«У сяўбе хлеба – веліч зямлі і неба» У Маларыцкім раёне пачалася яравая сяўба

На мінулым тыдні на Маларытчыне земляробы СУП “Ха­ці­слаўскі” першымі распачалі веснавую сяўбу. Пасяўная кампанія стартавала больш чым на два тыдні раней, чым летась. Анамальна цёплая зіма ўнесла свае карэктывы ў земляробчы каляндар.

Ва ўрочышчы Бераг СУП “Ха­ціслаўскі” выстраілася ў лінейку сель­гастэхніка. Поўдзень. З нізкага свінцовага неба, што, здавалася, навісла над самай зямлёй, час ад часу сыпаў дробны дож­джык. Нягледзячы на слоту і сы­расць настрой у земляробаў цудоўны. Дзень для працаўнікоў  сельгаспрадпрыемства ад­мет­­ны, нават святочны. Праз некалькі хвілін першае зерне ўпадзе ў пульхную раллю, каб праз пэўны час аддзячыць вяс­коўцаў добрым ураджаем.

Не першы год пасяўную кам­па­нію ў СУП “Хаціслаўскі” па­чынаюць з малітвы.  На па­чат­ку высакароднай справы ад­мысловае набажэнства здзейс­ніў настаяцель Спаса-Пра­абражэнскага храма, што ў Хаціславе, протаіерэй Пётр Пяшко. Айцец Пётр, чытаючы малітву, акрапіў святой ва­дой падрыхтаванае зерне, сельс­кагаспадарчую тэхніку і работнікаў СУП “Хаціслаўскі”. Са словамі: “Благаславі, Госпадзі, на добрую справу”святар рас­­сявае зерне па раллі.

І раптам пасвятлела неба, сціх­­­­нуў пранізлівы вецер і з вышыні пачулася шчымлівае курлыканне журавоў, якія з цёплага выраю, пераадолеўшы тысячы кіламетраў, вярталіся ў родныя мясціны. Можа, самі нябёсы такім чынам  бласлаўлялі хлебаробаў перад адказнай і гарачай парой – сяўбой. Тое, што аграрыяў чакае няпросты і напружаны час, адзначыў і пер­шы намеснік старшыні рай­­­выканкама, начальнік уп­раў­лення па сельскай гас­па­дарцы і харчаванні Вадзім Га­лоўчык.

— Галоўная задача – правесці пасяўную кампанію ў тэрмін, — адзначыў Вадзім Міхайлавіч, — пакуль глеба ўтрымлівае віль­гаць. Мы бачым, якія анамаліі ад­бываюцца ў прыродзе. Восень пераходзіць у вясну. Добра, што пачынаеце зараз сеяць. Глеба поўнасцю падрыхтавана для таго, каб прыняць зерне.

— Улічваючы капрызы надвор’я, пасяўную кампанію гаспадарка плануе завяршыць да 20 са­ка­­віка, — гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Шальпук. – Да сяўбы тэхніка гатова, у неабходнай колькасці нарыхтавана зерне і мінеральныя ўгнаенні. Усяго плануем засеяць яравымі 750 гектараў.

 

Поделиться:
  •  
  • 14
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!