У свае 78 гадоў Вера Шыгалёва і на трактары працуе, і печы кладзе (Маларыцкі раён)

 

Назваць Веру  Шыгалёву з аграгарадка Арэхава па­жы­лым чалавекам проста язык не паварочваецца. У свае 78 гадоў Вера Васільеўна дасць фору любому. З тэхнікай жан­чына даўно на “ты”. Яна не толькі віртуозна кіруе трак­тарам, умее араць, але і сама можа ад­рамантаваць агрэгат. Не адзін год адпрацавала жанчына ме­ха­нізатарам у мясцовым калгасе, на­раўне з мужчынамі выконвала ўсе сель­скагаспадарчыя работы. Сама на­вучылася класці печы ды грубкі, якія і зараз цёпла грэюць у дамах ад­навяскоўцаў. А яшчэ Вера Васільеўна адна з першых у раёне фермераў, што ўзяла ў арэнду некалькі гектараў зямлі і разам з мужам пачала яе апрацоўваць. На жаль, чатыры гады таму гаспадара не стала, але яго справу разам з сем’ямі сына і дачкі працягвае Вера Васільеўна.

— Напэўна, праца на зямлі забірае шмат сіл і часу? – пытаюся ў жанчыны.

— Зусім не. Наадварот, дадае станоўчай энергетыкі, — гаворыць Вера Васільеўна. – І не дае маркоціцца, хварэць. Таму што кожны дзень ёсць работа. Адпачываем толькі ў нядзельку. Ды і як без працы жыць.

Колькі яна сябе помніць, усё жыццё працавала. Так склаўся лёс, які з самага дзяцінства пачаў выпрабоўваць Верачку на сталасць. Нарадзілася яна ў вёсцы Отчын у 1942 годзе. Свайго бацьку Ва­сіля Мікалаевіча крыху помніць. Вера вучылася ў першым класе, калі яго забілі бандыты.

— Гэта было на Дабравест, — прыгадвае жанчына. – Маці пайшла ў царкву. Раптам у хату ўваліліся нейкія людзі і пачалі біць бацьку. Потым павялі яго ў лес, дадому ён так і не вярнуўся. Да­гэтуль я не ведаю, дзе яго магілка, дзе ён знайшоў свой адвечны спачын. А праз два месяцы матуля нарадзіла дзяўчынку, якую назвалі Марыяй. Цяжка было без бацькі, асабліва матулі. Таму, каб неяк ёй дапамагчы, пайшла пасвіць кароў, цялят даглядала. Жылі бедна, у не­вялічкай хаціне, накрытай саломай, якая ад часу, дажджоў і вятроў прагніла на­скрозь. Адрамантаваць дах не было гро­шай.

Не ад добрай долі Вера паехала на заробкі ў Харкаўскую вобласць, дзе ў адным з саўгасаў палола буракі. Дахаты прывезла паўтоны зерня, мех цукру і 700 рублёў. Але гэта быў часовы заробак.

Аднойчы ў Отчын заехаў старшыня калгаса “Запаветы Леніна” Леанід Ля­вонаў, які, звяртаючыся да Дар’і Якаўлеўны, сказаў: “Няхай твая дачка ідзе на ферму. А я дам брыгаду і вам хутка адрамантуюць дах”.  Гэта было ў 1964 годзе. А праз год Вера Бягеза ўзяла шлюб з Леанідам Шыгалёвым, які працаваў у калгасе механікам. Праз пэўны час маладая сям’я з двума дзецьмі пераязджае ў Арэхава, куды Леаніда назначылі загадчыкам майстэрань. Вера Васільеўна спачатку ўладкоўваецца на вапнавы завод, потым ідзе ў калгас даяркай. Аднойчы падчас дойкі Веру Васільеўну ў грудзі вельмі моцна ўдарыла карова.

— Утварылася пухліна, — расказвае жанчына. – Пасля аперацыі ўрачы рэ­камендавалі змяніць умовы працы на больш лёгкія. Вось так я і пайшла ў трак­тарысты. Якраз у Арэхава адкрыўся філіял ад Маларыцкага ПТВ,  у які набіралі ўсіх жадаючых на курсы механізатараў. У нашай групе было 30 навучэнцаў, з якіх толькі я і Марыя Тарасюк – жанчыны.

Першы трактар, які далі Веры Ва­сільеў­не, быў Т-16, потым яна перасела на Т-40. Здавалася, хоць і не жаночая гэта справа – у полі араць ды сеяць, але Веры Шыгалёвай яна вельмі падабалася. Калі здаралася якая-небудзь паломка, рамантавала сама. Нікому сваю тэхніку не давярала. Трактар у Веры Васільеўны быў заўсёды як новенькі, дагледжаны, вы­мыты, быццам бы і не ў полі працаваў. Мно­гія мужыкі ўпотай Шыгалёвай зай­здросцілі: маўляў, баба, а як лёгка з такой тэхнікай абыходзіцца. Вера Ва­сільеўна заўсёды хадзіла ў перадавіках. Ганаровых грамат у яе не пералічыць. За якую справу яна ні возьмецца, усё атрымліваецца. “І адкуль толькі ў яе спрыт такі?”- здзіўляліся аднавяскоўцы.

— Вера Васільеўна, раскажыце, калі лас­ка, як печніком вы сталі? – цікаўлюся ў жанчыны.

— Гэта асобная гісторыя, — усміхаючыся, працягвае свой аповед Вера Шыгалёва. – Нешта грубка ў хаце стала дрэнна грэць. Дроў згарае шмат, а цяпла няма. Думаю, не перазімуем, дзяцей памарозім. Трэба новую грубку ставіць. Звярнуліся да печ­ніка, а ён такі кошт за сваю працу за­­гадаў, што ў мяне ледзьве валасы на галаве дыбам не ўсталі. Падумала тады: няўжо сама грубку не змагу злажыць, няўжо я горш за іншых? А тут суседу якраз адзін пячнік з Маларыты печ клаў. Прыйду, пагляджу, як гэта ро­біць стары, і пакрысе сама так цэглу і кла­ду. Хадзіла я так штодзень, пакуль не вы­лажыла грубку. Напэўна, я так даняла свайго печніка, што той і пацікавіўся  ў майго суседа: “Няўжо гэтай кабеціне няма чым заняцца, што яна тут увесь час сноўдаецца?”. Інтрыга раскрылася толькі тады, калі я паклікала дзядулю дахаты, каб ён ацаніў маю грубку.

— Дык гэта ты вырашыла хлеб у мяне адняць, — з абурэннем накінуўся на Ве­ру Шыгалёву пячнік. У адказ жанчына замахала рукамі, прыгаворваючы: «Не, ні ў якім разе. Проста ў мяне не было гро­шай, каб спецыяліста наняць, таму я вырашыла сама змайстраваць грубку».

Пячнік работу Веры Васільеўны ацаніў на «выдатна».

Крызіс 90-х гадоў мінулага стагоддзя, скарачэнне з працы Леаніда Мікалаевіча, падштурхнула Шыгалёвых пайсці на рызыку і заняцца сваёй справай. Фер­мерства тады толькі зараджалася, і ніхто не ведаў, што з гэтага атрымаецца. Шыгалёвы не прагадалі, калі ўзялі ў арэн­ду некалькі гектараў зямлі. Канечне, не ўсё адразу атрымлівалася, вучыліся на сваіх памылках, эксперыментавалі.

— Фермерамі мы так і не сталі, — тлумачыць Вера Васільеўна. – Лічымся як арандатары. Апрацоўваем каля 15 гектараў зямлі, на якой вырошчваем збожжавыя, бульбу, капусту, памідоры, перцы, агуркі. Усёй неабходнай тэхнікай, акрамя камбайна, забяспечаны. Ёсць уласная цяпліца, у якой сёлета высадзілі каля 8 тысяч каліўцаў перцу. Раней яшчэ ў цяпліцы вырошчвалі агуркі, потым пакінулі. Большым попытам карыстаюц-ца карнішоны з адкрытага грунту. Пра­цаваць на зямлі задавальненне, калі ёсць аддача. Мы разлічваем выключна на ўласную сілу. Таму і баліць душа, калі вырашчаны ўраджай няма куды збыць.

Вера Васільеўна вядзе да сховішча, у якім ляжаць хрумсткая капуста, крамяная морква. Па словах жанчыны, агародніну няма куды дзець, адзінае, што застаецца, – аддаваць на корм жывёле. Ды толькі Шыгалёвы рукі не апускаюць. Прыйшла вясна. Час сеяць і закладваць аснову новага ўраджаю. Вера Васільеўна, як калісьці ў маладосці, спраўна ўзбіраецца ў кабіну “Беларуса”, заводзіць рухавік і вырульвае ў поле.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 72
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!