Васіль і Вера Саўчукі: наперакор хваробам і праблемам (Маларыцкі раён)

Ціхая, невялічкая вёсачка Ма­лінаўка. Тут засталося ўсяго шэсць гас­падарак і толькі восем жы­хароў. Сярод іх — Васіль Аляк­сеевіч і Вера Міхайлаўна Саўчукі.

Дакладнага адрасу,  дзе жыве гэтая сям’я,  не ведалі. Але ў маленькай вёсцы ўсё як на далоні. Тут адразу падкажуць, куды ісці. Надвор’е ў той дзень, калі наведаліся мы ў Малінаўку, выдалася ветранае.Таму ў доме, дзе была напалена печ і пахла здобай, атмасфера з першых хвілін здалася вельмі цёплай. А ўсмешка на вуснах гаспадыні красамоўна пацвердзіла – у доме гасцям рады.

Для Васіля Аляксеевіча Ма­лінаўка з яе дзіўнай прыродай, з ўраджайнымі яблыневымі садамі і багатымі на свае да­­ры лясамі – дарагая сэрцу маленькая радзіма, дзе трывала ўраслі ў зямлю сямейныя карані. Для Веры Міхайлаўны гэты край таксама блізкі і цяпер ужо родны. Хоць нарадзілася сама ў Дарапеевічах, але ўсё свядомае жыццё пражыла на малінаўскай зямлі. Тут у рабоце і сямейных клопатах пранесліся чатыры з паловай дзесяцігоддзі сямейнага жыцця, тут выраслі дзеці – дачка і двое сыноў, тут ведае яна кожную сцежку ў лесе і добра знаёма амаль з усімі жыхарамі навакольных вёсак, бо ў Чарнянскім паштовым аддзяленні 25 гадоў адпрацавала паштальёнам.

— Пажаніўшыся, мы збіраліся жыць у Кобрыне. Але лёс выбар зрабіў за нас. Памёр свёкар,  і мы прыехалі ў Малінаўку, каб пэўны час пабыць разам з маці,  дапамагчы ёй, але так тут і засталіся, — успамінае Вера Міхайлаўна.

Вясковае жыццё, як ні круці, сплецена з працоўных будняў. Да таго, як уладкавацца на пошту, Вера Міхайлаўна працавала ў мясцовай гаспадарцы. На трактары ў калгасе каля 30 гадоў шчыраваў і Васіль Аляксеевіч. Жыццё ішло дзень за днём сваёй чаргой да таго часу, пакуль у дом не пастукалася бяда. У 2006 годзе гаспадар цяжка захварэў. Хвароба праявілася моцным болем у вачах. Абследаванне паказала злаякасную пухліну. Каб выратаваць жыццё, спатрэбілася тэрміновая аперацыя – Васілю Аляксеевічу выдалілі вока. Але і на гэтым пакуты не скон­чыліся. Праз пэўны час аб­следаванне паказала, што пайшлі метастазы. Колькі засталося чалавеку жыць – ніхто не прагназаваў. Але Васіль Аляксеевіч і ўся яго сям’я не падалі духам, спадзяваліся на лепшае. І ён жыве наперакор усяму, нават таму, што ў бальніцы, дзе рабілі аперацыю, як расказваў Васіль Аляксеевіч, даўно спісалі ў архіў яго амбулаторную картку, бо палічылі, што чалавека няма ў жывых. Праўда, цяпер амаль згубіў зрок і на другое вока  — хвароба, на жаль, прагрэсіруе. Зараз па хаце ходзіць навобмацак, атрымаў першую групу інваліднасці.

Але бяда, як кажуць, адна не ходзіць. Пэўны час таму сур’ёзныя праблемы са зда­роўем пачаліся і ў Веры Мі­хайлаўны.Злая іронія лёсу была ў тым , што пасля абсле­да­ванняў ёй вызначылі такі ж дыягназ, як і ў мужа – меланома вока. Пакуль да аперацыі,  як расказвае жанчына, справа не дайшла,  урачы пасля праве-дзенага лячэння назіраюць за тым, як будзе прагрэсіраваць хвароба.

Хоць дыягназы гучаць пагражальна, але Вера Міхайлаўна, якая па жыцці чалавек ветлівы, ап­тымістычны і жыццярадасны, не губляе бадзёрага настрою. Гатова змагацца,  не паддаючыся журбе. Бо журба, як упэўнена, выздараўленню не памочніца. Падтрымліваюць бацькоў дзеці, радуюць унукі. Сын Вячаслаў,  які жыў у Брэсце, цяпер у асноўным знаходзіцца ў Малінаўцы. Калі ўзнікаюць якія праблемы, стараецца іх вырашаць. А  асноўная праблема, як адзначаў ён у размове, у тым, што толькі два разы на тыдзень ідзе ў вёску рэйсавы транспарт. А ў іншыя дні трэба шукаць машыну, каб дабрацца ў райцэнтр, да прыкладу,  у бальніцу. Цяпер толькі два разы на тыдзень прыязджае і аўталаўка. Прывозіць усе неабходныя тавары, толькі вось, калі забыў нешта купіць, бліжэйшая гандлёвая кропка – за 7 кіламетраў. Калі магазін на колах прыязджаў тры разы на тыдзень, як расказваюць вяскоўцы, было зручней.

У вясновыя дні,  якія становяцца ўсё цяплейшымі, вясковыя двары ажываюць. Вясенні настрой цяпер і ў душы Веры Міхайлаўны. Яна, наколькі да­з­валяе здароўе, завіхаецца на кухні, стараецца падтрымаць і падбадзёрыць мужа. Як успамінае гаспадыня, заўжды любіла яна летам у лес па ягады, па грыбы схадзіць. Цяпер ужо зрок не дазваляе, ды і самаадчуванне не лепшае, таму стараецца зрабіць тое-сёе ў хаце і ля хаты. Якімі б цяжкімі ні былі выпрабаванні, лічаць Саўчукі, трэба заўжды спадзявацца на лепшае. Тады і хвароба доўгія гады не здольна ўзяць верх.

Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!