«Гэта наш край!» У Маларыце адбылося кальцаванне птушанят савы вушастай (фотарэпартаж)

У мінулую нядзелю, ля старых гарадскіх могілак Маларыты адбылося кальцаванне пяці птушанят савы вушастай. Удзел у гэтым прыняў старшыня рабочай групы грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” па сокалападобных і совападобных Дзяніс Кіцель, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Юрый Янкевіч, а таксама начальнік Маларыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Нікіцюк.

– Вушастыя совы не будуюць гнёздаў самастойна, – праводзіць лікбез Дзя­ніс Аляксандравіч. – Яны займаюць гнёзды іншых птушак. Гняздо павінна быць добра схавана ў густой кароне дрэва. Там, дзе няма прыдатных месцаў, вушастыя совы не гняздуюцца. Аднак яны таксама могуць займаць штучныя гняздоўі,  якія робіць і ўсталёўвае чалавек. Адно з такіх гняздоўяў і заняла сям’я соў вушастых, за якой мы назіраем пэўны прамежак часу.

Па словах Дзяніса Кіцеля, гэтыя птушкі ля старых гарадскіх могілак  райцэнтра гняздуюцца прыкладна з 2001 года. У адным і тым жа гняздзе сям’я савы вушастай можа пражываць  да пяці гадоў. У суботу спецыялісты-арнітолагі кальцавалі птушанят  савы вушастай трохтыднёвага ўзросту.

– Кальцаванне птушак – метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі, – кажа Дзяніс Кіцель. – Мы ловім, як, напрыклад, сёння, вушастых соў, вешаем ім на лапу спецыяльнае маленькае металічнае (алюмініевае) кальцо, на якім пазначаны серыя і нумар, г.зн. унікальны код. Калі гэтае кальцо знойдуць ў іншай краіне, то змогуць даведацца, хто, дзе і ў які час птушку кальцаваў. Гэта вельмі важны матэрыял для арнітолага. Для нас птушкі ўсе аднолькавыя на выгляд. Адрозніваць кожную асобіну якраз і дапамагае кальцаванне. Каардынуе ўсю працу Цэнтр кальцавання птушак, які знаходзіцца ў Мінску. Там захоўваецца даволі шмат інфармацыі пра розных птушак.

– Дзяніс Аляксандравіч, ці ёсць у вас інфармацыя аб колькасці вушас­тых соў на тэрыторыі Маларытчыны?

– За мінулыя гады намі зроблена і ўсталявана ў Маларыце і ваколіцах каля ста савіных домікаў. А вось дакладным падлікам колькасці гэтых птушак мы не займаліся. Але,  думаю, што цяпер іх будзе каля пяцідзесяці пар.

– А чым адметна сава вушастая? Чаму такая ўвага да яе?

– Вушастая сава – адзін з 11 відаў соў, якія гняздуюцца і зімуюць у Беларусі, – гаворыць арнітолаг. – Апазнавальныя “вушкі” з пер’я гэтай савы не маюць нічога агульнага з вушамі. Сапраўдныя яе вушы ўбачыць няпроста, бо яны схаваныя пад пер’ем.  Па звестках кальцавання, самая старая вушастая сава пражыла 29 гадоў і 9 месяцаў. Гэтая сава можа паварочваць галаву на 270 градусаў! Ворагаў у вушастай савы ня­шмат. Найбольшую небяспеку для яе прадстаўляе пугач, куніца. Сава вушастая –  птушка карысная. Яна ловіць грызуноў, паў­зуноў, насякомых. Адна сям’я соў, напрыклад, за сезон з’ядае ад 1500 да 2500 мышэй-палёвак. Між іншым, сава вушастая бы­ла птушкай года ў Бела­русі ў 2015 годзе.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 4
  • 24
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!