“Мастаком ты можаш і не быць…”

— Магчыма, калі-небудзь убачым тваё прозвішча ў ліку вядомых прафесійных мастакоў краіны, — зрабіла здагадку, размаўляючы з вучнем 11 класа Чарнянскай СШ Якавам Дзягцярыкам, які неаднойчы выходзіў пераможцам у конкурсах на лепшы малюнак і плакат.
— Наўрад ці, — паспяшаўся адказаць ён, — мне больш падабаецца маляваць проста для свайго задавальнення.
Заўважыўшы ў сына здольнасці да малявання, бацька Якава пасля чацвёртага класа вырашыў аддаць сына ў Мінскую гімназію-каледж мастацтваў. Так вясковы хлопец з Чарнян апынуўся ў сталіцы. Чатыры гады навучання на аддзяленні скульптуры далі для ўдасканалення мастацкага таленту многае. Па-першае, Якаў навучыўся працаваць з глінай, дрэвам і нават камнем, па-другое, зусім па-іншаму паглядзеў на жывапіс. Дапамагло ў гэтым вывучэнне многіх важных для мастацтва дысцыплін, такіх, як анатомія, перспектыва, а яшчэ наведанне музеяў і мастацкіх выстаў, знаёмства з творчасцю знакамітых мастакоў. Хто ведае, магчыма, юнак зрабіў бы да гэтага часу значныя крокі ў выяўленчым мастацтве, калі б не злы выпадак. Якаў трапіў у аварыю. Пасля працяглага лячэння ён вярнуўся дамоў, у вёску Горы, і вось ужо трэці год зноў вучыцца ў Чарнянскай школе.
З усіх відаў мастацтва самае вялікае прыцяжэнне адчувае Якаў да графікі, хоць, між іншым, маляваць алоўкам больш цяжка, чым фарбамі. Асабліва цікавіць юнака партрэтная графіка. Не раз па просьбе сяброў, аднакласнікаў даводзілася яму маляваць партрэты. А вось проста для свайго задавальнення Якаў часцей за ўсё малюе фантастыку, адлюстроўваючы на паперы свае мастацкія фантазіі.
— Калі на конкурс патрэбны нейкі малюнак, дастаткова толькі сказаць Якаву, і ён тут-жа ахвотна сядае за работу, — расказваў пра юнага мастака дырэктар Чарнянскай СШ Анатоль Ніканчук. – Аднойчы давялося назіраць, як Якаў малюе. За некалькі хвілін на вялікім аркушы паперы з’явіліся эскізы дамоў, дарог, яшчэ праз некаторы час праявіліся цэлыя вуліцы, па якіх ужо імчаліся машыны. Тое, што іншы не зможа намаляваць і за тыдзень, Якаў намаляваў усяго за гадзіну.
І ўсё ж для такога занятку, як мастацтва, патрэбны час. А яго ў заўтрашняга выпускніка школы, вядома ж, не хапае. Вось і даводзіцца сваё захапленне пакуль адкладваць убок.
— Цяпер я больш думаю пра тое, як падрыхтавацца да экзаменаў. А потым трэба паслужыць у арміі, бо для мужчыны, лічу, гэта справа гонару. — дзяліўся ў размове Якаў.
— А як жа паступленне?
— Буду спрабаваць паступаць у ВНУ, на гістарычны факультэт.
— А з мастацтвам жыццё звязаць не хацелася б? Набыць, да прыкладу, папулярную на сённяшні дзень прафесію дызайнера? – пацікавілася ў юнака.
— Дызайнераў цяпер шмат. А мне б не хацелася растварыцца ў шэрай масе, — не раздумваючы, адказаў ён. І дадаў, што мастацкі талент для яго – проста захапленне, якое застанецца на ўсё жыццё.
НА ЗДЫМКУ: Якаў Дзягцярык.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.