«Поспех прыходзіць толькі да таго, хто імкнецца яго да­сягнуць» Навука дзеда назаўжды з Іванам Лук’янчуком (Маларыцкі раён)

Іван Лук’янчук – настаўнік фізічнай культуры і здароўя Маларыцкай раённай гімназіі. Гэта мэтанакіраваны, адказны малады педагог, які сур’ёзна ставіцца да даручанай справы і ўсяго сябе аддае таму, чым любіць займацца. Іван Аляксандравіч – адзін з тых, каго прынята называць маладым і перспектыўным, бо ў яго ёсць для гэтага важныя якасці – жаданне працаваць і жыць прафесіяй. Нягледзячы на тое, што за плячыма ў Івана Аляксандравіча педагагічны стаж усяго ў некалькі месяцаў, ён ужо здолеў “захапіць” сэрцы вучняў. Яны з нецярпеннем чакаюць урокаў фізічнай культуры і здароўя, з задавальненнем бягуць у спартыўную залу.

— Каб стаць сапраўдным прафесіяналам, мне не­абходна яшчэ шмат пра­цаваць, — заўважае малады настаўнік. — Таму наведваю ўрокі калег, каб пераняць эфектыўныя і выніковыя метады і прыёмы. Сва­ім прафесійным май­стэрствам пастаянна дзе­ліц­ца настаўніца фізічнай культуры і здароўя Ірына Васільеўна Ярац. Кожны дзень, ідучы на працу, не забываю словы май­го дзядулі Мікалая Ва­сілье­віча Леўчука, які ўсё жыццё працаваў у школе, у розны час ва ўстановах адукацыі Маларытчыны выкладаў фізічную куль­туру, тэхнічную працу, чар­чэн­не, біялогію і хімію і 21 год узначальваў Гвоз­ніцкую СШ. Некалі дзя­дуля мне сказаў: “Урок фізічнай культуры – гэта своеасаблівая масавая тэатральная пастаноўка. Настаўнік у ёй адначасова і галоўны рэжысёр, і сцэ­на­рыст, і дырыжор, і вы­ка­наўца… Каб дзеці ат­рымалі зарад здароўя і ба­дзёрасці, адчулі радасць і задавальненне, неабходна да драбязы прадумваць кожны этап урока, усе яго элементы. Памятай, што поспех прыходзіць толькі да таго, хто імкнецца яго да­сягнуць”.

Іван Лук’янчук падчас вучобы ў Гвозніцкім д/с-СШ сярод аднаклас­ні­каў выдзяляўся раз­важ­лівасцю, удумлівасцю і памяркоўнасцю. Некалькі гадоў хлопец самастойна займаўся бегам, ад­нак такія трэніроўкі належ­нага эфекту не давалі. У восьмым класе ён  сур’ёз­на захапіўся спартыўнай хадзьбой. Секцыі па гэтым відзе спорту ў школе не было. Яна была адкрыта ў дзіцяча-юнацкай спар­тыўнай школе Мала­рыц­кага раёна. Іван тры ра­зы на тыдзень пасля ўро­каў стаў дабірацца ў рай­цэнтр на заняткі па лёг­кай атлетыцы да трэ­нера Сяргея Астапука.  Па­колькі назад не было чым даехаць, хлопцу часта даводзілася вяр­тацца ў родную вёску пеш­шу, кожны раз пера­адоль­ваючы адлегласць  прыкладна ў 13 кіла­метраў.

— Мяне гэта зусім не засмучала, – усміхаецца Іван Аляксандравіч. – Гэта была своеасаблівая дадатковая трэніроўка, пачатак шляху да спар­тыў­нага майстэрства. Хоць на пра­фесійным узроўні займацца спартыўнай хадзь­бой ніколі не думаў.

Аднак за няпоўны год трэ­ніровак Іван двой­чы стаў прызёрам  воб­лас­ці, прымаў удзел у спа­борніцтвах на Кубак рэс­публікі, а пасля стаў пераможцам і пры­зё­­рам рэспубліканскіх спа­бор­ніцтваў па спартыўнай хадзь­бе, пераможцам куб­каў Беларусі і краін Бал­тыі.

Стаць настаўнікам фізіч­най культуры і здароўя Іван Лук’янчук канчаткова вы­рашыў, калі ву­чыў­ся ў 10 класе. Таму пе­рад сабой ён паставіў мэту – паступіць вучыцца на спартфак Брэсцкага дзяр­жаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Да ажыц­цяў­лення задуманага юнак ішоў паступова, але ўпэў­нена. У старэйшых кла­сах асаблівую ўвагу ён на­да­ваў вывучэнню біялогіі і беларускай мовы. Нават абараняў гонар роднай школы па беларускай мо­ве і літаратуры на раён­най алімпіядзе. Хоць пераможцам і не стаў, але вы­нік паказаў добры.

Пасля заканчэння Брэсц­­­ка­га дзяр­жаўнага ўні­­­­­версі­тэта імя А.С.Пуш­кі­на Іван Аляксандравіч на першае месца працы быў накіраваны ў Маларыцкую раённую гімназію. Аднак праз тры месяцы ён быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Пасля яе заканчэння вяр­нуўся на ранейшае месца працы.

– Паколькі падчас служ­бы ў арміі я сябе добра за­рэкамендаваў, то мне не раз прапаноўвалі зас­тац­ца служыць далей, – га­ворыць Іван Лук’янчук. – Узважыўшы ўсе «за» і «су­праць», вырашыў усё ж такі вярнуцца працаваць ў школу. Аб гэтым цяпер ніколькі не шкадую. Пе­ра­­кананы, што сябе можна знайсці ўсюды, га­лоў­нае – мець жаданне і маты­вацыю. Калі гаварыць пра  ўрокі фізічнай культуры і здароўя, то яны, лічу, да­памагаюць не толькі стаць вынослівым і моц­ным, але і выхаваць у са­бе мэтанакіраванасць і са­мадысцыпліну. Мая галоўная  мэта – навучыць дзяцей любіць спорт у цэлым.

На думку Івана Аляк­санд­равіча, настаўнік фі­зічнай куль­туры і зда­роўя – прафесія асаб­­лі­вая. Ён цяпер па­вінен быць мабільным, ці­ка­вым, здольным ад­ка­заць, напэўна, на лю­бое пытанне вучняў, а таксама стрыманым, шчы­­­­рым і адкрытым. А са­мае, напэўна, галоў­нае – чалавечным. Як на­­стаўнік, Іван Лук’янчук спрабуе раз­гле­дзець спартыўныя за­даткі і здольнасці ў кож­­­­ным сваім вучні, пад­трымаць іх, паказаць перс­пектывы ўласнага рос­ту, дапамагчы ўзняцца ў сваіх дасягненнях на пры­ступку вышэй, імкнецца сфарміраваць пазітыўныя адносіны да здаровага ла­­ду жыцця, падрыхтаваць да са­мастойнага жыцця здаровую і фізічна моцную моладзь, вучыць на ўлас­ным прыкладзе.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!