“Падтрымка бізнес-праектаў” Сувенірная прадукцыя з саломкі Алы Назарук (Маларыцкі раён)
Як мы паведамлялі ўжо, на Брэстчыне працягваецца рэалізацыя сацыяльнага праекта “Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве”, які быў ініцыіраваны грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы” ў партнёрстве з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам пры фінансавай падтрымцы дабрачыннага Фонду “The Coca-Cola Foundation”. Журы разгледзела восемдзесят дзевяць бізнес-ініцыятыў з чатырнаццаці раёнаў вобласці і выбрала пяцьдзясят лепшых. У гэты лік трапіла і пяць бізнес-праектаў з Маларытчыны. Фінансавую падтрымку атрымала і Ала Назарук.
Ала Назарук – майстар народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці, кіраўнік раённага аматарскага аб’яднання “Скарб талентаў”. Яна ўжо не адзін год стварае непаўторныя, дзівосныя па сваёй прыгажосці саламяныя вырабы. Работамі Алы Сцяпанаўны захапляліся ў Польшчы, Украіне, краінах Балтыі падчас розных выстаў, пленэраў, фестываляў, майстар-класаў… Таленавітасць і прафесіяналізм самабытнай майстрыхі пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды з розных творчых спаборніцтваў.
– Мэта маёй ініцыятывы “Традыцыі і сучаснасць саломапляцення”, – гаворыць Ала Назарук, – наладзіць выраб сувенірнай прадукцыі з саломкі – прыроднага экалагічна чыстага матэрыялу (нацыянальныя лялькі, саламяныя абярэгі, а таксама лапці, валёнкі, званочкі сувенірныя), пляценне мужчынскіх і жаночых капелюшоў, жаночых какошнікаў як для калектываў, так і для прыватных асоб, прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым побыце (дэкаратыўныя сумачкі, кошыкі, цукерніцы, пано і інш.). Таксама мяркую, што будзе праведзена некалькі майстар-класаў па саломапляценні для дзяцей і дарослых.
Ала Назарук ужо атрымала неабходнае абсталяванне, расходныя матэрыялы і пачала рэалізоўваць свой праект, які разлічаны на некалькі месяцаў.
– Гэта мне блізкае з дзяцінства. Саломапляценне не толькі хобі, але, напэўна, у некаторай ступені яшчэ і сэнс жыцця. Саломапляценнем захапілася яшчэ ў класе пятым. Аднак сур’ёзна гэтым стала займацца пасля заканчэння Арэхаўскай СШ. У Арэхаве раней быў філіял ад Брэсцкай фабрыкі сувеніраў “Славянка”. Туды на працу і ўладкавалася. Спачатку пляла лялькі, абручы, а пасля – больш складаныя рэчы, – расказвае Ала Сцяпанаўна.
Саломапляценне – частка традыцыйнай народнай культуры. Лічу, што гэтае рамяство цяпер неабходна адраджаць, паказваць прыгажосць і непаўторнасць саламяных вырабаў. Трэба захаваць лепшыя традыцыі беларускага саломапляцення, перадаць іх маладому пакаленню, прапагандаваць. Пераканана, што рэалізацыя маёй бізнес-ініцыятывы якраз і будзе гэтаму садзейнічаць.
На пытанне, як і дзе плануе збываць вырабленую прадукцыю, Ала Сцяпанаўна адказала:
– Я – зарэгістраваны рамеснік. Плануецца, што вырабленая падчас рэалізацыі сацыяльнага праекта прадукцыя будзе знаходзіць свайго пакупніка не толькі на раённым і абласным, але і на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях падчас розных выстаў, пленэраў, магчыма, таксама – і праз інтэрнет-магазіны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
