В Малорите женщине не оплачивали больничный пока не вмешалась прокуратура…
У мінулым годзе ў Маларыце адбыўся выпадак, які з’яўляецца яскравым прыкладам таго, з якімі праблемамі можа сутыкнуцца чалавек, калі працуе неафіцыйна — без афармлення дагавора ці кантракта.
Як паведаміў газеце «Голас часу» пракурор Маларыцкага раёна Раман Гузюк, падчас асабістага прыёму грамадзян пракурорам Брэсцкай вобласці да яго звярнулася жыхарка Маларыты з пытаннем нявыплаты ёй наймальнікам грашовай дапамогі па часовай непрацаздольнасці ў выніку траўмы. Пры разглядзе дадзенага звароту пракуратура раёна выявіла факты выплаты жанчыне заработнай платы адным з прыватных прадпрыемстваў горада пры адсутнасці заключанага ў пісьмовай форме працоўнага альбо грамадзянска-прававога дагавора, без адпаведнага правядзення дадзеных грашовых сум у бухгалтарскім уліку і адпаведна, без утрымання і пераліку ў бюджэт падаходнага падатку, без платы за работніцу абавязковых страхавых узносаў ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Было ўстаноўлена, што наймальнік не пералічыў у бюджэт падаходны падатак у памеры – 211,54 руб., а таксама не пералічыў абавязковыя страхавыя ўзносы ў памеры 783,74 руб. У органе фонду сацыяльнай абароны насельніцтва адсутнічала нават інфармацыя аб прыёме на работу жанчыны, і адпаведна, калі яна атрымала сур’ёзную траўму і амаль паўгода праходзіла лячэнне, то не магла атрымаць грашовую дапамогу па часовай непрацаздольнасці.
Па патрабаванню пракуратуры прадпрыемства кампенсавала вышэй указаныя сумы, а таксама выплаціла жанчыне грашовую дапамогу па часовай непрацаздольнасці ў памеры 2578,61 руб. Пры гэтым прадпрыемства і яго кіраўнік былі прыцягнуты таксама да адміністрацыйнай адказнасці.