Зваляе тапкі Данута Ткачук (Маларыцкі раён)

У Маларыце мы адшукалі чалавека, які сур’ёзна займаецца валеннем з шэрсці (фелцінгам). Гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце раённай гімназіі Данута Ткачук. З нядаўняга часу яна — афіцыйна зарэгістраваны рамеснік.

– Фелцінг — займальны, цікавы,  захапляльны творчы працэс, – гаворыць Данута Яраславаў­на. – Для таго,  каб асвоіць гэты від рука­дзел­ля, не патрабуецца ніякай спецыяльнай пад­рых­тоўкі. Неабходна толькі шэрсць, некалькі інстру­ментаў, уседлівасць і крыху цярпення!Фелцінгам Данута Ткачук стала займацца дзякуючы выпадку. Падчас курсаў павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (г. Мінск) яна ў адным пакоі жыла з  настаўніцай з Пастаў. Чамусьці звярнула ўвагу на яе незвычайныя і арыгінальныя тапкі. Пацікавілася, дзе іх можна набыць сабе? Усміхнуўшыся, жанчына адказала, што ў яе. Аказалася, што гэта тапкі ручной работы,  зваляныя з шэрсці.

– У той вечар доўга ў калегі распытвала, як, што,  у якой паслядоўнас­ці неабходна рабіць, каб атрымаліся такія тапкі, – гаворыць Данута Ярасла­ваўна. – Здаец­ца,  што пакрокава тэхна­логію вырабу засвоіла адразу. Яна здалася нескладанай. Прыехаўшы дадому, вырашыла адразу замацаваць атрыманыя веды на практыцы. Набыла праз інтэрнэт-магазін шэрсць. Неабходнае абсталяванне зрабіў муж  Андрэй. І ў адзін з вечароў, калі ўсё было падрыхтавана, узялася за новую для мяне справу. Першы раз, калі валяла, хвалявалася яшчэ і таму, што за ўсім працэсам назіраў не толькі муж, але і дзеці – Андрэй і Эльміра. Яны таксама перажывалі і падтрымлівалі мяне. За тры вечары  работа была завершана. Тапачкі з набіўным дэкорам паказала дзецям. Ад убачанага яны ахнулі. Цяжка было паверыць, што такую прыгажосць можна зрабіць сваімі рукамі ў хатніх умовах.

У той вечар Данута Ткачук атрымала і першы заказ. Яго зрабіла дачка Эльміра. Праз некаторы час ужо ўсе сямейнікі былі са сваімі валянымі тапкамі. Гэта лепшы абутак для дома. Ён не толькі індывідуальна-эксклюзіўны, але і мяккі, цёплы, яркі, камфортны.

– Данута Яраславаўна, як зваляць тапкі?

– Каб атрымаліся якасныя і трывалыя тапкі, трэба выкарыстоўваць больш грубую шэрсць. Таўшчыня тапак залежыць у першую чаргу ад колькасці шэрсці. Для іх звычайна рэкамендуецца 6-8 слаёў, — дзеліцца вопытам майстар.

Для работы ў “мокрай” тэхніцы спатрэбіцца сама шэрсць, мыльны раствор, маскітная сетка, нажніцы, шаблон, плёнка, абутковыя калодкі патрэбнага памеру. Калі коратка, то тэхналогія такая. На плёнку неабходна пакласці пучкі шэрсці паралельна адзін аднаму. У другім пласце іх трэба размясціць перпендыкулярна першаму. Паўтарыць гэтыя дзеянні яшчэ раз. У выніку павінна быць як мінімум 4-5 пластоў, парамі, перпендыкулярных адзін аднаму. Далей неабходна прыгатаваць мыльны раствор. Нарыхтоўку шэрсці накрываем маскітнай сеткай, мочым паверхню цёплым растворам мыла. Затым трэба лёгкімі кругавымі рухамі разгладжваць выраб. Пасля таго, як адзін бок зваляецца,  неабходна перавярнуць нарыхтоўку і тое ж  самае паўтарыць з другога…

На выраб адной пары тапак затрачваецца прыкладна 180-220 грам шэрсці і некалькі вольных вечароў.Цяпер Данута Ткачук валяе тапкі ў форме балетак і праходзіць інтэрнэт-навучанне для павышэння сваёй кваліфікацыі. У яе планах – асвоіць валенне тапак з высокім  запятачнікам (з арміраванай пяткай і наском). Калі ўсё атрымаецца, то падчас летняга адпачынку плануе яшчэ заняцца вырабам шлёпанцаў з  праразным каляровым дэкорам  і вулічнага абутку.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!