Супрацоўніцтва для бяспекі

Шэсць крадзяжоў на гандлёвых аб’ектах райспажыўтаварыства было зарэгістравана ў 2008-ым годзе. Прааналізаваўшы сітуацыю і ўлічыўшы ўсе слабыя бакі, у рай­спажыўтаварыстве вырашылі надаць максімум увагі надзейнай ахове аб’ектаў ад крадзяжоў і пажараў, паступова пераабсталёўваючы ў гандлёвых кропках сістэму сігналізацыі. За 2009 год у аб’ектах гандлю райспажыўтаварыства былі заменены на новыя 8 прыбораў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, устаноўлена 14 суцэльнаметалічных дзвярэй, праводзіліся рамонт маланкаадводаў, замена электраправодак. Актыўная работа паспрыяла значнаму змяншэнню ўзроўню крадзяжоў з гандлёвых аб’ектаў.

Па выніках года гэты паказчык аказаўся адным з самых нізкіх у вобласці, што стала нагодай для таго, каб абласны семінар па пытаннях захавання ўласнасці спажыўкааперацыі ад крадзяжоў і пажараў, з удзелам старшынь праўленняў райспажыўтаварыстваў вобласці, супрацоўнікаў райаддзелаў унутраных спраў, абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, правесці менавіта ў Маларыце.

Удзельнікі семінара наведалі гандлёвыя аб’екты райспажыўтаварыства, пазнаёміліся з тым, як арганізавана сістэма відэаназірання ў бары “Перекрёсток”, як на­дзейныя металічныя дзверы і абароненыя ралетамі і спецыяльнай плёнкай вокны ПВХ разам з сігналізацыяй, якая рэагуе на любы рух унутры памяшкання і перадае сігнал на тэлефон прадаўца і пульт аховы, забяспечваюць надзейную ахову ад пранікнення злачынцаў у магазінах вёсак Ляхаўцы, Макраны, Лукава, Велікарыта.

Абмеркаванню ўбачанага, а таксама аналізу сітуацыі, якая склалася ў цэлым у вобласці, была прысвечана нарада, якая стала працягам семінара. У выступленнях начальніка аддзела тэхнічнага развіцця і транспарту аблспажыўсаюза Уладзіміра Мядзведзева, намесніка начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама Генадзя Вайтовіча, намесніка начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС РБ Алега Самасюка, намесніка начальніка аддзела прафілактыкі і нагляду абласнога ўпраўлення МНС Віталя Кулініча, галоўнага інжынера аддзела тэхнічнага развіцця ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і інвестыцый Белкаапсаюза Міхаіла Мішчыцько гаварылася аб ўзаемадзеянні розных служб у ахове аб’ектаў гандлю ад крадзяжоў і тых мерах, якія павінны забяспечыць не толькі захаванасць тавару ад пасягаль­ніцтва злачынцаў, але і гарантаваць асабістую бяспеку прадаўцоў.

Прадстаўнікі прадпрыемства “Новатэх Сістэмы Бяспекі” прадэманстравалі ўдзельнікам семінара навейшыя распрацоўкі ахоўнай сігналізацыі, якая працуе з выкарыстаннем сотавай сувязі.

Знайшлася хвіліна і для ўшанавання лепшых з лепшых. Граматамі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама і праўлення аблспажыўсаюза былі ўзнагароджаны многія кіраўнікі і работнікі райспажыўтаварыстваў вобласці, у тым ліку і энергетык Маларыцкага райспажыўтаварыства Пётр Курдзюк.

Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!