Плачуць званы Хатыні і па Арэхаве (Маларыцкі раён)

 Жалобна плачуць, смуткуючы, званы Хатыні па 13 вёсках Маларыцкага раёна, сярод якіх значыцца і Арэхава, якое разам з іншымі населенымі пунктамі, спаленымі карнікамі падчас нацысцкай акупацыі, увекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь. Усяго на Маларытчыне фашысты расстралялі, за­катавалі і знішчылі больш 3 тысяч мірных жыхароў.

У аграгарадку Арэхава вяскоўцы не толькі ша­нуюць і паважаюць сваё мінулае, але і беражліва яго захоўваюць. Тут жы­­­ве памяць. Самая страш­ная і жудасная вай­на мінулага ста­годдзя — Вялікая Ай­чынная — па­кінула на гэтай шмат­па­­кутнай зям­лі свае не­­­загойныя раны, якія нават праз дзесяцігоддзі кро­ва­точаць. Пра гэта нель­га забыць, і нельга маў­чаць. Жыхары Арэхава спаўна зведалі жахі аку­пацыйнага рэжыму. Як маглі здзекаваліся над мірным насельніцтвам фашысцкія вылюдкі, ка­та­валі і расстрэльвалі старых, дзяцей, жанчын. Асабліва страшны лёс быў наканаваны тым вяс­­коўцам, чые блізкія і родныя служылі ў ра­дах Чырвонай Арміі або зма­галіся з лютым во­рагам у партызанах.

Ле­там 1942 года фа­шысты расстралялі дзе­сяць жы­­хароў Арэхава, а ў ве­расні 1943 дашчэнту спа­лілі вёску. Пасля вай­ны Арэхава літаральна паўстала з попелу, вяс­коўцы пабудавалі но­выя сядзібы і жыццё тут зноўку завіравала.

Сён­­ня аб тых крывавых падзеях сведчаць помнікі землякам, загінуўшым у  гады Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ засталіся сведкі, якія цудам вы­ра­таваліся падчас трагедыі. 90-гадовая Вольга Лу­кі­нішна Касьянік, ня­гле­дзячы на свой шаноўны ўзрост,  памятае пра тыя страшныя дні. Ка­лі пачалася вайна дзяў­чы­нцы споўнілася 11 га­доў. Дзіцячая памяць асаблівая, нібыта гэта толькі ўчора здарылася, а не мінула з таго часу больш за семдзесят гадоў.

 — Страшна і цяжка ўзгад­­­ваць пра тыя падзеі, — гаворыць бабуля Воль­­га і голас яе па-здрад­ніцку пачынае дрыжаць. — Не давядзі Гасподзь такі жах каму-небудзь перажыць. Да вайны вёска наша была вялікая, амаль у кожнай хаце дзеткі, — прыгадвае сваё дзяцінства жан­чы­на. —  А тут раптам вайна. Што мы, дзеці, тады разумелі. Адно бы­ло: панаваў страх. Нем­цы па-страшнаму лю­­тавалі. Нам удалося ней­кім неверагодным чы­нам выратавацца. Не­каторыя аднавяскоўцы так і засталіся назаўсёды ляжаць у гэтай зямлі. Я ніколі не думала, што да­жыву да такога ўзросту, столькі перажыўшы, вы­пакутаваўшы. Страшна ўзгад­ваць, як немцы забілі майго роднага дзядзьку Арсенція Ка­паньку і яго жон­ку Ка­цярыну. Яны ляжаць у брацкай магіле, што за калгасным два­ром. Расстралялі тады 10 ча­­­ла­век, якіх выдаў сол­тыс.

Тут назаўсёды знайшлі свой спачын Дзяніс Ні­кі­фаравіч Бя­геза, Ганна Данілаўна Бягеза, Іван Ясонавіч Бягеза, Улі­та Аляк­сандраўна Бя­геза, Арсенцій Ананьевіч Капанька, Ка­ця­ры­на Ка­панька, Іван Афа­на­сье­віч Шульжык, Надзея Шуль­жык, Вольга Іва­наўна Шульжык і Фё­дар Іванавіч Шульжык. Пе­разахаваць на мо­гіл­кі бязвінна за­бі­тых фашысты не даз­во­лілі.

Едзем на месца па­ка­рання. На невялікім пясчаным узгорку ўзвы­шаецца помнік, на якім выбіты 10 імёнаў і прозвішчаў тых, хто назаўсёды застаўся ў ліпені 1942 года. Магіла доб­раўпарадкавана. Ві­даць, што за ёй на­глядаюць. У гэтыя вяс­но­выя дні тут ціха і спакойна. Самотную ці­шыню парушаюць  толькі птушыныя спевы.

Вольга Лукінішна пры­гадвае, як аднавяскоўцы, што засталіся ў жывых пасля знішчэння вёскі ў 1943 годзе, хаваліся ў лесе, жылі ў зямлянках.

— Страшна было, — га­­ворыць бабулька. – Дзя­­цінства ў майго пакалення забрала вай­на. Неяк адразу мы ста­лі дарослымі. Помню як гарэла вёска. Гэта было на “галавасек”. Я тады пасвіла кароў за возерам. Раптам пачуліся стрэлы, нехта крычаў і плакаў. Потым запалалі хаты. Апошняй згарэла царква. Бацька нібыта прадчуваў бяду, таму загадзя загадаў усім ісці ў лес.

Пасля вайны Вольга Лукінішна многа і цяжка працавала. За­кон­чы­­ла жанчына ўсяго толькі ча­тыры класы. Вучыцца далей баць­ка не дазволіў, таму Вольга спачатку пра­цавала на ферме, по­тым уладкавалася на цагляны, а затым пе­райшла на вапнавы завод, там больш пла­цілі.

— Зараз жыць добра, — кажа ка­бета, — ды няма ўжо калі. Прайшлі мае гады, праляцелі хутка і незаўважна. Ца­ніце і беражыце кож­нае імгненне, кож­­ны пражыты дзень.

Падзялілася сваімі ўспамінамі і Яўгенія Аляксандраўна На­сенка, якая выжыла ў тым страш­­ным пекле фашысцкага генацыду. Зараз бабуля Яў­ге­­нія жыве з нявесткай і ўну­кам. Сына Аляксандра 12 га­доў таму як па­ха­вала. Сэрца Яўгеніі Аляксандраўны радуюць праўнукі: сямігадовы Ромка і пя­цігадовы Багдан, якіх прабабуля вельмі любіць.

Кажуць, што Бог дае кож­наму ча­лавеку столькі вы­прабаванняў, колькі той зможа вы­тры­маць. На долю Яўге­ніі Аляк­сандраўны іх выпала ня­мала.

— Нарадзілася я ў Вар­шаве ў далёкім 1930 годзе, — прыгадвае ба­буля. – Бацькі свайго не па­мятаю. Маці толь­кі крышачку. Калі я з’я­вілася на свет, баць­ка загінуў.  Мне і годзіка не споў­нілася, як маці мяне аддала на выхаванне  бабулі, што жыла ў Арэ­­хаве. Потым матуля некуды знікла. Бачыліся мы з ёй перад самай вайной. Праз нейкі час дайшлі чуткі, што маці загінула недзе каля Брэста падчас бам­бёжкі. Вось так і расла я сіратой. Шмат чаго перажыла ў сваім жыцці. Але на лёс не наракаю, значыць, так Бог даў.

Дарэчы, у свае 90 гадоў Яў­ге­нія Аляк­сандраўна спраўна хо­дзіць у царк­ву, за пра­дуктамі ў магазін на­вед­ваецца. Ся­дзець без справы яна не мо­жа, то за праў­­нукамі глядзіць, то паціху па гас­па­дарцы корпаецца.

— Ці памятаю, як людзей рас­­стрэльвалі ды вёску палілі? – пе­рапытвае бабуля. – Чаму ж не. Такое хіба забудзеш. Нават і хацелася б увесь жах вайны выкрасліць з памяці, ды толькі гэта немагчыма.

Бабуля на хвіліну-дру­гую змаў­кае. Успаміны вяртаюць у страшныя 40-ыя гады. Малюнкі дз­я­цінства плывуць пе­рад ва­чыма…

— Пясчаны ўзгорак. Сонца пячэ няшчадна, а можа гэта так ад страху здаецца, — гаворыць бабуля. —  Солтыс за­чытвае про­з­вішчы. Да ямы карнікі пад­водзяць аднавяскоўцаў, сярод іх маладыя мужчыны, жанчыны і нават дзеці. Ім за­гадваюць класціся ў яму тварам уніз. Адзін за адным гучаць стрэлы. Раптам хлопчык гадоў сямі-васьмі падае на калені і пачынае прасіць ката-забойцу: “Паночку, міленькі, пра­шу, не забівай”. Той моўчкі штурхае дзіця ў магілу, кулі пра­ніз­ваюць маленькае це­ла. Хлопчык памірае не адразу. Нацыст спа­­­койна назірае, як у перадсмяротнай аго­ніі му­чаецца дзіця. Мы сядзім на гарачым пяску, не ў стане нават зварухнуцца. Солтыс папярэджвае, што так будзе з кожным, хто звя­жацца з пар­ты­занамі. Страшна. Нават за­раз неймаверна страшна. Кожны дзень праходзіў у чаканні смерці. Таму цаніце жыццё, бе­ражыце мір, каб свет больш ні­колі такога зверства не бачыў.

Вельмі шмат матэ­рыялаў пра Вялікую Айчынную вай­ну саб­ра­на ў мясцовым  краяз­наўчым музеі, што ў Арэхаўскай сярэдняй школе. Настаўнік гіс­то­рыі і стваральніца музея Ніна Барысаўна Барысюк пазнаёміла яшчэ з адным ус­памінам, які быў за­натаваны са слоў свед­кі Ксеніі Ананьеўны Пархоцік.

“Ле­там 1942 года кар­нікі ак­ру­жы­лі вёску. Саг­налі ўсіх жыхароў Арэхава на горку, што за мяс­цо­вымі могілкамі. Сол­тыс Максім Корань за­чытаў прозвішчы ад­навяскоўцаў і загадаў ім выйсці, а затым легчы на пясок. Кат, апрануты ў белы халат, пачаў стра­ляць у патыліцу тым, хто ляжаў. Увечары сваякі пахавалі забітых у агульнай магіле, якая так і знаходзіцца на той гары. Сярод забітых быў і брат суседкі Арсенцій Капанька, і яго жонка Кацярына Ярмалюк, і яшчэ 8 чалавек”. 

— На жаль, сёння мала зас­та­лося людзей, хто памятае пра тыя страш­ныя зверствы, што чынілі карнікі на нашай зямлі, як здзекаваліся над на­шымі людзьмі, — адзначае Ніна Бары­саўна. – Час няўмольны. Па за­пісаных успамінах свед­каў, вёску карнікі спалілі 11 верасня 1943 года.

 Арэхава кантралявалі пар­тызаны. У гэты дзень карнікі атакавалі населены пункт, каб знішчыць народных мсціўцаў. Завязаўся бой. Тады было забіта нямала фашыстаў, але пар­ты­заны вы­мушаны бы­лі здаць вёску. Вось што напісана пра тыя падзеі ў кні­зе “Памяць”: “праціўнік паставіў перад сабой мэту вы­біць з Арэхава групу партызан атрада імя Жукава, якая ахоў­вала вёску і паравы млын. Бой быў цяжкім, асноўныя сілы ат­рада не маглі дапамагчы. За­палаў млын, пачала гарэць вёска. Партызаны ад­сту­пілі, разам з імі пай­шлі ў лес многія жыхары Арэхава”.

Па дадзеных кнігі “Па­мяць” у Арэхаве было спалена 110 два­роў і знішчаны 21 ча­лавек. Шмат часу прайшло з той пары, але раны зям­лі не­за­гой­ныя. Ніна Барысаўна кажа, што і сёння ў мясцовых лясах сустракаюцца сляды ад былых зямлянак, у якіх жылі вяскоўцы і пар­тызаны.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 16
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!