Другое вяселле Васіля і Ганны

Людзі па-рознаму знаёмяцца, сыходзяцца і ствараюць сем’і. У Ганны і Васіля Пішчыкаў з в.Нікольская гэта было прыкладна так.
Яна нарадзілася і вырасла ў в.Збураж. А вось у Нікольскую стала ездзіць па суботах у госці да старэйшай сястры Ніны, якая туды выйшла замуж. А Васіль быў мясцовым, нікольскім хлопцам. Неяк на танцах ён звярнуў увагу на незнаёмую дзяўчыну, якая прыгожа танцавала. Употайкі любаваўся ёю, але не асмельваўся падысці. Тое ж самае было і на другі, і трэці раз… Ганна ўскружыла хлопцу галаву, сама таго не ведаючы. Да сястры дзяўчына прыязджала звычайна раз на месяц. Таму кожную сустрэчу хлопец чакаў з нецярпеннем і вельмі злаваўся, калі Ганна па нейкай прычыне не з’яўлялася. А вось аднойчы ўсё ж такі набраўся храбрасці і запрасіў дзяўчыну на танец.
-Так мы і пазнаёміліся, — успамінае Ганна Самуілаўна. – Васіль мне таксама спадабаўся з першага погляду. А падкупіў яшчэ і тым, што выдатна іграў на гармоніку. Віртуозна, як сапраўдны прафесіянал.
-А Ганна зачаравала тым, што мела прыгожы голас, — кажа Васіль Іванавіч. – Як заспявае, заслухаешся. Любая песня ў яе гучала неяк па-асабліваму,шчыра, душэўна, пранікнёна. Здаецца, ніхто так не ўмеў выводзіць песні, як яна. З гэтага моманту і сталі проста сябраваць. Сустракаліся не часта. А бачыцца вельмі хацелася, было неадольнае жаданне пачуць хоць адно слова чалавека, у якога закахаўся. Таму я вечарамі сядаў на веласіпед і круціў педалі ў Збураж да сваёй Ганны. Здавалася, каб супакоіць сэрца, дастаткова было аднаго імгнення, аднаго погляду ў вочы.
Васіль і Ганна сустракаліся на працягу 2 гадоў. Гэтага часу хапіла ўдосталь, каб усебакова і дасканала, да драбніц, вывучыць усе рысы характару сваёй палавіны. Ганна ж патрабавальнай была да будучага мужа, ды і Васіль хацеў, каб побач усё жыццё ішла надзейная сяброўка. Таму толькі 24 лютага 1962г. у Гвозніцкім сельскім Савеце быў зарэгістраваны шлюб Васіля Пішчыка і Ганны Навумчык.
-Нам жа тады было абаім толькі па 19 гадоў, — гаворыць Ганна Самуілаўна. – Што мы на той час ведалі пра сямейнае жыццё? Па шчырасці сказаць, амаль нічога. Дзеці ж. Але я вырашыла, што ў нашай сям’і адносіны паміж мужам і жонкай будуць такія, як у маіх бацькоў. Хацелася простага чалавечага шчасця і ўзаемапаразумення, адкрытасці і ладу ў сям’і. У гэта я чамусьці ўпэўнена верыла.
Так яно і атрымалася ў сумесным жыцці Пішчыкаў. Спачатку маладыя жылі ў Збуражы, а пасля пераехалі ў Нікольскую. Нарадзіўся першы сын. Хутка Васілю прыйшла павестка на службу ў армію. Хлопец паехаў у ваенкамат і здолеў атрымаць адтэрміноўку на год. Пасля аднаго года і сямі месяцаў сямейнага жыцця Васіля ўсё ж такі прызвалі ў армію на 3 гады ў Белгарад.
-Пісьмы ад Васіля атрымлівала калі не кожны дзень, то праз дзень, — кажа Ганна Самуілаўна. – Паштарка нават стала крыўдзіцца на мяне, што так часта ёй даводзіцца насіць лісты ад майго мужа. “І што ён табе такое паведамляе?” – не раз пыталася яна. А я, смеючыся, казала, што ў каханні прызнаецца, і кожны раз па-іншаму. Пісьмы нас духоўна ядналі праз сотні кіламетраў, надавалі веры і сілы.
За выдатную службу Васіль атрымаў адпачынак.
— У мяне быў стымул для гэтага, — прыгадвае Васіль. – Вельмі хацелася прыехаць дадому, пабачыць жонку і сына, прытуліць іх да сябе, пачуць ласкавыя і такія непаўторныя галасы.
…Пасля заканчэння тэрміну службы Васіль вярнуўся ў родную вёску. Яго на парозе роднай хаты сустракала жонка ўжо з 2 сынамі, Васілём і Генадзем.
Васіль і Ганна шмат гадоў прапрацавалі ў калгасе “Перамога”. Яна – паляводам, брыгадзірам, памочнікам брыгадзіра, кладаўшчыком, ён – трактарыстам-машыністам, памочнікам брыгадзіра, сталяром, вартаўніком.
-Мы ж нікому ніколі і ні ў чым не зайздросцілі, — прызнаецца Ганна Самуілаўна. – Хацелася, каб было і тое, і другое, але не заўсёды хапала на гэта сродкаў. Таму часта эканомілі на адным, каб набыць іншае, неабходнае. На першым плане былі дзеці. Усё ім. Мы з мужам імкнуліся выхаваць дзяцей сапраўднымі людзьмі. Думаю, што з гэтым мы здолелі справіцца.
Гэта, сапраўды, так. Усе шасцёра дзяцей Ганны і Васіля Пішчыкаў, вылецеўшы з роднага гнязда, трывала сталі на ногі, добра ўладкаваліся ў жыцці. Васіль, Галіна і Святлана працуюць у “Савушкіна”, Наталля стала прадаўцом Маларыцкага райспажыўтаварыства, Віктар – жыве і працуе ў Антопалі (Драгічынскі раён), Генадзь – капітан міліцыі ў запасе, зараз — начальнік транспартнага ўчастка газапрамысловай здабычы ў Новым Урэнгоі. Акрамя таго, Ганна Самуілаўна ўзнагароджана медалямі мацярынства: ІІ ступені – у 1974г., і І ступені — у 1982г.
Уся вялікая сям’я Пішчыкаў не так часта збіраецца разам. Жыццё ёсць жыццё, таму ўсе дзеці, 11 унукаў і 2 праўнукі за адным сталом у Нікольскай гасцююць толькі тады, калі на гэта ёсць сур’ёзная нагода. А 24 лютага – адна з такіх дат. У гэты дзень Ганна Самуілаўна і Васіль Іванавіч адзначалі 50 гадоў сумеснага жыцця. Яны з ледзь прыкметным хваляваннем, паважна, не спяшаючыся, увайшлі ў залу рэгістрацыі сямейных урачыстасцей Маларыцкага ЗАГСа. Урачыста, у сямейным коле, разам з роднымі і блізкімі, Васіль і Ганна Пішчыкі сімвалічна зарэгістравалі сваё залатое вяселле.
…Настае самы незабыўны і доўгачаканы момант, да якога Пішчыкі поплеч, у згодзе і каханні, ішлі паўстагоддзя. Антаніна Пішчык, загадчыца аддзела ЗАГС, просіць Васіля Іванавіча і Ганну Самуілаўну змацаваць сваімі подпісамі ў Ганаровым акце сімвалічнай рэгістрацыі 50-гадовы перыяд сумеснага жыцця. Дзеці пісьмова пацвярджаюць шчаслівыя шлюбныя адносіны бацькоў, якія на цырымоніі сталі ганаровымі сведкамі. Пасля Уладзімір Бойка, старшыня раённага савета ветэранаў, Васілю і Ганне ўручыў Ганаровы акт рэгістрацыі залатога вяселля. “Маладыя” абменьваюцца залатымі пярсцёнкамі і першым залатым пацалункам. Далей – самыя шчырыя, сардэчныя, цёплыя і незабыўныя словы віншаванняў-пажаданняў ад дзяцей і родных. Мора кветак, слёзы шчасця і радасці, успаміны. Павіншаваць Пішчыкаў з юбілеем шлюбнага жыцця прыйшлі таксама: Адам Бідзюра, старшыня Олтушскага сельскага Савета; Іван Мелянчук, намеснік дырэктара СВФ “Савушкіна”; народны хор ветэранаў ГДК пад кіраўніцтвам Галіны Бягеза.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Васіль і Ганна Пішчыкі з в.Нікольская ў час сімвалічнай рэгістрацыі свайго залатога вяселля.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!