Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна — 55 гадоў!

У 2020 годзе спаўняецца 55 гадоў з моманту стварэння спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.

Як пачыналася яе гісторыя? Адказ на пытанне часткова дае раённая газета “Сельскае жыццё”. У нумары за 14 жніўня 1965 года яна змясціла наступную невялікую інфармацыю дырэктара гэтай установы Уладзіміра Серады: “У нашым раёне створана спартыўная школа. Звыш 250 школьнікаў змогуць рэгулярна трэніравацца, павышацць сваё спартыўнае майстэрства па лёгкай атлетыцы. Будзе працаваць 14 груп у гарадскім пасёлку. Па дзве групы будзе створана ў Макранах і Ляхаўцах. Для правядзення заняткаў з юнымі фізкультурнікамі падабраны кадры з ліку лепшых выкладчыкаў фізічнай культуры раёна”.

На фота: былы будынак Маларыцкай сярэдняй школы і спартыўный школы. 1958 год 

У нумары за 19 жніўня 1965 года газета “Сельскае жыццё” пісала”: “Залічэнне на аддзяленне лёгкай атлетыкі праводзіцца трэнерскім саветам з улікам узросту, стану здароўя і падрыхтаванасці вучняў. У ДСШ прымаюцца вучні з 11-гадовага ўзросту і старэйшыя, у якіх выяўлена схільнасць да лёгкай атлетыкі і якія дапушчаны да заняткаў урачом. Прыёмныя іспыты будуць праводзіцца з першага верасня ў Маларыцкай СШ. Вучэбныя групы будуць укамплектоўвацца з улікам узросту і ступені спартыўна-тэхнічнай і агульнафізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў. У падрыхтоўчай групе заняткі будуць арганізаваны два разы на тыдзень па дзве гадзіны, у трэцяразраднікаў – чатыры разы па дзве гадзіны, у другога- і першаразраднікаў (дарослыя) – чатыры разы па тры гадзіны. Заняткі будуць праводзіцца на працягу года. Вучэбная работа ў ДСШ будуецца з улікам  рэжыму школьнага дня”.

За 55 гадоў існавання ўстановы адукацыі яе ўзначальвала дзевяць дырэктараў. Гэта Уладзімір Якаўлевіч Серада (1965 – 1966), Мікалай Фёдаравіч Германюк (1966 – 1985), Васіль Мікалаевіч Грэбень (1985 – 1999), Генадзь Альфрэдавіч Зубоўскі (1999 – 2010), Аляксандр Мікалаевіч Якімук (2010), Міхаіл Міхайлавіч Улезла (9 снежня 2010 – 25 лютага 2015), Мікалай Уладзіміравіч Бойка (2015 – 2017), Аляксандр Мікалаевіч Хамічук (22 жніўня  2017 – 1 ліпеня 2018), Ганна Іванаўна Карацінская (1 студзеня 2019 – 18 лістапада 2019). З 19 лістапада 2019 спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна кіруе Генадзь Мікалаевіч Германюк.

У 1965 годзе быў пабудаваны новы тыпавы будынак Маларыцкай СШ. Аднак установа адукацыі і пераехала з вуліцы Леніна на вуліцу Савецкую толькі ў пачатку 1966. З верасня  па снежань 1965 года  дзіцячая юнацка-спартыўная школа працавала на базе Маларыцкай СШ. Пасля пераезду вызвалены будынак цалкам быў перададзены ДЮСШ. 

–20 лютага 1990 года дзіцячая юнацка-спартыўная школа перамясцілася ў пабудаваную спартыўную залу СШ № 2, – гаворыць Васіль Грэбень. – Аднак заняткі  ў ёй пачаліся толькі з 1 верасня 1991 года. У новы будынак (вуліца Паўднёвая) дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна пераехала ў снежні 2010 года. Гэта была вялікая радасць і задавальненне як трэнерам, так і юным спартсменам – гандбалістам і лёгкаатлетам. Спартыўная база для трэніровак палепшылася адразу ў некалькі разоў. Невыпадкова тут сталі праводзіцца  рэспубліканскія спаборніцтвы па гандболе.

Мікалай Навумчык.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!