Самым вопытным валанцёрам Брэстчыны прызнана Аксана Мірчук (Маларыцкі раён)

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аксана Мірчук стала пераможцам абласнога конкурсу “Лепшы валанцёр – 2019 года” ў намінацыі “Самы вопытны валанцёр”. Дыплом ёй днямі ўручыла старшыня  Брэсцкай  абласной арганізацыі Беларускага таварыста Чырвонага  Крыжа  Ларыса  Варанко.

– Для таго каб дапамагаць іншым, не патрэбна нічога, акрамя жадання, – так лічыць Аксана Мірчук. Дабрачынная дзейнасць для яе стала неад’емнай часткай жыцця. Гэтым Аксана Анатольеўна добраахвотна зай­маецца ўжо на працягу дзесяці апошніх гадоў. За гэты час яна паспела арганізаваць і  правесці шмат дабрачынных спраў,  акцый і ўбачыць не адзін дзясятак шчырых усмешак тых,  каму дапамагла разам з атрадам валанцёраў “Мара”, які не адзін год існуе пры пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вы­творчасці. Цяпер у радах “Мары” больш за 30 навучэнцаў-першакурснікаў. Валанцёры ўдзельнічаюць ў розных акцыях, прафілактычных  і выхаваўчых мерапрыемствах, даглядаюць памятныя месцы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць ветэранам вайны, цяжкахворым, інвалідам,  адзінокім людзям.

– Валанцёрамі называюць тых, хто траціць свой вольны час дзеля іншых, хто неабыякавы да чужых праблем, – гаворыць Аксана Анатольеўна. – Кожны з нас, напэўна, хоць раз у жыцці рабіў карысныя, добрыя справы, не патрабуючы пры гэтым нічога ўзамен. Так робяць тыя, хто лічыць, што не ўсё ў жыцці вымяраецца грашамі. Сфера дзейнасці валанцёраў вельмі разнастайная. Мне валанцёрскі рух прыносіць задавальненне, з’яўляецца своеасаблівым штуршком у жыцці. Я адчуваю, што раблю навакольны свет крышачку лепшым і больш гарманічным. Калі займаюся тым, што мне асабіста цікава, то нічога дзіўнага ў адсутнасці аплаты няма.

Між  іншым, Аксана Мірчук ужо двойчы (у 2017 і 2018 гадах) здала залік на адпаведнасць  інструктара  па навучанні навыкам аказання першай медыцынскай дапамогі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 14
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!