АДНЫМ ЖЫЦЦЁМ З ПРЫРОДАЙ

Мяне даўно цікавіла пытанне, чаму мой дзядуля захапіўся паляваннем. Адказ на яго я знайшла, паглыбіўшыся ў далёкае мінулае.
Усё пачалося, як высветлілася, у дзяцінстве. Маленькі хлопчык Міколка быў звычайны, як і ўсе дзеці: любіў гуляць з сябрамі, хадзіў на рэчку, але вызначаўся сярод іншых тым, што вельмі любіў лес.
Толькі ўявіце такі малюнак. Світанак. Туман вузкай палоскай сцелецца па самой зямлі. Хоць і ідзеш наўгад, не ведаючы дарогі, усё роўна натыкаешся на невялікае сямейства вожыкаў. І ўжо ідзеш павольней, канцэнтруючы ўвагу на зямлі. Але раптам над галавою нешта прашмыгнула. Задзіраеш галаву, а на дрэве, на самай нізкай галінцы, сядзіць вавёрка са сваімі дзеткамі. А далей – яшчэ больш цікава. На ўзлеску, ля рэчкі, таксама можна сустрэць бабра са сваім сямействам. Як радасна плюхаюцца гэтыя малыя ў вадзе!
Захапіўшыся жыццём лесу, не заўважаеш, як надыходзіць вечар. Маральна задаволены, спяшаешся дамоў (са слоў дзядулі).
Кожны дзень, праведзены ў лесе, пакідаў у сэрцы Міколкі нейкі своеасаблівы адбітак, які з цягам часу ператварыўся ў любоў да палявання.
Сёння Міколка, ці Мікалай Васільевіч Манжук, – гэта муж, бацька, дзядуля траіх прыгожых унучак і маленькага ўнучка, у якіх ён таксама выхоўвае інтарэс да ляснога жыцця: заўсёды бярэ нас з сабою на рыбалку, водзіць у грыбы і ягады.
Збіраючыся на паляванне, дзядуля кожны раз абяцае прынесці якога-небудзь звярка і, калі гэтага захочуць усе, пакідае жывёліну жыць у сябе.
Для дзядулі паляванне – гэта больш чым захапленне. Бо займаецца ён паляваннем ужо 40 гадоў. І не памятаю такога выпадку, каб ён зімой скардзіўся, што яму холадна, а летам, што спякотна. Заўважыла, што нават калі дзядуля прыходзіць па пояс мокрым, ці дрыжыць ад холаду, на твары ў яго заўсёды ззяе ўсмешка. І гэтая ўсмешка даражэй, чым любая ўзнагарода.
Для сябе зрабіла вывад, што паляванне – гэта не хобі. Паляўнічы – гэта прызванне.
Вікторыя НІКІЦЮК, вучаніца 11 класа Макранскай сярэдняй школы.
НА ЗДЫМКУ: Мікалай Васільевіч МАНЖУК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!