Лепшыя электразваршчыкі Маларыцкага ліцэя

У Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці цяпер рыхтуюць спецыялістаў па трох спецыяльнасцях. Сярод тых, хто іх набывае, традыцыйна праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Ва ўстанове адукацыі лічаць, што такія спаборніцтвы з’яўляюцца важнай часткай вучэбнага і выхаваўчага працэсу. Яны даюць магчымасць навучэнцам аб’ектыўна ацаніць свае сілы і магчымасці, паказваюць накірунак для далейшага ўдасканальвання ў выбранай прафесіі. Да такіх конкурсаў юнакі рыхтуюцца загадзя,   старанна і адказна.

Нядаўна ў Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці вызначалі лепшых па кваліфікацыі “Электразваршчык ручной зваркі” сярод перша- і другакурснікаў. Асноўная мэта спаборніцтва – вызначэнне ўзроўню  прафесійнай падрыхтоўкі, павышэнне матывацыі да навучання, раскрыццё здольнасцяў навучэнцаў, іх творчага патэнцыялу. У конкурсе  прафесійнага майстэрства  прыняло ўдзел 82 навучэнцы. Каб атрымаць званне лепшага, юнакам неабходна было набраць высокія балы ў тэарэтычным туры, які ўключаў пытанні матэрыялазнаўства, спецыяльнай тэхналогіі, аховы працы, і прадэманстраваць  выдатныя  практычныя навыкі. Напрыклад, навучэнцам неабходна было “зварыць” злучэнні стыкавыя, вуглавыя,  нахлёстачныя, таўровыя ў гарызантальным і вертыкальным становішчы, у адпаведнасці  з нормамі затрачанага часу, патрабаваннямі да тэхналагічнага працэсу,  тэхнікі бяспекі і якасці работ.

Лепшымі электразваршчыкамі на гэты раз сталі Іван Дардзюк і Уладзіслаў Ігнацюк. Яны занялі першае выніковае месца. Юнакі выдатна справіліся і з тэарэтычным,  і з практычным заданнямі. На другую прыступку, прадэманстраваўшы таксама добрыя веды, уменні і навыкі, узняліся Ілья Кушнер і Андрэй Мама­новіч. Трэцяе месца дасталося Раману Парашчэнку і Аляксею Кулаю.

Мікалай Навумчык.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!