“Страшнае рэха вайны, як Свінорыя стала Хмялёўкай і настаўніцкай дынастыі больш за 300 гадоў” Мікалай і Людміла Піпко (Маларыцкі раён)
75 гадоў спаўняецца сёлета з дня Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Для гісторыі гэта невялікі прамежак часу, а для асобнага чалавека – цэлае жыццё.
Страшнае рэха вайны гучыць і праз дзесяцігоддзі, нясцерпным болем аддаючыся ў душы і сэрцы Мікалая Цімафеевіча і яго жонкі Людмілы Паўлаўны Піпко, якія пражываюць у вёсцы Хмялёўка. Мікалаю Цімафеевічу – 83 гады, Людміла Паўлаўна на адзін год старэйшая за свайго мужа. Яны пражылі цяжкае і ў той жа момант шчаслівае жыццё. Іх дзяцінства апаліла сваім подыхам вайна, а юнацтва прыпала на гады пасляваеннай разрухі, холаду і голаду. Яны не проста выжылі, сталі на ногі, але і заснавалі знакамітую не толькі на Маларытчыне дынастыю настаўнікаў сям’і Піпко, агульны стаж якой налічвае больш за трыста гадоў. Тры пакаленні настаўнікаў выхавалі Мікалай Цімафеевіч і Людміла Паўлаўна. Ён 40 гадоў настаўнічаў у Хмялёўскай базавай школе, выкладаючы працоўнае навучанне і фізічнае выхаванне, а яна 45 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў.
Як Свынорыя стала Хмялёўкай
Мікалай Піпко нарадзіўся і ўсё сваё жыццё прысвяціў роднай Хмялёўцы. Дарэчы, такі цікавы факт: як расказаў былы настаўнік, яго прапрадзед быў адным з заснавальнікаў вёскі. Здарылася гэтая гісторыя недзе ў васямнаццатым стагоддзі. За ўчынены бунт арэхаўскі пан выслаў дзве сям’і на пастаяннае месца жыхарства ў глухі лес, вакол якога ляжала непраходная багна. Побач – ні адной жывой душы.
Толькі дзікі сябе вольна тут адчувалі, рыючы зямлю ў пошуках жалудоў пад раскідзістымі кронамі старасвецкіх дубоў. Урочышча, дзе пасяліліся высланыя панам сяляне, так і называлася – Свынорыя. Распрацаваў прапрадзед Мікалая Цімафеевіча зямлю, адбудаваў сядзібу і, займаючыся спрадвечнымі вясковымі клопатамі, зажыў сабе паціху, гадуючы разам з жонкай 12 дзяўчынак. А за кожнай патрэбна было даць пасаг – ладны кавалак зямлі. Не ляніўся, раскарчоўваючы новыя надзелы, Фядос Пархамук. Неўзабаве дочкі адна за другой пачалі выходзіць замуж і заставаліся жыць ля бацькоў. Так, акрамя Пархамукоў, з’явіліся прозвішчы Максімук, Сай, Піпко, Хатынюк. З цягам часу і вёску пачалі называць Хмялёўкай.
– Яшчэ старыя людзі расказвалі, што ў ваколіцах расло вельмі многа хмелю, – гаворыць Мікалай Цімафеевіч, – які выкарыстоўвалі ў лекавых мэтах, робячы адвары і разнастайныя настойкі. Хмель і зараз расце ў гэтых месцах, а вось тых дубоў амаль не засталося, ды і дзікоў зараз не часта тут убачыш.
Жылі хмялёўцы дружна, пакуль іх мірнае існаванне не парушыла Першая сусветнаая вайна. Уцякаючы ад яе жахаў, многія падаліся ў бежанцы. Паехаў у свет за землякамі і дзядуля Мікалая Цімафеевіча. Пэўны час жыў у Тамбоўскай вобласці, але потым усё ж такі вярнуўся на сваю малую радзіму.
Вярэдзяць душу ўспаміны
Успаміны дзяцінства самыя яркія і ўражлівыя. Дарослы чалавек можа забыцца, што было мінулым або пазамінулым летам ці восенню, а падзеі, што адбываліся ў маленстве, не выкрасліць з памяці нават праз гады. Не даюць спакою Мікалаю Цімафеевічу, вярэдзяць душу, прымушаючы часцей біцца сэрца, малюнкі далёкага мінулага.
Восень, 1939 год. І дарослыя, і дзеці высыпалі на вуліцу. У самым пачатку вёскі нехта ўкапаў два слупы і павесіў лозунг з надпісам: “Да здравствует Красная Армия! Гордость нашего села!”.
– У бацькі была вялікая дыхтоўная хата, – узгадвае Мікалай Цімафеевіч. – І чырвонаармейцы ў нас праводзілі сход. Памятаю, як адзін салдат падарыў мне будзёнаўку. Колькі разоў выратоўвала яна мяне ад халадоў ды марозаў, калі хаваліся па лесе ды балоце ад акупантаў. Праўда, абачлівая матуля зафарбавала зорачку на шапцы, каб не здарылася якой-небудзь недарэчнасці.
І нават калі праз столькі гадоў мужчына ўзгадвае Вялікую Айчынную вайну, у яго на вачах з’яўляюцца здрадлівыя слёзы. Першыя дні вайны, бясконцая бамбёжка і кананада, разгубленыя, разбітыя часці Чырвонай Арміі, якія адступалі на ўсход, прабіраючыся праз балоты, падбіты на ўскрайку Радзежа савецкі танк і экіпаж, які да апошняй хвіліны не здаваўся ў рукі нацыстаў, спяваючы «Інтэрнацыянал»… Здаецца, што было гэта ўсё толькі нядаўна.
– Забыцца на жахі вайны немагчыма, – разважае Мікалай Цімафеевіч. – Акупацыя – жудаснае слова, напоўненае подыхам смерці, крывёю і слязьмі дзяцей, мацярок ды старых. Першы час немцы зрэдку наведваліся ў нашу вёску, гаспадарылі найперш паліцаі з суседняга Радзежа. Былі ўстаноўлены нямецкія парадкі. Усе, хто здужаў нешта рабіць, павінны былі хадзіць на працу. У асноўным высякалі лес, які вазілі на чыгуначную станцыю Дубіца або ў Маларыту і адпраўлялі ў Нямеччыну. Маладых хлопцаў пагналі ў Брэст, дзе яны працавалі на нейкім заводзе. Ведаю, што 6 маіх землякоў вывезлі ў Германію на прымусовыя работы. Яшчэ да вайны ў нас была створана камсамольская пярвічка, у якую ўваходзілі актывісты Павел Максімук, Пётр Мелянчук, Каліна Мелянчук, Міхаіл Мелянчук, Аляксандр Хатынюк, Мікалай Кручок, Іван Шульжык, Іван Супрунюк. Пазней хлопцы пайшлі ў партызанскі атрад альбо сталі сувязнымі.
Міікалай Цімафеевіч прыгадаў, што ў першыя дні вайны яго бацька знайшоў у лесе параненага савецкага салдата, які ўцёк з нямецкага палону. Салдата сям’я схавала на хутары. Потым, калі там заставацца стала небяспечна, таму што пра гэта даведаліся паліцаі і рыхтаваліся да аблавы, чырвонаармейца адправілі да партызан, даўшы ў дарогу ежы. На жаль, Мікалай Цімафеевіч не памятае ні імя, ні прозвішча мужчыны. Забягаючы крыху наперад, хочацца адзначыць, што пры вызваленні Маларыцкага раёна гэты салдат, які тады камандаваў конным узводам, знайшоў хату Цімафея Піпко.
– Памятаю, як незнаёмы чырвонаармеец забег у пакой і, схапіўшы мяне на рукі, некалькі разоў падкінуў уверх, прыгаворваючы сваім таварышам: “Я ў гэтай сям’і жыў. Яны выратавалі мне жыццё”. І напаследак дадаў: “Калі даб’ём немца і скончыцца вайна, абавязкова дам пра сябе ведаць”. Як склаўся далейшы лес гэтага чалавека, нашай сям’і нічога не вядома. Хутчэй за ўсё ён загінуў на фронце.
Асабліва лютавалі карнікі ў 1942 годзе. Па словах Мікалая Цімафеевіча, тады былі жорстка закатаваны за сувязь з партызанамі Мікалай Братчук з сям’ёй, Трафім Максімук, Сцяпан Нушчык, Ульян Хатынюк, Сямён Шульжык, Фёдар Касянік разам з жонкай і сынам Іванам.
– У дзень арышту Мікалай Братчук знаходзіўся ў нашай хаце, – узгадвае дзядуля. – Мы бачылі, што ідуць немцы, і ён мог бы ўцячы і схавацца ў лесе, але не атрымалася. У той дзень забралі Трафіма Максімука. Сувязных пагрузілі ў машыну і павезлі ў Дамачава. Па дарозе Мікалай нейкім чынам развязаў сабе рукі, выбіў у вартаўніка вінтоўку і, выскачыўшы з кузава, пабег у лес. На жаль, фашысты ў хуткім часе яго злавілі і расстралялі. А потым прыйшлі і па сям’ю. Уся гэтая трагедыя адбылася ў мяне на вачах. Я сябраваў з Ванем Братчуком і мы разам з ім гулялі, калі ў хату ўварваліся карнікі. Марыя, жонка Мікалая, адразу здагадалася, што іх чакае. Маладая жанчына ўпала на калені і пачала маліць нелюдзяў па-шкадаваць дзяцей, меншанькаму Сцяпану было толькі тры гады. За сталом сядзеў дзед Ануфрый. Ён быццам бы здранцвеў. Слова не можа сказаць, а па твары, усыпаным маршчынамі, толькі слёзы каціліся. Іх і яшчэ некалькі сямей расстралялі ў Радзежы.
Мікалай Цімафеевіч на некалькі хвілін замаўкае. Прыгадваючы расстанне з сябрам Іванам, мужчына ледзьве стрымлівае слёзы і тут жа шэпча сам сабе: “Як жа гэта было страшна. Не давядзі Бог такое калі-небудзь яшчэ перажыць”.
– Ведаеце, пасля вайны таксама нялёгка жылося: усюды голад, разруха, – гаворыць Мікалай Цімафеевіч. – Я вельмі цяжка хварэў, нават урачы не давалі мне ніякіх гарантый, што выжыву. Адправілі дахаты паміраць. Дзякуй вялікі маці, якая мяне літаральна падняла з таго свету.
Настаўніцкая дынастыя, якой больш за трыста гадоў
Аб прафесіі настаўніка Мікалай Цімафеевіч нават і не марыў. Пасля вайны ён закончыў толькі чатыры класы. Далей вучыцца не было як. Маці памерла рана, а бацька знайшоў другую сям’і і пераехаў жыць у суседні раён. Такім чынам, яшчэ падлеткам Мікалай пачаў зарабляць сабе на хлеб. Спачатку пасвіў коней у мясцовым калгасе, а потым падаўся на заробкі на Украіну. А ў 1954 годзе ён пазнаёміўся з маладой і прыгожай настаўніцай Людмілай Паўлаўнай, якая пасля заканчэння Гомельскага педагагічнага вучылішча па размеркаванні трапіла на працу ў Хмялёўскую пачатковую школу.
– Мікалай быў маім вучнем, – прыгадвае Людміла Паўлаўна. – Ён займаўся ў вячэрняй школе.
Доўга Мікалай не асмельваўся сказаць дзяўчыне пра свае пачуцці, як-ніяк яна была настаўніцай, а ён хто. Людміле Паўлаўне таксама спадабаўся малады чалавек. Праз два гады, у 1956 годзе, маладыя пажаніліся. Неўзабаве Мікалая забіраюць служыць у армію, а вярнуўся ён адтуль ужо татам маленькага Вадзіма.
Потым былі паскораныя курсы камбайнераў-механізатараў, якія паспяхова закончыў Мікалай Цімафеевіч. Сем гадоў ён адпрацаваў на камбайне і не думаў, што стане настаўнікам. Аднак у 1963 годзе Хмялёўскую пачатковую школу рэарганізоўваюць у васьмігодку, куды тэрмінова патрабуюцца выкладчыкі. Так Мікалай Цімафеевіч пачаў выкладаць працоўнае навучанне і фізвыхаванне. Варта адзначыць, што да таго часу ён закончыў вячэрнюю школу і курсы для настаўнікаў фізічнай культуры, якія дзейнічалі на базе Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Па слядах бацькоў пайшлі і трое сыноў, якія таксама сталі настаўнікамі. Словам, тры пакаленні сям’і Мікалая Цімафеевіча і Людмілы Паўлаўны, якія, дарэчы, узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі і падзячнымі пісьмамі як райвыканкама, так і аблвыканкама, абралі для сябе гэтую высакародную прафесію.
Кацярына Яцушкевіч.