КРОХКАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ

Прыгажосць – вялікая сіла, але ў той жа час вельмі крохкая, асабліва калі гэта датычыцца ажурных агароджаў. Пасля правядзення работ па добраўпарадкаванні горада і вёсак раёна яны сталі ўпрыгожваннем многіх вуліц. Але, як пераконвае нас жыццё, далёка не ўсе любяць прыгажосць. Многім так і не церпіцца пакінуць на агаро­джы свой брудны аўтограф ці яшчэ горш – праверыць на ажурных гіпсавых пралётах сваю сілу. За мінулы год ў райаддзел унутраных спраў паступіла 5 паведамленняў аб пашкоджанні звенняў ажурных агароджаў. Гэта толькі тыя выпадкі, па якіх паступілі сігналы. Чатыры з іх былі ў горадзе, адзін – у вёсцы Чарняны і быў звязаны з крадзяжом звенняў агароджы. Паколькі ўсе падобныя злачынствы ўчыняюцца ўначы, знайсці тых, хто пашкодзіў агароджы, вельмі цяжка, бо нават калі побач і з’яўляецца выпадковы сведка, убачыць у цемры і потым пазнаць злачынцу яму вельмі складана.
Негатыўным паводзінам і ўчынкам садзейнічае і адсутнасць у начны час вулічнага асвятлення. Ускладняе прафілактычную работу, як лічыць начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафі­лактыкі РАУС Эдуард Паўлаў, і адсутнасць патрульна-паставой службы. Праводзяць начное патруляванне супрацоўнікі міліцыі перыядычна, прычым у свой асабісты час.
Але да кожнай ажурнай агароджы супрацоўніка міліцыі, як вядома, не паставіш. Усё залежыць ад нашай культуры і нашага сумлення. Між іншым, тым, хто не навучыўся кантраляваць свае паводзіны, хацелася б напомніць, што за дробнае хуліганства законам прадугледжаны арышт да 15 сутак. Калі злачынцам быў наўмысна прычынены матэрыяльны ўрон на суму да 40 базавых велічынь, ён можа быць аштрафаваны на суму да 50 базавых велічынь, што складае 1 мільён 750 тысяч рублёў. А калі зламыснікам быў нанесены ўрон на суму звыш 40 базавых велічынь, ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і пазбаўлены волі тэрмінам да 2 гадоў. Пазбаўленне волі тэрмінам да 3-х гадоў пагражае таму, хто ўчыняе хуліганства, якое суправаджаецца грубым парушэннем грамадскага парадку. Пры вызначэнні асобы, якая пашкодзіла агароджу, уладальнік маёмасці мае права звярнуцца ў суд з іскам аб кампенсацыі нанесенага ўрону.
Часцей за ўсё, як вядома, хуліганскія ўчынкі – справа рук (а ў выпадку пашко­джання агароджаў, хутчэй за ўсё, ног) падлеткаў, якія ў позні час гуляюць па вуліцах горада. Добра было б, каб сваю сілу і «баявое майстэрства» трэніравалі яны ў спартыўных секцыях, якіх нямала ў нашым горадзе, у трэнажорных і спартыўных залах школ і новага спартыўнага комплексу “Жамчужына”. Магчыма, тады б і не да пашкоджання ажурных агароджаў было б…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: вось так упрыгожваюць наш горад начныя “асілкі”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.