«Жыву работай і дыхаю творчасцю» Вікторыя Ляўчук (Маларыта)
Асоба яркая, упэўненая, стыльная, абаяльная, мэтанакіраваная і, безумоўна, таленавітая. Так гавораць калегі пра мастацкага кіраўніка ГДК Вікторыю Ляўчук, неабыякавага і ўважлівага педагога з багатым практычным вопытам.
– Колькі сябе памятаю, заўсёды спявала, – гаворыць Вікторыя Аляксандраўна. – 3 самага ранняга дзяцінства з захапленнем назірала за артыстамі на сцэне, марыла, што калі-небудзь і сама буду так выступаць. Асабліва падабаліся выступленні народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” нашага ГДК. Мяне да глыбіні душы краналі народныя песні ў іх выкананні. Не раз я ўяўляла сябе на сцэне побач з гэтым калектывам. Безумоўна, што ў якасці салісткі (усміхаецца).
Вікторыя заўсёды была рухавіком паўсюль, як у дзіцячых гульнях, так і ў арганізацыі школьных вечароў, дыскатэк, ранішнікаў… У яе не было дзіцячага комплексу замкнёнасці.
– Памятаю, што калі яшчэ вучылася ў СШ №3, то заўжды з задавальненнем прымала ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах, асабліва ў тых, дзе неабходна было спяваць. У гэтым мяне падтрымліваў дырэктар СШ №3 Іван Барысавіч Шышук і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Васільеўна Ляўчук.
Пасля заканчэння школы Вікторыя Ляўчук, каб ажыццявіць задуманае, падала дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Ёй хацелася стаць прафесійнай спявачкай, таму выбрала спецыяльнасць “Мастацтва эстрады” (спевы). Вучоба ва ўстанове адукацыі давалася лёгка. Як і раней, па жыцці імкнулася ісці з песняй. Пры любым зручным моманце нешта сабе напявала.
– Гэта мне вельмі дапамагала і дапамагае вырашаць многія жыццёвыя пытанні, часовыя нязручнасці, пераадольваць перашкоды. Здаецца, заспяваю, дык усё як рукой здыме! Я займаюся любімай справай. Жыву работай, дыхаю творчасцю, адпачываю задумкамі. Аднак шлях да такога самазадавальнення быў няпростым і нялёгкім.
Пасля заканчэння Гродзенскага каледжа мастацтваў Вікторыя Ляўчук уладкоўваецца на працу ў СШ №1 Маларыты выхавальнікам групы падоўжанага дня.
– Я любіла і хацела працаваць з дзецьмі, але гэта быў трошкі не мой профіль. Магчыма, я так і не змагла б змяніць прафесію выхавальніка, каб не дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ірына Пятрухіна. На другім годзе функцыянавання эстраднага аддзялення ва ўстанове адукацыі была вакансія настаўніка спеваў эстраднага аддзялення. Я тады яшчэ знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за другім дзіцём. Прапанова ад дырэктара стала і нечаканай, і заманлівай.
Пэўны час Вікторыя знаходзілася на раздарожжы. Але Ірына Эдуардаўна здолела пераканаць, што неабходна перайсці на працу ў дзіцячую школу мастацваў для таго, каб расці прафесійна, удасканальваць сваё майстэрства. Яна з радасцю прыняла прапанову. Праз тры месяцы працы вучні Вікторыі Ляўчук вярнуліся з першымі ўзнагародамі з творчых спаборніцтваў.
У 2013 годзе Вікторыя Аляксандраўна перайшла на працу ў ГДК на пасаду хармайстра. Адначасова вяла “вакальныя” гурткі, далучала дзяцей да чароўнага свету спеваў. Затым яе назначылі на пасаду мастацкага кіраўніка ГДК, а з лютага 2020 года – намеснікам загадчыка ГДК. Ужо не адзін год яна як бы “разрываецца” паміж адміністрацыйнай работай, работай з дзецьмі і ўласнай творчасцю.
Вікторыя Ляўчук у лістападзе 2016 года арганізавала і адкрыла першую ў Маларыце прыватную вакальную эстрадную студыю “Cool kids”, якая праз два гады была перайменавана ў студыю “Music boom”. Цяпер яе заняткі штотыдзень наведвае амаль сорак чалавек ва ўзросце ад чатырох да сарака гадоў. У кожнага з іх свая, індывідуальная праграма навучання і вучэбна-тэматычны план. “Вучні” займаюцца і тэорыяй, і практыкай.
– Вікторыя Аляксандраўна, я хачу навучыцца правільна “браць” ноты, але ў мяне, адчуваю, няма музычных здольнасцяў. Вы мяне навучыце спяваць?
– Найпершая ўмова, акрамя жадання, – наяўнасць музычнага слыху. Калі ён ёсць, то тады я дапамагу засвоіць музычную грамату, паставіць голас, адтачыць выканальніцкае майстэрства. У адваротным выпадку я адмоўлю ў навучанні.
Большасць маіх студыйцаў цяпер – дзеці, многія з якіх з добрымі вакальнымі данымі. Мае вучні з’яўляюцца неаднаразовымі ўдзельнікамі і пераможцамі розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых песенных конкурсаў. Атрыманыя граматы і дыпломы на гэтых спаборніцтвах (а іх ужо амаль сто) цяпер упрыгожваюць студыю.
А яшчэ Вікторыя Ляўчук займаецца канцэртнай дзейнасцю. У 2017 і 2019 гадах на сцэне ГДК яна давала справаздачныя канцэрты “У коле сяброў” і “Я запрашаю Вас на свята”. Гэтыя сольныя канцэрты карысталіся поспехам у гледачоў і выклікалі станоўчы розгалас.
– Сваёй творчасцю і любоўю да прафесіі мне па-ранейшаму хочацца запальваць сэрцы людзей, дарыць радасць і добры настрой, ствараць свята, адчыняючы дзверы ў свет цудоўнага. Мне падабаецца быць у цэнтры самых цікавых, захапляльных спраў і яскравых падзей. А мая любоў да гледача, пераканана, рэхам адгукаецца ў сэрцах слухачоў.
Не адзін раз Вікторыя Ляўчук прымала і сама ўдзел у розных творчых спаборніцтвах. Напрыклад, у абласным фестывалі сучаснага мастацтва “Эстрадны Mix”, абласным туры рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” (2017, 2019), дзе прадстаўляла ўкраінскую культуру ад Маларытчыны, а таксама абласным этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”, абласным туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і ў абласным свяце “Жывыя вытокі”… Між іншым, усе сцэнічныя касцюмы Вікторыя Ляўчук прыдумвае, мадэліруе, кроіць і шые сама.
–Выбраўшы песню для выканання, абавязкова прадумваю, як неабходна трымацца на сцэне, у чым буду апранута. Касцюм павінен дапамагаць раскрываць мой сцэнічны вобраз, данесці песню да слухача, крануць яго сэрца. Таму да выбару рэпертуару адношуся адказна. Люблю выконваць як народныя, так і аўтарскія песні на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах.
– Вікторыя Аляксандраўна, якія планы на будучае?
– Іх шмат. У перспектыве хацелася б, напрыклад, адкрыць у райцэнтры прыватную школу талентаў для эстэтычнага развіцця дзяцей рознага ўзросту.
Мікалай НАВУМЧЫК.