Ад кааператыўнага вучылішча да дзіцячай школы мастацтваў (Маларыта)

На гарадской плошчы  райцэнтра знаходзіцца прыгожы двухпавярховы будынак Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Аднак установа адукацыі сюды пераехала на пастаяннае месца жыхарства толькі ў 1994 годзе. Да гэтага тут са студзеня 1969 года знаходзілася Маларыцкае кааператыўнае тэхналагічнае вучылішча. Першапачаткова ў гэтым будынку (з 1955 года) размяшчаўся райкам партыі і райвыканкам.

 

У будынку Маларыцкага каапе­ратыўнага вучылішча вучэбны корпус складаўся з пяці аўдыторый для тэарэтычных заняткаў. Яшчэ адну аўдыторыю займаў вучэбны магазін “Тавары паўсядзённага попыту”. Была ва ўстанове адукацыі і бібліятэка. Яна знаходзілася на першым паверсе. Першым дырэктарам кааператыўнага вучылішча была назначана Ганна Васільеўна Кудзінава, педагог па адукацыі, якая да гэтага працавала ў СШ №1 райцэнтра арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. У 1976 годзе ўстанова адукацыі атрымала новага кіраўніка. Ім стаў Яўген Іванавіч Бялясаў,  настаўнік па адукацыі. Кааператыўнае вучылішча ён узначальваў да моманту яго закрыцця (да 25 жніўня 1994 года).

Першы выпуск ва ўстанове адукацыі адбыўся 5 ліпеня 1970 года. У гандлёвыя прадпрыемствы спажыўкааперацыі было накіравана 143 выпускнікі. У 1972/1973 навучальным годзе план набору павялічыўся да 180 навучэнцаў. З 1969 па 1974 гады кааператыўнае вучылішча падрыхтавала 810 спецыялістаў. За час функцыянавання ўстановы адукацыі  адбылося дваццаць два выпускі,  падрыхтавана для спажыўкааперацыі раёна і вобласці больш за чатыры тысячы спецыялістаў. У апошнія гады на навучанне залічвалася па 172 навучэнцы: пяць груп  займалася на базе 11 класаў, адна – на базе 9 класаў. Па прычыне змяншэння патрэбы ў прадаўцах колькасць навучэнцаў таксама стала змяншацца. У 1992 годзе, напрыклад, навучалася пяць груп (140 чалавек) пасля 11 класаў. Ва ўстанове адукацыі ўзнікаюць цяжкасці з працаўладкаваннем выпускнікоў. Амаль палова з іх у 1992 годзе павінна была шукаць сама месца працы. У 1993/1994 навучальным годзе  на вучобу залічана толькі сто навучэнцаў (4 групы).

Якая асноўная прычына закрыцця Маларыцкага кааператыўнага вучылішча?

Амаль у кожным райспажыўтава­рыстве вобласці былі свае школы-магазіны па падрыхтоўцы прадаўцоў. У 90-я гады, пасля распаду СССР, наступіла рэзкае па­дзенне вытворчасці, знізіўся прыбытак і ў гандлі. Для Брэсцкага аблспажыўтаварыства, якое фінан­савала кааператыўнае вучылішча, эканамічна цяжка стала аплачваць працу супрацоўнікаў, выплачваць стыпендыю навучэнцам, утрымліваць навучальны корпус і інтэрнат. Аблспажыўтаварыства мела для падрыхтоўкі кадраў Баранавіцкі тэхнікум і вучылішча. Там павялічылі прыём на спецыяльнасць “Прадавец”, а Маларыцкае кааператыўнае тэхналагічнае вучылішча вырашана было закрыць.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 25
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий