Акцыя памяці “У славу агульнай Перамогі!” на Маларытчыне
На Маларытчыне на працягу сакавіка праходзіў І этап міжнароднай акцыі памяці “У славу агульнай Перамогі!”, у якой прынялі актыўны ўдзел прадстаўнікі органаў мясцовай улады, грамадскіх і ветэранскіх аб’яднанняў, а таксама вучні ўстаноў адукацыі раёна. Мерапрыемства прымеркавана да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Мэта гэтай маштабнай акцыі – захаваць гістарычную памяць аб ваенных дзеяннях Вялікай Айчыннай вайны, увекавечванне імёнаў яе ўдзельнікаў. Згодна з умовамі мерапрыемства, на Маларытчыне, як і па ўсёй краіне, неабходна было ўзяць па сімвалічнай жменьцы зямлі з усіх воінскіх пахаванняў і мемарыялаў, магіл ахвяр фашызму.
– Сабраная зямля змешчана ў адну капсулу і хутка будзе перададзена ў Брэст, а затым у Мінск, – адзначыла метадыст раённага метадычнага цэнтра культурна-асветніцкай работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Бягеза. – Таксама да капсулы будзе дадавацца інфармацыя пра месца забору зямлі, прыкладвацца спіс імёнаў тых, хто загінуў, інфармацыя пра мясцовасць і людзей, якія ўнеслі ўклад у разгром фашызму.
У канцэпцыі акцыі памяці гаворыцца, што “зямля з месцаў воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва, зямля з радзімы – святыня. Пакуль час не сцёр падзеі і даты, гэтую зямлю збіраюць у адной прасторы крыпты храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, у Мінску для вечнай малітоўнай памяці. Такім чынам будуць уз’яднаныя ў народнай памяці ўсе, хто змагаўся плячом да пляча, здабываючы агульную для ўсіх Перамогу ў розных месцах баявых дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны”. Плануецца, што 9 мая 2020 года імянныя капсулы, у тым ліку і з нашага раёна, будуць урачыста змешчаны ў крыпту гэтага храма-помніка.
Нязгасную сілу волі, цвёрдасць духу праявіў наш народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, унёсшы свой уклад у Перамогу. Крывёю не адной тысячы ахвяр фашызму паліта зямля Маларытчыны. Мы павінны памятаць тых, хто да апошняй кроплі крыві абараняў сваю Радзіму, паклаўшы на алтар перамогі сваё жыццё, хто аддаў яго за мірную будучыню. Іх імёны ўвекавечаны ў помніках, абелісках, мемарыяльных комплексах. Цяпер у раёне налічваецца 81 помнік воінскай славы і пахаванняў. 31 аб’ект уключаны ў спіс, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Мы, сучаснікі, не павінны пакінуць іх без увагі. Гэта неабходна для таго, каб кожны з нас памятаў, якою цаною заваявана наша мірнае і шчаслівае жыццё.
Мікалай НАВУМЧЫК.