“Чаму склалася малочная праблема?”

Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе.
Тамара Ільінічна Канькова, жыхарка в. Хаціслаў:
— Казімір Віктара­віч, з 1 сакавіка г.г. па маршруту “Маларыта-Хаціслаў” маршрутнае таксі хадзіць ужо не будзе, аўтобус курсіруе толькі па суботах і панядзелках. А многія з жыхароў, у тым ліку і я, у Маларыце працуюць. Што будзе далей з транспартным забеспячэннем?
— Уся сутнасць праблемы цяпер у эканамічнай эфектыўнасці работы маршрутных таксі. Зразумела, праблема няпростая. Нам трэба вывучыць сітуацыю, каб нешта прадпрыняць.
Ірына Самасюк, г. Маларыта, вул. Леніна, 37/1:
— Стаяла ў райвыканкаме на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. У 2009 годзе мяне без папярэджання знялі. Чаму?
— Вы жылі адна?
— Дзеці жылі са мною, атрымалі кватэры.
— Дык, напэўна, у вас цяпер хапае плошчы, каб не стаяць на чарзе?
— 19 кв. метраў. Дык дом наш аварыйны, павінен пад знос пайсці…
— Мы разбярэмся ў вашай сітуацыі і дадзім пісьмовы адказ.
— Дзякуй.
Ганна Міхай­лаўна Літоўчык, г. Маларыта:
Чаму ў гора­дзе немагчыма купіць таннае малако? Іншы раз даводзіцца аббегаць усе магазіны…
— Сітуацыю я ведаю і скажу, што віны нашага райспажыўтаварыства тут няма – малочны камбінат не атаварвае нашы заяўкі па малочнай прадукцыі ў поўным аб’ёме. Пытанні гэтыя на кантролі што­дзень – вядзем перамовы з пастаўшчыкамі наконт павелічэння лімітных паставак.
Віктар Яфімавіч Кулічык, жыхар в. Чарняны, інвалід ІІ групы:
— Я хацеў бы пагаварыць пра нашы могілкі. Туды цяпер страшна зайсці, бо склалася небяспечная сітуацыя ад сухастойных дрэў, якія ад больш моцнага парыву ветру могуць упасці на помнікі ці нават на чалавека. Ніхто іх не прыбірае.
Казімір Віктаравіч тут жа звязаўся па тэлефоне са старшынёй Чарнянскага сельвыканкама Юліяй Плуцэнік, якая пацвердзіла, што на могілках каля 50 сухіх дрэваў. Каб прыбраць іх, неабходны вялікія сродкі. Аднак у сельвыканкаме прадпрымаюцца пэўныя меры па ліквідацыі сухіх дрэў. Казімір Лапіч даручыў сельвыканкаму паскорыць работу па навядзенні парадку на могілках.
Вольга Мікітаў­на Пекарук, жыхарка в. Ланс­кая:
— Многія з жыхароў нашай вёскі, у тым ліку і я, прадаюць лішкі малака дзяржаве. Аднак малаказборшчыца не заўжды добрасумленна адносіцца да прыёмкі малака…
— Канкрэтна нічога не магу Вам, паважаная Вольга Мікітаўна, адказаць з гэтай нагоды. Лічу, што ў вёсцы трэба правесці сход з удзелам усіх малаказдатчыкаў і абмеркаваць пытанні прыёму малака.
Ніна СВІЦЮК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!