ДАПАМАГАЦЬ І СУПЕРАЖЫВАЦЬ

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прайшла выніковая нарада

Па колькасці і разнастайнасці задач, якія даводзіцца вырашаць работнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і яго структурнага падраздзялення – тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, службе сацыяльнай абароны, напэўна, няма роўных. У спектр яе задач уваходзяць і кантроль за выкананнем працоўнага заканадаўства ў пытаннях аховы і аплаты працы, і садзейнічанне занятасці насельніцтва, і налічэнне пенсій і дапамог, і матэрыяльная падтрымка малазабяспечаных катэгорый жыхароў раёна, і сацыяльна-бытавое абслугоўванне састарэлых адзінокіх людзей, і работа па рэабілітацыі інвалідаў, і многае, многае іншае. Аб тым, як працавалі падраздзяленні ўпраўлення летась, што было зроблена і што з запланаванага так і не атрымалася ажыццявіць, расказала ў сваёй справаздачы на выніковай нарадзе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк. Асноўнае, на што былі накіраваны намаганні калектыву, падкрэсліла яна, — павышэнне ўзроў­ню і якасці жыцця розных катэгорый на­сельніцтва. Пастаянна ў цэнтры ўвагі заставалася пытанне аплаты працы. Як станоўчы факт адзначалася тое, што не была дапушчана запазычанасць па выплаце заработнай платы. На 122,9% выкананы прагнозныя паказчыкі па яе росту. Сярэднямесячная зарплата за снежань у цэлым па раёне склала 1 мільён 925 тысяч рублёў. Заданне было выканана на 149,8%.
Значная ўвага надавалася і ахове працы. На мэты стварэння бяспечных умоў яе было затрачана больш за 2,5 мільярда рублёў. Аднак, як адзначалася ў выступленні, не абышлося без няшчасных выпадкаў. І хоць колькасць іх у параўнанні з папярэднім годам павялічылася з 8 да 9, але ўдалося выключыць выпадкі смяротнага траўміравання, зменшылася і колькасць здарэнняў па віне наймальніка.
За дапамогай у праца­ўладкаванні ў аддзел занятасці упраўлення летась звярнулася 576 чалавек. 82% беспрацоўных былі працаўладкаваны. Адным з аб’ектыўных фактараў таго, што працэнт працаўладкавання застаўся ніжэйшы, чым планавалася, стала змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці ў будаўнічай сферы, што выклікала змяншэнне колькасці прыёму на работу новых работнікаў.
Больш за 7460 жыха­роў раёна атрымліваюць пенсіі і дапамогі. Новых пенсій і дапамог было налічана летась больш за 420, з іх 277 – пенсіі па ўзросту. Паспяхова і своечасова справіліся работнікі ўпраўлення з дадатковай работай па налічэнні даплат.
272 жыхарам раёна на 869 чалавек была назначана адрасная сацыяльная дапамога (сума яе склала 451 мільён 629 тысяч рублёў). 13 заяўляльнікам на 42 чалавекі была выплачана аднаразовая сацыяльная дапамога. Адрасную дапамогу атрымлівалі мнагадзетныя, няпоўныя сем’і, адзінокія пенсіянеры і многія іншыя малазабяспечаныя ка­тэгорыі грамадзян. Са сродкаў Фонду абароны насельніцтва матэрыяльную дапамогу атрымала больш за 180 пенсіянераў і інвалідаў, была выплачана яна таксама 20 сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды.
Падрабязна аб рабоце сваіх падраздзяленняў распавялі намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела занятасці Любоў Барадзіна, намеснік начальніка ўпраўлення, загадчыца сектара па працы Антаніна Лапіч, галоўны спецыяліст па ахове працы Сяргей Хатынюк, загадчыца аддзела пенсій і дапамог Галіна Хамічук, загадчыца сектара адраснай сацыяльнай дапамогі Наталля Іолап.
Затым былі падве­дзены вынікі работы калектыву тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Больш за 7360 зва­ротаў жыхароў раёна паступіла летась у Цэнтр. Кожны з гэтых зваротаў, як заўважыў дырэктар Цэнтра Мі­калай Мішчанка, не застаўся без увагі калектыву. Аб тым, як фарміруецца адзіная база дадзеных, якую падтрымку можа атрымаць кожны жыхар раёна праз бюро сацыяльнай інфармацыі распавяла загадчыца аддзялення пярвічнай інфармацыі, аналізу і прагназавання Алена Ківачук. З тым, як наладжана сацыяльнае абслугоўванне адзінокіх састарэлых пенсіянераў у 52 населеных пунктах раёна, пералік якіх летась папоўнілі такія вёскі, як Лазіца, Перавое, Добрае і Отчын, пазнаёміла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Людміла Алесік. Інфармацыяй аб аказанні разавых сацыяльна-бытавых паслуг і рабоце “Салона міласэрнасці”, праз які многія жыхары раёна атрымалі гуманітарную дапамогу, сродкі рэабілітацыі, падзялілася загадчыца аддзялення тэрміновай сацыяльнай дапамогі Вольга Антонава. З той работай, якую праводзіць тэрытарыяльны Цэнтр па рэабілітацыі маладых інвалідаў, пазнаёміла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Вольга Толсцікава, а загадчыца аддзялення адаптацыі і рэабілітацыі Галіна Селех распавяла пра работу па сацыяльна-рэабілітацыйнай праграме, якая праводзіцца з дзецьмі-сіротамі і многімі іншымі катэ­горыямі грамадзян.
Удзел у выніковым пасяджэнні прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей і намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, начальнік упраўлення занятасці камітэта Васіль Салаўчук.
Завяршальным акор­дам сходу стала ўшанаванне тых, хто сваім стараннем заслу­жыў у свой адрас цёплыя словы падзякі. За працавітасць і адданасць справе граматы ад кіраўніцтва тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва атрымалі сацыяльныя работнікі Святлана Тарноўская і Валянціна Корань. Пісьмы падзякі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў былі ўручаны работнікам упраўлення Таццяне Церашчук, Антаніне Лапіч і Наталлі Іолап. Пісьмо падзякі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама атрымала спецыяліст тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Саўчук.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!