“Афганістан выбраў сам”

Праз вайну ў Афганістане прайшло 96 чалавек, якія цяпер жывуць у раёне, з іх 79 – карэнныя маларытчане. 6 чалавек атрымалі раненні і інваліднасць, 3 – загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. 30 удзельнікаў Афганскай вайны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Медалі “За адвагу” атрымалі 7 чалавек, у іх ліку і Васіль Бягеза з в.Гвозніца.
-Тое, што ўбачыў і пера­жыў у Афганістане, назаў­сёды засталося ў памяці, — кажа Васіль Сцяпанавіч. – Любая вайна – гэта трагедыя для многіх людзей: і салдат, і мірнага насельніцтва. Яна карэнным чынам мяняе кожнага, уплывае на яго. Ужо сама атмасфера рэальнага бою адкладвае адбітак на ўсім. Але я перакананы, што заўсёды і ва ўсім неабходна заставацца чалавекам, як бы цяжка ні было. У Афганістан не рваўся, хоць магчымасць не трапіць туды ўсё ж такі была.
Васіль закончыў Збуражскую СШ. У час вучобы наведваў вучэбна-вытворчы камбінат. Здаўшы паспяхова экзамены, атрымаў пасведчанне трактарыста. Адразу ўладкаваўся ў мясцовы калгас “Бальшавік”. Праз месяц выклікалі ў райваенкамат і накіравалі на вучобу ў Брэст. 5 месяцаў спасцігаў азы кіравання БТРам. Адначасова атрымаў права кіраваць аўтамабілем. Пасля зноў вярнуўся ў родны калгас, перасеў на машыну.
-Прапрацаваў да 14 красавіка 1985г. – расказвае Васіль Бягеза. – На наступны дзень — урачыстыя провады ў армію. У той год гэта якраз быў Вялікдзень. Дзень праляцеў хутка. Я нават не паспеў падстрыгчыся. Родныя агалілі ля ваенкамата пад дзяжурным асвятленнем. Пасля быў Брэст, Барысаў, Батумі (Грузія). Менавіта тут даведаўся, што буду служыць у Афганістане. Расхваляваўся. Аднак што я мог зрабіць. Хіба можна змяніць тое, што напісана на раду? На сэрцы была нейкая трывога, пужала невядомасць. Быў нейкі страх. З першага дня нас сталі рыхтаваць маральна і фізічна да будучай службы. Марш-кідкі, стрэльбы, фізічная падрыхтоўка…
30 ліпеня самалётам з Батумі паляцеў у Афганістан. Горад Шынданд, а затым пасёлак Адраскан. Менавіта тут дыслацыраваўся асобны гвардзейскі інжынерна-сапёрны батальён. Васіля залічылі ва ўзвод матэрыяльнага забеспячэння. Адразу далі УАЗ вазіць камандзіра батальёна. Адрамантаваўшы машыну, стаў ездзіць толькі па тэрыторыі часці. За яе межамі было небяспечна для жыцця. Так праслужыў некаторы час, а пасля неяк сказаў камбату:
— Не па мне ціхая служба. Хлопцы праліваюць кроў, ад куль паміраюць, а я тут ся­джу. Няёмка неяк. Спакою не знаходжу. Не маё гэта…
Камандзір батальёна не вельмі здзівіўся сказанаму. Хутка салдат перасеў за руль ГАЗа-66, а пасля – ГАЗа-53. Аднак смак сапраўднай салдацкай ваеннай службы Васіль адчуў толькі тады, калі з Кушкі (Туркменія) прыгнаў новенькі “Урал”. 22 месяцы не расставаўся з ім. Стаў класным спецыялістам. За час службы заўсёды быў у ліку першых. Сур’ёзны, адказны, дысцыплінаваны, ён быў прыкладам для іншых.
— За час службы ў Афганістане, — кажа Васіль, — прымаў удзел у 12 баявых аперацыях. Бліз Кандагара адзін раз “ваявалі” бесперастанку на працягу 50 дзён, другі раз — 55. У рукапашную не хадзіў, бо ў асноўным вялася мінная вайна. Вельмі часта былі перастрэлкі. Напады з боку маджахедаў мы заўсёды чакалі на савецкія святы. У такія дні яны абавязкова выпускалі кулі па нашых пазіцыях. Не раз абстрэльвалі, калі і на “Урале” ездзіў. Але мясцовае насельніцтва быццам бы дружалюбна адносілася да савецкіх салдат.
— За што атрымалі медаль “За адвагу”?
— За апошнюю шматдзённую аперацыю. Тэрмін службы ўжо заканчваўся. «Дэмбеляў» на ваенныя аперацыі, як правіла, не бралі. Але абставіны склаліся так, што я туды трапіў. Камандзір казаў, што пакуль няма кім замяніць. Быццам бы нічога звышнатуральнага не рабіў, проста добрасумленна выконваў даручаную справу. На вайне ж няма слоў “Не хачу, не буду”. Загад ёсць загад. Ён не абмяркоўваецца.
Аднак камандаванне палічыла інакш і за праяўленую мужнасць і гераізм прадставіла юнака да ўзнагароджання медалём. Разам з гэтым Васіль Бягеза атрымаў і званне старшыны.
— А мог бы і не атрымаць?
— Мог бы. У Барысаве ў мяне быў высокі ціск. Ён не падаў некалькі дзён. Таму я з ліку тых, каго накіроўвалі ў Афганістан, быў выкраслены. Але калі сталі правяраць дакументы, то ў аднаго навабранца не аказалася правоў на машыну. Афіцэр у тых, каго забракавалі, спытаў, ці ёсць пасведчанні. Я памкнуўся зрабіць крок наперад. Хоць мог бы і не выходзіць са строю. Таму смела можна сказаць, што службу ў Афганістане выбраў сам. Аб гэтым не шкадую. Кожны чалавек павінен быць там, дзе наканавана яму лёсам.
Служба ў Афганістане працягвалася больш на 100 дзён, чым было прадугледжана. Так склаліся абставіны. Не будзем забываць, што я быў на сапраўднай вайне, дзе стралялі, разрываліся снарады, гінулі людзі. Сітуацыя на ёй можа рэзка памяняцца ў любы момант. З вайны я вярнуўся 31 ліпеня 1987 г. у дзесяць гадзін вечара.
Р.S. Вось ужо 28 гадоў Васіль Бягеза працуе ў СВК «Гвозніца» вадзіцелем. У яго працоўнай кніжцы толькі адзін запіс аб прыёме на работу. Сярод калег карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Васіль Бягеза, удзельнік афганскай вайны.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!