У Маларыце ў нядзельнай школе займаецца 142 вучня

У нядзельнай школе пры храме Мікалая Цудатворцы г.Маларыта працягваюцца заняткі. У гэ­тым навучальным годзе ў ёй ар­ганізавана сем класаў, у якіх займаецца 142 дзіцяці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Кожную ня­дзелю пасля заканчэння позняй Бажэственнай літургіі заняткі праводзяць вопытныя і спрак­тыкаваныя педагогі.

Сярод іх – сястра праваслаўнага сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры Мікалаеўскай царкве г. Маларыта Людміла Калеснікава. У Людмілы Мікалаеўны багаты педагагічны вопыт. Дваццаць пяць гадоў яна працавала настаўніцай пачатковых класаў ва ўстановах адукацыі райцэнтра. Пасля згадзілася працягваць сеяць у душы і сэрцы дзяцей разумнае, добрае, вечнае.  І вось ужо чатырнаццаць гадоў яна настаўнічае ў царкоўнай школе.

Да ўрокаў Людміла Калеснікава рыхтуецца старанна і грунтоўна. Настаўніца імкнецца, каб яны заўсёды былі насычанымі, змястоўнымі, цікавымі і карыснымі.

Людміла Калеснікава дзялілася сваім вопытам работы (давала адкрытыя ўрокі)  падчас двух семінараў для выкладчыкаў нядзельных школ і святароў Маларыцкага благачыння, а таксама на рэгіянальным (епархіяльным) этапе Калядных адукацыйных чытанняў на тэму “З метадычнай скарбонкі настаўнікаў нядзельных школ Маларыцкага благачыння. Прыклады распрацовак планаў урокаў  і асобных яго этапаў”.

– Цяпер я займаюся з дваццаццю двума хлопчыкамі і дзяўчынкамі другога года навучання, якія спасцігаюць асновы праваслаўнай веры, вучацца жыць па запаветах божых, – гаворыць Людміла Калеснікава. – Мэта заняткаў у Нядзельнай школе – не толькі дапамагчы вучням адчуць прысутнасць Усявышняга на кожным кроку ў нашым штодзённым жыцці, але і навучыцца быць добрымі, спагадлівымі, міласэрнымі, сардэчнымі, чулымі, шчырымі, праяўляць любоў да таго, хто знаходзіцца побач, прыходзіць на дапамогу ва ўсіх жыццёвых сітуацыях.

На занятках у даступнай і зразумелай форме расказваю пра Бога, нормы хрысціянскага жыцця, даю неабходныя веды па пытаннях этыкі, маралі, духоўнасці, абмяркоўваю праблемы сэнсу чалавечага жыцця на зямлі…

Нядзельная школа, на думку Людмілы Калеснікавай, не толькі садзейнічае атрыманню ведаў аб праваслаўі, але і таксама паказвае прыклад хрысціянскага жыцця. Заняткі спрыяюць маральна-духоўнаму, творчаму і патрыятычнаму выхаванню дзяцей. У школе навучаюць таму, што спадарожнічае фарміраванню душы маладога хрысціяніна. Праз вывучэнне хрысціянскай традыцыі раскрываецца сэнс і глыбіня праваслаўнага веравучэння і богаслужэння.

– Упэўнена, што нядзельная школа, – кажа Людміла Калеснікава, – гэта не толькі месца, дзе можна атрымаць пэўныя веды, але і своеасаблівая пляцоўка для зносін дзяцей.

Мікалай Навумчык

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!