У Маларыцкім раёне школьнікі вырабляюць штучныя гняздоўі для соў

Не першы год сумесна з Брэсцкім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вучні раённай гімназіі ў пачатку вясны вырабляюць штучныя гняздоўі для розных відаў соў. Сёлета ў гэтым мерапрыемстве ўпершыню прымалі ўдзел таксама і вучні СШ №1, СШ №2 Маларыты, Ланской СШ.

— Неабходнасць для будаў­ніцтва штучных гняздоўяў ўзнікае таму, — гаворыць настаўніца біялогіі раённай гімназіі Нелі Шпетная, — што совы самі сабе жытло не будуюць. Таму яны не так актыўна размнажаюцца, як маглі б. Совы часам могуць займаць старыя гнёзды сарок, варон ці нават некаторых драпежных птушак,  а таксама робяць сабе гняздо ў дупле дрэва. Совы, якія гняздуюць у дупле, не будуюць сабе гнёздаў, яны проста займаюць гэтае дупло і адкладваюць у ім яйкі на голае дно. Не трэба тлумачыць, што знайсці тэрыторыю, прыдатную для пражывання соў,  разам з гняздом вельмі цяжка. Таму на дапамогу птушкам прыходзяць нашы вучні.Сёлета з ініцыятывай вырабіць штучныя гняздоўі для соў выступіў член грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзяніс Піпко. Падчас сустрэчы ў раённай гімназіі перад старшакласнікамі Дзяніс Анатольевіч расказаў пра соў, іх асаблівасці, пазнаёміў з арэалам рассялення гэтай групы драпежных птушак, прапанаваў вучням дапамагчы ім абуладкаваць сваё жытло. Многія гімназісты зацікавіліся гэтым, адгукнуліся на прапанову і ўзяліся за працу, памятаючы, што домікі для соў павінны быць трывалымі, бяспечнымі, даўгавечнымі, раз­борнымі…

За некалькі дзён было выраблена шэсць дуплянак для вераб’інага і касматаногага сыча і дзве платформы – для барадатай кугакаўкі. Першымі ў справу дапамогі совам уключыліся васьмікласнікі Кірыл Пачынчук і Аляксей Сідарук, а таксама дзесяцікласнікі Дзмітрый Алесіюк,  Арцём Каралюк,  Анаста­сія Шыян і Марыя Фядосава…

Па словах Дзяніса Піпко, усе штучныя гняздоўі, зробленыя дома  рукамі вучняў раённай гімназіі і іх бацькоў, будуць вывешаны ў сакавіку-красавіку  ў месцах, якія найбольш прыдатныя для гнездавання соў. Калі ўсё будзе добра, то на наступны год совы заселяцца ў новае жытло.

Падчас вясенніх канікулаў і на працягу чацвёртай чвэрці вучні раённай гімназіі будуць працягваць вырабляць штучныя гняздоўі для соў, каб павялічыць іх папуляцыю.

Мікалай НАВУМЧЫК.

 

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!