“ЯНА НАМ ЛАСКАЙ МАТЧЫНАЙ…”

Роля кнігі ў жыцці кожнага чалавека вельмі значная. Кніга – гэта першая казка, якая прагучала з матуліных вуснаў. Гэта першы верш, які ты вывучыў на памяць. Гэта святло ведаў, якое адчыняецца для кожнага, хто дакранаецца да кнігі. Яна скарбніца думак, ідэй, фантазій,творчасці і эмоцый. І не важна, гэта па-філасофску сур’ёзны Дастаеўскі ці цудоўна лёгкая Данцова. Кніга яднае розных па прафесіі, веравызнанні і нацыянальнасці людзей, яна тонкая ніць сувязі розных эпох, якую нам наканавана сцерагчы.
Не выпадкова 2012 год абвешчаны Годам кнігі, бо пытанні развіцця адукацыі, культуры і мовы з’яўляюцца надзвычай актуальнымі для нас. Год кнігі аб’яўлены з мэтай павышэння ролі кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, выхавання ў маладога пакалення любові да мастацкага слова, а таксама развіцця айчыннай літаратуры. Але ж ёсць людзі, якіх не трэба вучыць любіць кнігі. Яны самі цягнуцца да літаратуры ўсё сваё жыццё. Іх часта можна сустрэць у бібліятэцы, і яны з радасцю дзеляцца думкамі аб сваіх надзейных сябрах – кнігах.

Ганна Федарук:
— Усе мае сябры у маладосці прарочылі мне стаць настаўнікам пачатковых класаў. Я паслухалася, здала ўступныя экзамены добра, але на сэрцы было сумна, бо вельмі хацелася стаць настаўнікам літаратуры. Ні з кім не параіўшыся, напісала заяву рэктару, і праз два тыдні пайшла здаваць нямецкую мову. Здала! Так мая мара спраўдзілася: я стала настаўніцай літаратуры. Таму кніга ў маім жыцці мае самае вялікае значэнне. Люблю чытаць прозу, паэзію, гістарычную літаратуру. Кнігі, на мой погляд, як людзі: адны, ледзь дакрануўшыся да цябе, знікаюць назаўсёды, другія, сустрэўшыся выпадкова, уваходзяць у наша жыццё і застаюцца з намі. У дні, калі асабліва цяжка, шукаю аблягчэння і адказаў на свае пытанні ў кнігах і вельмі часта знаходжу такія кнігі, якія, здаецца, напісаны спецыяльна для мяне і майго цяжкага прамежку жыцця. Цяпер больш чытаю духоўную літаратуру. Напрыклад, “Малітва – гэта крылы душы, размова чалавека з Богам”. А цяпер на маім стале кніга В. Бірукова “На зямлі мы толькі вучымся жыць”.

Вікторыя Чэрнік:
— Для мяне кніга – гэта крыніца новых ведаў, яднанне з самім сабой. Бацькі з маленства выхоўвалі ў мяне любоў да кніг. Чыталі мне, хадзілі разам у бібліятэку, куплялі кнігі. Цяпер і мая дачка разам са мной наведвае бібліятэку. Больш за ўсё падабаецца гістарычная, дэтэктыўная літаратура. Памятаю, як у дзяцінстве прачытала раман Этэль Войніч “Овод” і не магла стрымаць слёз. І кожны раз, калі перачытваю гэтую кнігу, эфект не губляецца. На асобым месцы для мяне знаходзіцца духоўная літаратура. Прачытаўшы кніжку на такую тэму, хочацца жыць, набываеш нейкую асвету. І ты ідзеш па вуліцы, цешышся промнямі сонца, снегам, які хрумкае пад нагамі. Гэта незвычайнае адчуванне!

Анатоль Кічыгін:
— З дзяцінства люблю кнігі, яны ўсё жыццё ідуць разам са мной. Памятаю свае першыя ўражанні аб прыгодах, якія чыталі яшчэ ў школьныя гады. Не раз у больш сталым ўзросце перачытваў я гэтыя кнігі. На самой справе, няма нічога лепшага, як пачытаць перад сном, сабрацца з думкамі і пагрузіцца ў гісторыі, якія прапануюць нам шматлікія аўтары. Ніякі тэлевізар не зможа даць такой асалоды, якую атрымліваеш, калі бярэш у рукі кнігу. Вельмі падабаюцца дэтэктывы і кнігі, якія раскрываюць гістарычныя факты. Гэта літаратура, якая назаўсёды застаецца ў памяці.

Аксана Шульжык:
— Раней вельмі часта чытала кнігі, а цяпер рытм жыцця змяніўся, за работай не застаецца часу на літаратуру, якая падабаецца. У наш час неабавязкова ісці у бібліятэку, каб знайсці кнігу, дастаткова выйсці ў інтэрнэт. Вось і я пачала чытаць літаратуру ў інтэрнэце. Гэта наш прагрэс, і ў той жа час праблема. Я ведаю, што школьнікі таксама чытаюць праграмныя кнігі ў інтэр­нэ­це. Бібліятэка проста не паспявае з-за змяненняў у вучэбных праграмах закупляць патрэбную літаратуру. Як любая жанчына, люблю у вольны час пачытаць жаночыя раманы, дэтэктывы. Падабаюцца раманы Усцінавай, прачытала амаль ўсе.

Тадэвуш Жыжа:
— Па адукацыі я інжынер. Уся літаратура, якая была звязана з прафесіяй, заўсёды складалася з графікаў, таму кнігі патрэбна было чытаць удумліва. Гэта добрая звычка засталася са мной на ўсё жыццё. Таму кнігі я бяру на доўгі тэрмін і кожную з іх магу пераказаць праз некалькі гадоў. Вельмі падабаецца аналітычная, навукова-папулярная літаратура, кнігі дакументальнага плана, дэтэктывы таксама магу пачытаць. Адзінае, што не падабаецца, – гэта фантастыка. У маладосці вельмі падабаўся раман Пушкіна “Евгений Онегин”, у мяне амаль заўсёды з сабой была гэтая кніжка ў мініяцюры. З яе я пастаянна прыводзіў цытаты. З беларускай літаратуры вельмі падабаецца “Новая зямля” Я. Коласа. На мой погляд, гэта шэдэўр літаратуры.
Што застаецца сказаць: чытайце, думайце, кахайце і захапляйцеся, змагайцеся і суперажывайце разам з героямі кніг. Адкрывайце праз кнігі сусвет, бо ён выдатны і непаўторны настолькі, наколькі розныя Салжаніцын і Булгакаў, Рэмарк і Колас, Заля і Маруа. Чытайце кнігі. Кожны дзень. Чытайце не толькі таму, што 2012 год абвешчаны Годам кнігі, а проста таму, што гэта цікава!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!