Дзень бяспекі

У раённым Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 1 сакавіка, калі адзначаўся Сусветны дзень грамадзянскай абароны, пачаўся не зусім звыкла. Дзяцей, якія спяшаліся на заняткі ў гурткі, ля ўваходу сустракалі казачныя персанажы: Певень – сімвал агню, і Добры вугольчык. У іх ператварыліся педагогі дадатковай адукацыі Зоя Ляшчынская і Валянціна Самуйлік. Яны аб’яўлялі дзецям пра тое, што тут сёння вялікае свята – Дзень бяспекі, і ўручалі маляўнічыя канверты з пытаннямі віктарыны. Дзеці разыходзіліся па кабінетах і шукалі адказы на пытанні віктарыны, зацікаўлена іх абмяркоўваючы. Стаць лепшым знатаком хацелася ўсім. Найбольш поўныя адказы далі тыя, хто наведвае гурткі “Іскрынка” і “Аплікацыя саломкай”.
Затым усе сабраліся ў глядзельнай зале на сустрэчу з інспектарам групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандрам Дульскім, які правёў гутарку пра дзіцячае свавольства з агнём.
Усім дзецям прыйшліся даспадобы пазнавальныя выступленні дзяцей, якія наведваюць гурток “Іскрынка”. Яны паказалі інсцэніроўку, расказалі шмат новага пра “добры” агонь, без якога немагчыма жыццё сучаснага чалавека, развіццё эканомікі, медыцыны, асваенне космасу. Агонь – адзін з самых вялікіх цудаў прыроды, з якім чалавек пазнаёміўся і якое стала вялікім яго памочнікам. Потым хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў новы сюрпрыз: яны даведаліся пра ўстройства вогнетушыцеля і вучыліся правільна ім карыстацца, апраналі баявое адзенне выратавальніка-пажарнага, у чым ім дапамагалі байцы аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Пераможцы віктарын, конкурсаў і знатакі пажарнай бяспекі былі адзначаны прызамі.
У канцы Дня бяспекі сігнал трывогі апавясціў пра экстранную эвакуацыю, калідоры зацягнула густая заслона дыму (па задумцы арганізатараў умовы былі максімальна набліжаны да баявых), і дзеці разам з педагогамі арганізавана пакінулі будынак, прабіраючыся ўздоўж сцен да выха­даў. На вуліцы, ва ўстаноўленым месцы, зверыліся са спісамі – усе аказаліся на месцы.
Завяршальным акордам стала знаёмства з устройствам сапраўднай пажарнай машыны. Нават гукі сірэны не спужалі дапытлівых малых, якія з цікаўнасцю даследавалі ўсе адсекі і абсталяванне аўтамабіля.
Своечасова абучыць дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці, правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях – значыць, зрабіць іх дзяцінства бяспечным, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні.
Таццяна КЛАЧАН,
педагог дадатковай адукацыі.
НА ЗДЫМКУ: у час Дня бяспекі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!