ЛЮБІЦЕ СВОЙ АЎТАМАБІЛЬ!
На дварэ вясна, за ёю прыйдзе лета, і ўладальнікі “жалезных коней” будуць больш актыўна задзейнічаць іх. Каб наш транспарт надзейна служыў нам, мы павінны любіць яго, клапаціцца аб ім, своечасова “лячыць” пры нязначных “недамаганнях”, не дапускаць да такога стану, калі аўтамабіль, скутар ці матацыкл назаўсёды выйдуць са строю.
А дапамагчы нам у гэтым заўсёды гатовы работнікі дыягнастычнай станцыі № 75, якая амаль 2 гады таму назад была адкрыта ў в. Замшаны.
Начальнік станцыі Віктар Бурштын расказвае:
– Не магу не адзначыць, што па выніках работы за мінулы год наша дыягнастычная станцыя № 75 УП “Белтэхагляд” аказалася дзесьці ў сярэдзіне сярод усіх падобных станцый вобласці. Хаця мінулы год быў для нас толькі пробным.
Наогул, адкрыццё сваёй стацыянарнай дыягнастычнай станцыі – вялікая выгода для аўтаўладальнікаў нашага раёна. Ехаць цяпер нікуды не трэба, выстойваць у доўгіх чэргах таксама і нават разлік за тэхагляд – непасрэдна на месцы.
А наша станцыя, можна смела сказаць, адпавядае самым сучасным патрабаванням. Адно толькі нямецкае абсталяванне чаго варта.
Мы маем дазвол на праверку і допуск да ўдзелу ў дарожным руху ўсіх відаў транспарту, пачынаючы ад мапеда.
І хаця ў апошні час ва Украіне, у Расіі ды і ў нашай Беларусі вядуцца размовы наконт таго, што тэхагляд – гэта працэдура лішняя, не раздзяляю такіх меркаванняў, тым больш, што ў нас у краіне сама працэдура тэхагляду намнога больш простая, чым у іншых краінах. Ды і калі чалавек даставіў сваю машыну на станцыю, дзе яму назвалі ці падказалі непаладкі ў ёй, якія ён сам не заўважыў, і яму ж больш спакойна. Ён можа смела ўдзельнічаць у дарожным руху. Тым больш, што ў нас у рэспубліцы ўсё большыя і большыя патрабаванні прад’яўляюцца да аўтатранспарту з пункту гледжання экалогіі: у любой машыне выкіды шкодных рэчываў павінны адпавядаць норме. А мы дызельныя аўтамабілі правяраем на дымнасць, карбюратарныя ці інжэктарныя – на таксічнасць выхлапных газаў.
– Віктар Вітальевіч, гледзячы на аўтамабіль, Вы, напэўна, можаце адразу вызначыць: ён для гаспадара – любімы сябар ці проста сродак перамяшчэння?
– Іншы раз, нават гледзячы на вадзіцеля, ужо можна смела рабіць такі вывад. Многія аўтаўладальнікі з году ў год падтрымліваюць свой транспарт у ідэальным стане. Па “ўзросту” ён быццам бы і не новы ўжо, але ж у такім тэхнічна спраўным стане, што хочацца паставіць у якасці ўзору. А ёсць і такія, што ездзяць на сваім аўтамабілі да таго часу, пакуль, як кажуць, ногі на зямлі стаяць не будуць.
– Віктар Вітальевіч, калі адкрывалася новая станцыя, планавалася, што наступным крокам у развіцці сферы падобных паслуг у нас у раёне стане будаўніцтва побач з новай дыягнастычнай станцыяй станцыі тэхабслугоўвання, каб кліент, які даставіў транспарт на тэхагляд, меў магчымасць адразу ліквідаваць і ўсе няспраўнасці ў ім. Скажыце, што-небудзь робіцца ў гэтым плане?
– Адкрыць побач з дыягнастычнай станцыяй станцыю тэхабслугоўвання пакуль няма магчымасцей, хаця сапраўды планавалася. Усё ўпіраецца ў адсутнасць фінансаў, а нашу сферу праблемы фінансавага плана таксама не мінулі. Магчыма, у перспектыве нешта зменіцца.
– Віктар Вітальевіч, што б Вы хацелі пажадаць уладальнікам транспартных сродкаў?
– Любіце свой аўтамабіль. Толькі тады ён сапраўды будзе сябрам вам, а не стваральнікам лішніх клопатаў і турбот.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік дыягнастычнай станцыі № 75 УП “Белтэхагляд” Віктар БУРШТЫН.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.