«Другая палавінка: аднойчы і назаўсёды» Моц сям’і (Маларыцкі раён)

Не адно дзесяцігоддзе жывуць  мае аднакласніцы і аднакласнікі са сваімі суджанымі. Да такой высновы прыйшла, праглядаючы выпускны альбом дзесяцікласнікаў Арэхаўскай сярэдняй школы,  датаваны 1976 годам. Дарэчы,  як і нашы настаўнікі, якія сем’ямі прыехалі  ў вясковую школу сеяць у душы мясцовай  дзятвы светлае,  разумнае,  вечнае.

Больш за 40 гадоў ідуць разам па жыцці фізік Аляксандр Іванавіч і яго жонка Тамара Пятроўна Ляшчукі. Прыкладна столькі ж у шлюбе і класны кіраўнік Лідзія Канстанцінаўна Машынская.  Настаўнікі і,  вядома ж, бацькі, упэўнена,  сталі прыкладам у стварэнні трывалай ячэйкі грамадства   для маіх аднакласнікаў. Я не скажу, што ўсе сем’і  былі ідэальныя. Ды такіх, па сутнасці, хутчэй за ўсё і не бывае. Бо за доўгія гады сумеснага жыцця ў кожнай здараліся нейкія канфліктныя сітуацыі ці спрэчкі. Ведаю нават, што, падвыпіўшы, бацька адной аднакласніцы мог паганяць вечарам жонку з дзецьмі, якім даводзілася начаваць у суседзяў або родзічаў.  Ды толькі ніхто тады не спяшаўся разводзіцца. Жанчыны (нездарма ж іх спрадвеку называюць ахоўніцамі сямейнага ачага) праўдамі і няпраўдамі згладжвалі спрэчкі са сваімі палавінкамі. Прычым уладкоўвалі гэта так, каб негатыў такіх выпадкаў не адчувалі дзеці, хоць зрабіць гэта было і няпроста.

Але я не пра гэта. І супраць грамадзянскага шлюбу, а прасцей сужыцельства маладых людзей, нічога не маю. Гэта іх выбар, хоць у гады маёй маладосці пра сумеснае жыццё хлопца і дзяўчыны да вяселля і мовы не было. Спачатку, як правіла, было знаёмства. Потым  сустрэчы, падчас якіх і адбывалася тая самая прыцірка адзін да аднаго, і толькі пасля  яны прыводзілі ў бацькоўскі дом сваіх выбраннікаў ці выбранніц, каб пазнаёміць з імі.

Мая сяброўка Оля Цвор знайшла сваю другую палавінку Івана Галенчука ў роднай вёсцы Дрочава, дзе дагэтуль і пражываюць.

Дачакалася яго з арміі і згулялі вяселле. За больш чым саракагадовы перыяд сумеснага жыцця выгадавалі чацвярых дзяцей – двух сыноў і дзвюх дачок. І хоць усе яны даўно выраслі і разляцеліся з роднага гнязда, трое маюць свае сем’і, часта наведваюцца  ў вёску,  адкуль іх карані. У такія дні дом Вольгі і Івана поўніцца вясёлым гоманам  унукаў, якіх у Галенчукоў шасцёра. І няхай Оля не стала настаўніцай, як марыла ў школе – яе мару ажыццявіла дачка Люда, затое  яны з мужам прадоўжылі род, выгадавалі годных нашчадкаў. Упэўнена, сем’і іх дзяцей будуць такімі ж  моцнымі ячэйкамі грамадства, як і ў  бацькоў.

Ціхоня Лена Бярчук з вёскі Перавое таксама рана выйшла замуж. Праўда, не за аднавяскоўца, а за Пятра Панасюка з суседняй украінскай вёскі Гута. Зараз яны з мужам жывуць ў Арэхаве ў доме,  які шматдзетнай сям’і выдзеліла мясцовая гаспадарка. Дагэтуль іх мес­цапражываннем быў бацькоўскі дом Лены ў Перавым. Менавіта ў ім нарадзіліся і пайшлі ў свет іх шасцёра дзяцей, якія падаравалі Панасюкам 17 унукаў. І Лена, і Оля не заканчвалі інстытутаў і не маюць вышэйшай аду­кацыі. Затое яны прайшлі добрую шко­лу сямейнага жыцця. А яшчэ – спаў­на выканалі  галоўнае жаночае прызначэнне – сталі  любымі матулямі для дзяцей і вернымі спадарожніцамі мужоў.

Таксама, як і Таня Кавальчук, якая закончыла педагагічны інстытут і доўгі час працавала настаўніцай пачатковых класаў у Арэхаўскай сярэдняй школе. Замуж  выйшла пазней  за іншых аднакласніц. За сціплага арэхаўскага хлопца Івана Луцыка, які быў у яе закаханы, як кажуць, беспаваротна, але ніяк не адважваўся сказаць пра гэта вясковай прыгажуні. 

Помню,  як вяртаючыся позна вечарам кампаніяй з клуба,  з сяброўкай Надзяй падштурхоўвалі яго правесці Таню да дзвярэй хаты. І ўсё ў рэшце рэшт зраслося. Мы ад душы пагулялі на вяселлі Івана з Таняй. Пасля ж, калі сям’я перасялілася ў свой дом на вуліцы Маладзёжнай, хадзілі  да Луцыкаў у госці і адведкі. Першы раз з нагоды нараджэння дачкі Ані, другі – Наташы, трэці – Каці.  Так даўно гэта было.Зараз Таня з Іванам маюць ўжо шасцярых унукаў. Яны цудоўныя бабуля і дзядуля. І школьных сяброў заўсёды гасцінна прымаюць у сваім доме. Сюды рэгулярна заязджаюць дочкі з зяцямі і ўнукамі, і ўсім тут знаходзіцца месца.

Света Карабейка кінулася ў вочы свайму суджанаму Фёдару Алесіку, калі працавала ў Ланскім аддзяленні паштовай сувязі. Спадабалася так, што ў студзені 1979 года яны ўзялі шлюб.

Зіма тады была снежная, маразы моцныя. І сям’я атрымалася такой жа моцнай. У хуткім часе Света перацягнула мужа ў Арэхава. Пакуль будавалі дыхтоўны дом на месцы старой бацькоўскай хаты, жылі ў кватэры, якую маладой сям’і выдзеліў калгас. Гадавалі траіх дзяцей – двух сыночкаў і дачушку. За Федзяй, якога арэхаўцы называлі мясцовым Кулібіным, бо быў мужчына надта ж  майстравіты, Света 40 гадоў жыла як за мураванай сцяной.  Дапамагалі дзецям, калі тыя стварылі свае сем’і,  былі разам у горы і радасці, пакуль смерць не разлучыла іх. У кастрычніку мінулага года Федзі не стала. Але засталіся дачка, сыны і ўнукі. Яны працягваюць род Алесікаў. У кожным з іх — падабенства і прадаўжэнне маёй сяброўкі і яе мужа. У іх рухах, усмешках, позірках…

У дзецях і ўнуках прадаўжэнне і маіх дваіх аднакласніц.  На жаль,  Люба Пархамук і Люба Бягеза пакінулі  нас ужо, але і яны пражылі ў шлюбе са сваімі другімі палавінкамі больш за 30 гадоў і разам з імі былі да апошняга.

Але жыццё працягваецца ў астатніх. Не бязвоблачнае, часам з цяжкімі выпрабаваннямі і незваротнымі стратамі. І толькі дружнай сям’ёй ім удаецца пераадолець іх. Люба Заляшчук і Васіль Астапук у шлюбе таксама амаль 40 гадоў. На гэтай працяглай сцяжынцы сумеснага жыцця  ў квітнеючым узросце Астапукі страцілі дачку. Цяжка перажывалі трагедыю, але гора толькі ўмацавала  сям’ю. Зараз бабуля з дзядулем усю сваю любоў аддаюць унукам, дапамагаюць сыну з нявесткай выхоўваць іх. І я вельмі часта сустракаю на вуліцах райцэнтра сваю аднакласніцу  то з адным, а то і адразу з двума  дашкалятамі. Гэта ўнукі. Яны  не дазваляюць Любе старэць, сваёй дзіцячай непасрэднасцю лечаць незагойную рану па дачушцы.

Не дае расслабляцца бабулі з дзядулем Ніне і Сцяпану Дударчукам і пакуль адзіны іх унучак Ромка.

Ніна Карабейка замуж  за свайго абранніка выйшла праз 10 гадоў пасля заканчэння школы. Доўгі час жыла з мужам у Дрочаве, працавалі яны ў мясцовым кал­­гасе. Менавіта тут у іх нарадзіліся дзве дачушкі. Аднак адносіны у сям’і, як прызналася праз гады аднакласніца, былі далёка не бязвоблачныя. І невядома, якім бы быў цяперашні лёс іх шлюбу, калі б аднойчы яны не пераехалі ў Маларыту. Кіраўніцтва саўгаса “Маларыцкі” (быў такі некалі на сельскагаспадарчай карце раёна) выдзеліла  Дударчукам  дом, забяспечыла работай.  Паступова ў сям’і стаў панаваць мір і згода. Мне ж запомнілася, як перажывала Ніна,  калі яе  старэйшую цяжарную дачку кінуў хлопец. “Дзіця не грэх, — сказала ёй тады,  — і не думай пра тое, што людзі скажуць”. Зараз Ромка самы дарагі для бабулі чалавечак, а для дзеда стаў сапраўднай падмогай у мужчынскіх справах.

Гэта ўсяго некалькі кароценькіх аповядаў пра сем’і маіх аднакласніц. Аднак будзе несправядліва, калі я не назаву астатніх, практычна ўсіх дзяўчат   выпуску 1976 года Арэхаўскай сярэдняй школы, якія шмат гадоў таму вызначыліся са сваімі другімі палавінкамі і дагэтуль крочаць па жыцці разам.  Надзея Яцура  і Аляксей Андрас, Вольга Янчук і Сцяпан Палажэвец, Лідзія Бягеза і Валерый Іваноў, На­дзея Барысюк і Валерый Бягеза, Ніна Карабейка і Міхаіл Несцер, Надзея Жох і Ануфрый Яцура. Кожная з маіх аднакласніц знайшла свайго суджанага  аднойчы і назаўжды. Хто побач, хто у суседняй вёсцы ці нават тады яшчэ рэспубліцы Савецкага Саюза. Гэтак жа і хлопцы. Яны, як і дзяўчаты, ведаю, жывуць  са сваімі абранніцамі з таго моманту, як узялі шлюб. Коля Бягеза, напрыклад, са сваёй жонкай Кацяй нават павянчаліся некалькі гадоў таму ў Арэхаўскай царкве. І не штамп  у пашпарце ўтрымлівае іх усіх разам, а сумеснае жыццё, поў­нае выпрабаванняў. І каханне. Яно, праўда, за доўгі час, праведзены ра-зам, стала іншым — пераўвасобілася ва ўзаемапавагу,  разуменне і адказнасць за тых,  хто побач…

Надзея Яцура

Поделиться:
  • 2
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!