«Лёс, складзены ў трохкутнік» Пісьмы з вайны… (Маларыцкі раён)

Пісьмы з вайны… Пажаўцелыя, некаторыя ўжо дрэнна чытаюцца. У іх шчыры аповед, боль, а таксама надзея на хуткую Перамогу і вяртанне ў родны край. У іх – радкі пра каханне, страх, мужнасць і чалавечнасць. Пісьмы з фронту кранаюць сваёй праўдзівасцю. Часта словы, напісаныя на кавалачках паперы, былі апошняй магчымасцю салдата пагутарыць з блізкімі. Лісты чакалі з асаблівым нецярпеннем, чыталі з хваляваннем. Трохкутнікі з фронту – гэта не проста памяць, гэта цэлае жыццё канкрэтнага франтавіка, якое змясцілася на некалькіх невялічкіх лістах паперы.

У краязнаўчым музеі “Спадчына” раённай гімназіі цяпер захоўваецца тры лісты чырвонаармейца Міхаіла Аляксандравіча Селівончыка, якія ім адрасаваны з фронту родным. Ён на­ра­дзіўся ў 1923 годзе ў в. Паўлопаль. Восьмага жніўня 1944 года Міхаіл Се­лі­вончык быў прызваны на службу ў Чыр­воную Армію Дывінскім РВК. Зма­гаўся з захопнікамі наш зямляк у вайсковай часці 44702 “Г”. Вядома, што сяржант Міхаіл Селівончык не дажыў да Перамогі. Ён памёр ад ран 17 красавіка 1945 года.

Ліст першы. “18.Х.1944 год. Доб­ры дзень, дарагая сястрычка Ніна! Дасылаю табе сваё чырвонаармейскае прывітанне! Што  новага чуваць у вёсцы? Як жывуць ўсе хлопцы і дзяўчаты, хто з кім гуляе? Ці  пабраліся ўжо Вера і Віця, Каця і Саня? Навін асаблівых у мяне  пакуль няма. Ваюю з ворагам. Зараз я – ад’ютант пры  старшым лейтэнанце Аляксеі. У мяне ўсяго хапае…

Да пабачэння, сястрычка Ніна! Твой брат Міша”.

Ліст другі. На трохкутніку стаіць штэм­пель, на якім выразна можна ўба­чыць дату “15.01.1945”. Тут жа стаіць вод­ціск “Про­смотрено военной цензурой, 08877”. “Добры дзень, дарагія бацькі! Чырвонаармейскае вам прывітанне! Ваш ліст атрымаў, за які шчыры дзякуй. Адказ вырашыў даць адразу на той па­перы, якую вы мне даслалі. Нядаўна бачыў Паўла з вёскі, цяпер служу разам з Аляксеем. Усё ў мяне добра, навін асаблівых няма. Напішыце, што робіцца ў вёсцы. Прывітанне перадавайце ўсім родным ад мяне. Ваш сын Міша”.

Ліст трэці. “07.II.1945 года. Прыві­тан­­не, дарагія бацькі! Дасылаю вам чырвонаармейскае прывітанне і жадаю ўсяго добрага! Ліст, які вы напісалі 20 студзеня 1945 года, атрымаў 5 лютага 1945 года. Шчыры дзякуй вам за яго. Хацелася б пісаць вам часцей. Магчыма, вы чыталі ў газетах, што наша армія ця­пер рухаецца наперад.  Таму пісаць лісты асабліва няма часу.  Калі ж знайду вольную хвілінку, то, як і раней, буду пісаць вам невялікія лісты. Даўнавата не бачыў сваіх  таварышаў Аляксея і Паўла. Нічога не ведаю і пра Толю. Не ведаю, ці жывыя яны, ці, можа, паранены. Гэты ліст вам пішу на беразе ракі Одэр, за 90 кіламетраў ад Берліна… Ваш сын Міша”.

Поделиться:
  •  
  • 8
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!