Пачатак Вялікай Айчыннай вайны: успаміны ўдзельніка першых баёў на Маларытчыне

 “А заўтра была вайна…” Гэтыя словы цяпер усё часцей усплываюць у памяці напярэдадні 22 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень у 1941 годзе фашысцкая Германія пачала кровапралітную вайну супраць СССР, разгарнуўшы шырокае наступленне войскаў на працягу ўсёй заходняй мяжы. Мы цяпер не можам уявіць увесь жах таго летняга ранку, але разумеем, што гэта было цяжка, жахліва, пакутліва.  Пра тое, як пачыналася вайна, можна прачытаць ва ўспамінах яе сведкаў.

Вось што аб першых днях Вялікай Айчыннай вайны  расказваў Пётр Зонаў, які яе сустрэў ў складзе 28-га Чырванасцяжнага стралковага палка 75-й стралковай дывізіі на рубяжы Ляплёўка-Дамачава-Чэрск і ўдзельнічаў у баях на Маларытчыне:

— Я перад вайной закончыў школу малодшага каманднага саставу 144-га Вышневалоцкага стралковага палка, курсы санінструктараў і трапіў  на службу ў раён Дамачава. Хоць і казалі, што вайны не будзе, але мы недаверліва глядзелі на захад, туды, дзе за Бугам групаваліся варожыя сілы. Па іх паводзінах было зразумела, што ідзе падрыхтоўка да нападу. Наша прадчуванне спраўдзілася. Першы артылерыйскі агонь праціўніка і яго авіяцыі прыйшоўся па лагеры-макеце, пабудаваным за паўкіламетра ад лагера палка. Пагранічнікі доўга не маглі стрымліваць гітлераўцаў, і 28-ы стралковы полк уступіў у бой з праціўнікам, які паглыбіўся на тэрыторыю СССР на два-тры кіламетры. Камандзір нашай роты, малодшы лейтэнант І. Дуранкоў некалькі разоў уздымаў роту ў атаку. Гераічна паводзіў сябе кулямётчык Самчук. Цяжкапаранены, застаўшыся адзін ля кулямёта, ён сам сябе перавязаў, а як толькі фашысты пайшлі зноў у атаку, адкрыў агонь і адбіў атаку.

Немцы падыходзілі ўсё блі­жэй і бліжэй. Нечакана выскоквае з акопа старшына Уладзімір Сарокін, а за ім падымаюцца астатнія байцы. Завязваецца рукапашная сутычка. Вораг бяжыць назад, пакідаючы забітых і параненых. На працягу ўсяго дня ідзе жорсткі бой. Полк трывала займае свае пазіцыі. Аднак, абышоўшы флангі, вораг да трох гадзін 23 чэрвеня ўзяў нас у кальцо. У раёне вёскі Галёўка полк, прарваўшы акружэнне, пачаў адыходзіць на ўсход. Было прынята рашэнне выходзіць дробнымі групамі, каб потым, сабраўшыся ў вызначаным месцы, працягваць барацьбу. У нас не хапала боепрыпасаў…

Пад Кіевам Пётр Зонаў трапіў у палон, збег з яго на  чацвёрты дзень, далучыўся да Чырвонай Арміі, якая адступала. У канцы верасня ён быў кантужаны і трапіў у палон на рацэ Сула. Пётр Фёдаравіч з групай таварышаў збег з лагера, пасля некаторы час хаваўся ў мясцовых жыхароў. У пачатку 1942 года ён уступіў у партызанскі атрад, з 15 сакавіка 1943 года стаў санінструктарам дыверсійнай групы ў партызанскім атра­дзе імя Фурманава, а пасля ўваходжання партызанскага злучэння ў склад Чырвонай Арміі ваяваў у дзеючай арміі.

У баявой характарыстыцы на Пятра Зонава напісана, што на яго рахунку шэсць спушчаных пад адхон варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай праціўніка,  12 забітых немцаў. Пётр Фёдаравіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны I  ступені”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Пасля дэмабілізацыі Пётр Зонаў жыў у Лельчыцах, пра­цаваў на мясцовым камбікор­мавым камбінаце.

Падрыхтаваў Мікалай Навумчык.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!