Дзень Перамогі ў Маларыце пройдзе без масавых мерапрыемстваў
Улічваючы пагрозу распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі, на Маларытчыне на 9 мая и не планавалася правядзенне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку і акцыі «Беларусь памятае» ў традыцыйным яе выглядзе, калі маларытчане ішлі ў калоне з партрэтамі сваіх сваякоў, якія змагаліся з ворагам у Вялікую Айчынную вайну. Зараз па ўсёй краіне акцыя “Беларусь памятае” праводзіцца праз інтэрнэт. Каб прыняць у ёй удзел, неабходна ў сацыяльных сетках размясціць фотаздымак сваякоў-франтавікоў з хэштэгам #Беларусьпомнит і па магчымасці паведаміць пра іх баявы шлях.
Ёсць такі чалавек і ў сям’і настаўніка геаграфіі Маларыцкай раённай гімназіі Вадзіма Шпетнага. Гэта яго дзядуля па лініі маці – кулямётчык 307-га гвардзейскага стралковага палка 70-й стралковай дывізіі 38-й арміі 4 Украінскага фронта Максім Пятровіч Алесік. Яго лёс – прыклад гераізму беларускага народа, яго любові і адданасці роднай зямлі.
– Мой дзядуля Максім Пятровіч, – гаворыць Вадзім Паўлавіч, – нарадзіўся і вырас у в. Ланская. З маленства яму давялося перанесці шмат пакут і выпрабаванняў. Ва ўзросце дзесяці гадоў застаўся сіратой: памерлі бацька і маці. Выхаваннем Максіма і яго малодшых братоў – шасцігадовага Дзмітрыя і чатырохгадовага Рыгора – займалася старэйшая сястра Параска. Яна, чатырнаццацігадовая дзяўчына, на свае плечы ўзваліла ўвесь цяжар выхавання і клопату пра братоў. Было нялёгка. Дзеці жылі самі, час ад часу, чым маглі, ім дапамагалі родзічы. Калі пачалася вайна, Максіму было 17 гадоў. У час акупацыі хлопец вырашыў пайсці ў партызанскі атрад, які быў у навакольных лясах, і хутка зблізіўся з камандзірам дыверсійнай групы Фёдарам Марудам. Максім стаў сувязным партызанскага атрада.
Пасля вызвалення Маларытчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на фронт Максім Алесік быў прызваны 8 верасня 1944 года Маларыцкім РВК, служыў кулямётчыкам. З захопнікамі ваяваў па 15 красавіка 1945 года. Дваццатага студзеня 1945 года прымаў удзел у баі за чыгуначны мост праз раку Дунаец (г.Новы Санч, граніца Польшчы і Чэхаславакіі).
Архіўныя дакументы сведчаць, што Максім Пятровіч прабраўся пад агнём праціўніка на другі бераг ракі і прымусіў немцаў адступаць. На наступны дзень падчас адбіцця контратакі фашыстаў у раёне в. Касінка Мала ён быў паранены ў нагу. Недзе праз месяц малады чырвонаармеец зноў атрымаў раненне ў нагу, але месца бою не пакінуў. Трэцяе раненне (на гэты раз у галаву) ён атрымаў у жорсткім баі 15 красавіка 1945 года ля г. Мараўская Острава (Чэхаславакія), але застаўся жывым.
Баявы шлях Максіма Пятровіча быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку – медалём “За адвагу”, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I і II ступеняў. Акрамя таго, ён быў прадстаўлены да ўзнагароджвання ордэнам Славы III ступені.
Пасля вайны Максім Алесік працаваў у мясцовым калгасе брыгадзірам, пасля будаўніком, а апошнія гады перад выхадам на заслужаны адпачынак – рабочым у Ланской школе. Максім Пятровіч выбіраўся дэпутатам мясцовага сельсавета.
Яго грамадзянская пазіцыя не падабалася бандэраўцам, якія пасля вайны пэўны час гаспадарылі ў лясах Маларытчыны. Яны хацелі “ліквідаваць” актывіста. Неяк Максім з жонкай Кацярынай паехаў працаваць на поле. У гэты дзень да яго ў хату прыйшлі бандэраўцы. Яны Максіма Алесіка чакалі доўга. Яго жыццё ўратавалі вяскоўцы, якія папярэдзілі пра небяспеку і паведамілі ў міліцыю.
Пра свае подзвігі Максім Алесік не вельмі любіў расказваць. Ён лічыў, што нічога гераічнага не зрабіў. Так, на яго думку, паступалі ўсе, хто абараняў сваю Радзіму ад захопнікаў у гады вайны, хто хацеў жыць у вольнай краіне і быць гаспадаром свайго лёсу. Вадзім Шпетны пра некаторыя ваенныя факты з жыцця свайго дзеда Максіма даведаўся зусім нядаўна.
– Уся наша сям’я (а ў дзядулі чатыры сыны і адна дачка, ёсць унукі і праўнукі) не забывае, а беражліва захоўвае памяць пра ваеннае мінулае нашага дарагога чалавека, – гаворыць Вадзім Паўлавіч. – Дзед Максім з’яўляецца прыкладам для нас. На фронт ён ішоў не па ўзнагароды, а каб хутчэй перамагчы фашыстаў і працаваць на сваёй зямлі, гадаваць дзяцей і радавацца жыццю!
Мікалай НАВУМЧЫК.
