ВЯРНУЦЬ НЕЛЬГА ЗАБРАЦЬ

Для дзяцей дрэнных маці не бывае. Праяўляе яна абыякавасць у адносінах да іх, п’е, не даглядае за імі, не стварае ім адпаведныя ўмовы для выхавання… Усё роўна яна – самая лепшая, самая любімая і самая дарагая. Дзіцячая любоў у адносінах да маці, відаць, закладзена самой прыродай, на яе не ўплываюць ніякія абставіны. Таму можна зразумець тых малых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наўзрыд плачуць, калі міліцыя ці прадстаўнікі органаў апекі і апякунства ў мэтах абароны правоў дзіцяці вымушаны адбіраць іх у гора-бацькоў. І, аказаўшыся ў інтэрнаце ці іншай дзяржаўнай установе, дзеці сумуюць. І па бацькоўскім доме – няхай сабе там было холадна і брудна, і па маці – няхай сабе яна аказалася з ліку нядбайных.
Дык як жа лепш? Пакінуць дзіця на волю лёсу, але з маці, ці ўладкаваць яго ў дзяржаўную ўстанову, дзе яно будзе накормленае, апранутае, спаць на чыстай бялізне, але з чужымі людзьмі??? Стаўлю шмат пытальнікаў з надзеяй, што вы, паважаныя чытачы, паспрабуеце даць свае адказы на гэтае пытанне, абапіраючыся на канкрэтныя факты нашага жыцця.
А пакуль яшчэ адзін прыклад, які дапаможа вам зноў жа шукаць адказ на пастаўленае мною пытанне.
У мінулы чацвер у Велікарыцкім сельсавеце прайшло выязное адкрытае пасяджэнне суда раёна, на якім разглядаўся іск райаддзела адукацыі аб пазбаўленні Таццяны і Анатоля бацькоўскіх правоў у адносінах траіх непаўналетніх дзяцей.
На гэты раз абыдзем­ся без уласных камен­тарыяў, пра­паноўваючы вам пазнаёміцца з мерка­ваннямі тых, хто выступаў на су­дзе ў ролях істца, свед­­каў, дзяржаўнага абвінаваў­цы, а таксама меркаванні наконт іску самой адказчыцы.
Людміла Кучарук, загадчыца сектара аховы дзяцінства райана:
— Што паслужыла падставай для падачы іскавай заявы ў суд? Перш-наперш тое, што Таццяна Мікалаеўна і Анатоль Іванавіч не належным чынам выконвалі свае бацькоўскія абавязкі. Знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі, Анатоль Іванавіч, маючы на тое пэўныя магчымасці, ні разу не пацікавіўся лёсам сваіх дзяцей. Не клапацілася належным чынам пра іх і Таццяна Мікалаеўна, маці. Як высветлілася ў час аднаго з наведванняў, у доме не было неабходнага запасу прадуктаў харчавання, адзення і абутку, пасцельнай бялізны, была поўная антысанітарыя. А ўсё гэта давала падставу меркаваць, што маці не забяспечыла сваіх дзяцей мінімальным пералікам жыццёвых выгод. Прашу суд задаволіць іск і пазбавіць Таццяну Мікалаеўну і Анатоля Іванавіча бацькоўскіх правоў.
Пытанне суддзі Пятра Барычэўскага:
— Адказчыца, Вы згодны з іскам?
Адказчыца:
— Не, бо ўсё гэта няпраўда.
Суддзя:
— І Вы лічыце, што ў Вас неабгрунтавана забралі дзяцей?
Адказчыца:
— Так.
Суддзя:
— А што Вы зрабілі для таго, каб змяніць сітуацыю ў доме ў лепшы бок, Вам жа давалі паўгода на гэта?
Адказчыца:
— ???
Суддзя:
— Акрамя таго, Вас жа папярэджвалі, што можаце застацца без дзяцей, калі будзеце адносіцца да іх так, як адносіліся.
Адказчыца:
— У мяне дзеці заўсёды былі чыстыя і акуратныя.
Суддзя:
— І накормленыя? І цёпла, і ўтульна ім у доме было?
Адказчыца:
— ???
Суддзя:
— Дзяцей можна было б вярнуць Вам толькі тады, калі б Вы стварылі для іх нармальныя ўмовы жыцця. Вы ж не зрабілі ні кроку насустрач сваім дзецям.
Святлана Дзем’янюк, загадчыца Велікарыцкага дзіцячага сада:
— Нашу ўстанову наведвала малодшая з дачок Таццяны Мікалаеўны – Віка. Дзяўчынка вельмі шчырая, разумная, гаварлівая. Яна часта хварэла, і мы не раз бывалі ў яе дома. Пры наведванні нельга было не заўважыць, што ў доме брудна, няма самага неабходнага, у тым ліку і прадуктаў харчавання. Агарод маці Вікі ніколі не садзіла, хаця мы, вясковыя жанчыны, не раз пераконвалі яе, што жыць у вёсцы і не мець нічога свайго проста немагчыма. Бо вырашчанае на сваім участку, сваімі рукамі, – добрая прыбаўка да сямейнага бюджэту. Колькі б разоў мы ні заходзілі ў дом Таццяны Мікалаеўны, бачылі адно і тое ж. Мама Вікі ніяк не імкнулася змяніцца.
Паверце, перад судовым пасяджэннем я цэлую ноч не магла спаць. Думалася, ну як жа дзеці застануцца без маці. Якая б яна ні была, а з ёю заўсёды ім лепш, яны заўсёды цягнуцца да яе. Ішла на судовае пасяджэнне і спа­дзявалася, што дасць Бог, і Таццяна Мікалаеўна на судзе шчыра, са слязамі папросіць, каб дзетак у яе не забіралі, не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, папросіць даць ёй яшчэ пэўны тэрмін, возьмецца за розум, навядзе парадак дома, стане сур’ёзна адносіцца да сваіх бацькоўскіх абавязкаў, словам, зменіцца. Але калі ўбачыла не слёзы, а абыякавую ўсмешку на яе твары, мне перахацелася, каб дзяцей вярталі ёй назад. Яна не паводзіць сябе так, як павінна паводзіць жанчына, у якой забіраюць самае дарагое.
Хрысціна Машавец, памочнік пракурора раёна:
— У чым, на Ваш погляд, прычына сямейнага недабрабыту Таццяны Мікалаеўны?
Святлана Дзем’янюк:
— Мне здаецца, яна пакутуе паталагічнай лянотай, акрамя гэтага, не разумее сваіх бацькоўскіх абавязкаў.
Віктар Кірычун, старшыня Велікарыцкага сельвыканкама:
— Калі мы даведаліся пра недабрабыт у гэтай сям’і, узялі яе пад асобы кантроль. Не раз заслухоўвалі Таццяну Мікалаеўну на пасяджэннях камісій, што ёсць пры сельвыканкаме. Не раз ездзілі разам з ёй на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, што пры райвыканкаме. Але нічога не мянялася. Не магу забыць выпадак, калі аднойчы мы заехалі, а дзеці самі былі дома, прычым галодныя. Мы забралі іх, і каго ў садзіку, а каго ў школе пакармілі.
Думаю, што Таццяна Мікалаеўна не ў стане выхоўваць сваіх дзяцей.
Ірына Наркевіч, дырэктар Велікарыцкай сярэдняй школы:
— Першая сям’я, у якой мы адчулі непаладкі, была сям’я Таццяны Мікалаеўны. Аднойчы зайшлі да іх дамоў, а там 2-гадовая дзяўчынка адна. У доме было накурана, адсутнічалі прадукты харчавання.
На працягу года мы трымалі гэтую сям’ю пад кантролем, усякімі спосабамі і ўсе стараліся ёй дапамагчы. Маці не заўсёды прымала нашу дапамогу. Вось і ў апошні раз, калі мы былі нядаўна, у хаце з прадуктаў знайшлі толькі соль і перац. Высветлілася, што няма чым паліць у печы – дровы сырыя, за няплату адключылі электраэнергію. Маці не ішла на кантакт ні з кім. Яна жыла толькі сваімі інтарэсамі. Пасля таго, як забралі дзяцей, у доме нічога не змянілася. Усё, як і было.
Святлана Даманская, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі:
— Да ўсяго сказанага хачу дадаць, што дома ў Таццяны Мікалаеўны па-ранейшаму антысанітарыя, дом не ацяпляецца. Шматлікія прафілактычныя гутаркі з ёю, імкненне пераканаць – не далі ніякіх вынікаў. Таму камісія, у складзе якой была і старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі На­дзея Півень, супраць таго, каб Таццяне Мікалаеўне вярталі дзяцей.
Міраслаў Канановіч, намеснік старшыні СВК “Рыта”:
— Да нас у гаспадарку Таццяна Мікалаеўна са сваім сужыцелем пры­ехала ў маі 2010 года. Яна ўладкавалася даяркай, ён – пастухом. Далі ёй добрую групу кароў, ён таксама спачатку быццам бы браўся за работу. Дом гаспадарка выдзеліла. Але ўжо ў хуткім часе Таццяна Мікалаеўна змяніла свае адносіны да работы. І калі стаяла пытанне быць ёй ці не ў калектыве, ні адна даярка за яе не заступілася. Давялося мне прасіць загадчыцу другой фермы, каб яе ўзяла на работу.
У хату за 2 гады Таццяна Мікалаеўна і яе сужыцель нічога не набылі, акрамя мабільных тэле­фонаў з навушнікамі і без іх. Калі я даведаўся, што дзеці Таццяны Міка­лаеўны харчуюцца толькі чужымі яблыкамі, сэрца забалела. Паехалі ра­зам з прафсаюзным важаком у магазін, набралі прадуктаў харчавання.
Суддзя:
— Таццяна Мікалаеўна звярталася да вас за дапамогай.
Міраслаў Канановіч:
— Амаль штомесячна мы давалі ёй аванс, па таннай цане выпісвалі мяса па 30-40 кілаграмаў, стараліся, як маглі, падтрымаць, але я не думаю, што дзеці елі тое мяса. Ніхто ім яго не гатаваў.
Вытрымкі з пісь­ма маці Таццяны Міка­лаеўны В.Р. Мікала­енка, якое было прыкладзена да матэ­рыялаў судовай справы:
— Прашу суд з разуменнем аднесціся да маёй просьбы. Калі я ездзіла ў інтэрнаты, каб наведаць дзяцей, дзяўчынкі прасілі забраць іх да сябе. З задавальненнем зраблю гэта, калі мне будзе дазволена. Калі ласка, вышліце мне копію рашэння суда…
Судовыя спрэчкі:
Людміла Кучарук:
— Прашу суд падтрымаць іск аб пазбаўленні Таццяны Мікалаеўны і Анатоля Іванавіча бацькоўскіх правоў у адносінах траіх непаў­налетніх дзяцей, бо тыя факты, пра якія я гаварыла, знайшлі поўнае пацвярджэнне ў судзе.
Хрысціна Машавец, памочнік пракурора раёна, дзяржаўны абвінаваўца:
— Сапраўды, як пацвер­дзілася ў час судовага пасяджэння, у доме Таццяны Мікалаеўны, адказчыцы, адсутнічаюць элементарныя прадукты харчавання, поўная антысанітарыя, не створаны элементарныя ўмовы для нармальнага жыцця і выхавання дзяцей. З боку бацькоў адсутнічае элементарная зацікаўленасць дзецьмі. На працягу 6 месяцаў, якія даваліся маці для таго, каб змя­ніць сітуацыю, яна так нічога і не зрабіла, таму падтрымліваю іск райаддзела адукацыі.
Адказчыца:
— Прашу вярнуць мне дзяцей (без слёз і абыякава – аўтар).
Людміла Кучарук:
— Мы з радасцю зра­білі б гэта, калі б Вы на фактах даказалі, што зацікаўлены ў тым, каб яны былі побач з вамі.
Суд задаволіў іск райаддзела адукацыі, расставіўшы тым самым знакі прыпынку ў загалоўку наступным чынам: “Вярнуць нельга, забраць!” А як расставілі б знакі прыпынку вы?
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!