваёй творчасцю, нязменна дэманструе высокае выканальніцкае май­стэрства і заваёўвае ўз­нагароды. У ліку дасягненняў – дыплом лаўрэата ХІV рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ве­тэранскіх калектываў “Не ста­рэюць душой ветэраны”, дыплом І ступені і граматы  на абласным туры гэтага ж творчага спаборніцтва, дыпломы ІХ-ХІІ абласных фестываляў творчасці  ветэранаў “Неспакойныя сэрцы”. Калектыў таксама стаў пераможцам занальнага агляду-конкурсу “Ляці, наша песня”, абласнога свята “Табе мае песні, Белая Русь” і інш.

– Калі б можна было вярнуць гады назад і мне прапанавалі выбраць па-новаму свой жыццёвы шлях, то я, не задумваючыся, зноў пайшла б у культуру працаваць, — адзначае Галіна  Бягеза. — Народны хор ветэранаў імкнецца ісці ў нагу з часам. Канчатковай задаволенасці ў творчай рабоце ніколі,  напэўна,  не бывае. Заўсёды хочацца чагосьці боль­шага. Песня надае сілы, з’яўляецца жыццёвым стымулам і для мяне асабіста, і для маіх харыстаў.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!