В Малоритском лицее вручили дипломы 121 выпускнику (фоторепортаж, Малорита)

У сельскагаспадарчай галіне Брэстчыны – папаўненне. На мінулым тыдні ў Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці ўрачыста ўручалі дакументы аб завяршэнні навучання. Сёлета выпускнікамі ўстановы адукацыі стаў  121 чалавек.

Дырэктар прафліцэя Алена Талашка павіншавала выпускнікоў з паспяховым атрыманнем рабочых прафесій і ўручыла кожнаму з іх дыплом. Алена Аляк­сандраўна выказала надзею, што выпускнікі 2020 года таксама стануць прадаў­жальнікамі хлебаробскай справы, традыцый, якія скла­ліся ва ўстанове адукацыі, будуць ісці ўпэўненым крокам да новых вяршынь, да прафесійнага майстэрства. Лепшыя навучэнцы прафе­сійнага ліцэя традыцый­на былі ўзнагароджаны гра­матамі за вучэбныя пос­пехі і актыўны ўдзел у спар­тыўным і грамадскім жыцці.

Сёлета дакументы аб завяр­шэнні навучання з адзнакай і ганаровыя граматы атрымалі сем выпускнікоў. Гэта  Максім Бойка, Андрэй Зарыхта, Уладзіслаў Назарук, Віталій Тарасюк, Іван Дардзюк, Дзмітрый Луцык і Дзмітрый Пацурай. Своеасаблівы гонар установы адукацыі сярод сёлетніх выпускнікоў – Дзмітрый Пацурай. Ён — з ліку тых нямногіх, хто прафесійны ліцэй здолеў закончыць толькі з дзявяткамі і дзясяткамі.

Са словамі наказу да маладых спецыялістаў таксама звярнуўся намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Сяргей Хатынюк, майстры вытворчага навучання, якія пажадалі  ім поспехаў у дарослым жыцці.

Усе выпускнікі прафесійнага ліцэя 2020 года атрымалі размеркаванне і накіраваны ў сельгаспрадпрыемствы Брэста, Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў,  дзе будуць працаваць трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытвор­часці, слесарамі па рамон­це сельскагаспадарчых ма­шын і абсталявання, электра­зваршчыкамі і ва­дзі­це­лямі. Між іншым, нека­торыя выпускнікі плануюць пра­цяг­нуць вучобу ў Пінскім дзяр­жаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы і Высокаўскім дзяр­жаўным сельскагаспадарчым ПТК.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!