Педагагічныя “пасядзелкі”
На базе ўстаноў адукацыі горада прайшло планавае выязное пасяджэнне абласнога савета педагогаў-ветэранаў, асноўная мэта яго – абмен вопытам работы. Мерапрыемства, што мела тэму “Супрацоўніцтва Маларыцкай раённай ветэранскай арганізацыі педагогаў з прафсаюзнымі арганізацыямі ўстаноў адукацыі”, пачалося з наведвання “Горада майстроў“ другой школы райцэнтра. Затым у актавай зале адбылося знаёмства-прэзентацыя з работаю пярвічных прафсаюзных камітэтаў СШ №2 і Збуражскага д/с-СШ з ветэранамі педагагічнай працы. Таццяна Смаль і Сяргей Марашчук падрабязна і цікава расказалі пра тую работу, якая праводзіцца з педагогамі і тымі, хто працаваў ва ўстановах адукацыі раней і хто ўжо на заслужаным адпачынку.
-Ніхто не забыты, – сказаў Сяргей Іванавіч, – мы пра кожнага памятаем і пры магчымасці запрашаем да сябе ў школу. Нашы старэйшыя калегі – людзі з багатым вопытам работы. Іх веды і ўменні яшчэ і сёння запатрабаваны. Настаўнікам-пенсіянерам ёсць пра што сказаць і перадаць нам, маладзейшым, якія працягваюць і памнажаюць традыцыі, закладзеныя ў мінулыя гады.
-Тых, хто працаваў і ўжо на заслужаным адпачынку, у нашай Збуражскай школе не так і многа, – зазначыла Таццяна Смаль, – але прафсаюзны камітэт ведае іх праблемы, якія патрабуюць увагі. Па магчымасці заўсёды імкнемся дапамагчы іх станоўча вырашыць.
Сёння ў радах раённай ветэранскай арганізацыі педагогаў налічваецца 273 чалавекі. З 15 сакавіка 2006г. яе ўзначальнае Соф’я Якубчык, якая адначасова з’яўляецца і намеснікам старшыні абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы. Соф’я Лаўрэнцьеўна – энергічны і ініцыятыўны кіраўнік. Яна ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў працы з тымі настаўнікамі, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Для іх па ініцыятыве Соф’і Якубчык пастаянна арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы, паездкі і экскурсіі, праводзяцца цікавыя сустрэчы. Толькі за апошні час былыя настаўнікі сустрэліся з маладымі педагогамі раёна, пабывалі ў Брэсце, Мінску, Жыровічах, Хмелева, Сынкавічах, рэзідэнцыі Дзеда Мароза… Акрамя таго, рэалізуецца задума напісаць своеасаблівую працоўную біяграфію ўсіх настаўнікаў, якія на сённяшні дзень адышлі ад школьных спраў. 20 такіх гісторый падрыхтаваны ўжо.
…Пасля наведвання СШ №2 госці пабывалі і ў раённай гімназіі. Тут яны сталі сведкамі правядзення традыцыйных (шостых па ліку) настаўніцкіх “пасядзелак”. Вечар-сустрэча мела назву “Пад дахам дома твайго”. Ала Шабогіна і Віктар Бойка, вядучыя мерапрыемства, разам з самадзейнымі артыстамі – Віктарам Саўчуком, Таццянай Смаль, Галінай Бягеза, Лесяй Уласюк, Таццянай Калеснік, Валянцінай Панчук, Анатолем Ніканчуком, Анатолем Дзямянкам, ансамблем народнай песні “Чарняначка” – стваралі цудоўную атмасферу непаўторнага свята, прыўзнятага настрою. А Соф’я Якубчык і Мікалай Пацяюк парадавалі прысутных мастацкім чытаннем вершаў.
Падчас правядзення вечара-сустрэчы таксама адбылося ўшанаванне дваццаці чатырох настаўнікаў-юбіляраў. Кожны з іх атрымаў памятны падарунак.
***
Падчас мерапрыемства таксама выступілі: Таццяна Лаўрэенка, начальнік РАА; Яўгенія Топчая, старшыня Брэсцкага абласнога Савета ветэранаў педагагічнай працы; Тамара Бурштын, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі; Соф’я Якубчык, старшыня савета ветэранаў педработнікаў раёна. Усе яны выказалі падзяку педагагічным работнікам за іх самаадданую працу, пажадалі моцнага здароўя і ўсяго толькі добрага.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: педагагічныя “пасядзелкі” ў раённай гімназіі.
Фота аўтара.