«Подых смерці, акупацыя і час станаўлення» Іван Вашчанчук (Маларыцкі раён)

Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, маларытчанін Іван Вашчанчук, які сёмага кастрычніка адзначыць сваё 89-годдзе, мае цудоўную памяць і можа да драбніц перадаць падзеі свайго далёкага, але не бязвоблачнага дзяцінства. Дзядуля яшчэ даволі спраўна круціць педалі веласіпеда, рупіцца ў агародчыку,  прыглядае за двума праўнукамі-гарэзамі.

Мужчына ганарыцца тым, што ён карэнны маларытчанін, і вельмі перажывае за лёс свайго роднага куточка. Усё сваё жыццё ён працаваў з людзьмі, умеў выслухаць кожнага і па неабходнасці дапамагаў. Сёння Іван Аляк­сеевіч заўсёды ў курсе па­дзей, якія адбываюцца ў раёне і свеце.

— З «раёнкай» сябрую даўно, — гаворыць Іван Аляксеевіч. — Бадай,  з таго самага часу,  калі і пачала выходзіць газета, і дагэтуль з ёй не развітваюся. Раней шмат газет і часопісаў выпісваў,  зараз акрамя «Голасу часу» чытаю яшчэ «Аргументы  и факты». Абавязкова, штораніцы слухаю «Радыёфакт» і толькі потым займаюся разнастайнымі хатнімі справамі. 

Адзінаццаць гадоў таму Іван Аляксеевіч аўдавеў. На 77-м годзе жыцця адышла ў нябыт Марыя Мікітаўна. 44 гады пражылі яны разам, на дваіх дзялілі радасць і гора, нястачу і скруху. Ішлі па жыцці адной сцяжынкай, не ведаючы стомы. Выгадавалі, выпеставалі дваіх дзетак. Не нарадуецца дзядуля поспехам сваіх траіх унукаў і траіх праўнукаў,  шкадуе толькі, што любай Марыі няма ўжо колькі гадоў побач.

— Мы з ёй у школу хадзілі разам,  — кажа Іван Аляксеевіч. — Яна на год за мяне маладзейшая. Перажылі вайну, акупацыю, спаўна зведалі страх смерці, холад і голад. У нашага пакалення вайна забрала ўсё: бесклапотнае дзяцінства і шчаслівае юнацтва. Ведаеце, мне нават сёння час ад часу сняцца тыя страшныя дні ваеннага ліхалецця. Здаецца,  што гэта было так даўно,  а заплюшчыш вочы, і памяць вяртае ў 40-я гады мінулага стагоддзя,  калі зямля набрыняла крывёй бязвінна забітых і закатаваных жыхароў Маларытчыны, калі чорныя клубы дыму ад бамбёжак ды пажараў засцілалі ўвесь белы свет, які раптоўна ператварыўся ў пекла. Некалькі разоў мне пагражала смерць, але, мабыць, было наканавана выжыць у тым пякельным варыве.

Подых смерці

Здаецца, што такія паняцці як дзяцінства, слёзы, смерць ніяк не атаясамліваюцца, але толькі не для пакалення, што нарадзілася ў 30-40-ыя гады мінулага стагоддзя. Івану Вашчанчуку давялося на ўласныя вочы ўбачыць смерць, адчуць страх і гора. Маленькі чалавечак у адначассе пасталеў. Так, не паспеўшы пачацца, закончылася шчаслівая і бесклапотная пара.

— Нават праз столькі гадоў я не магу забыць той дзень, калі нацысты бамбілі Маларыту. — Разам з маці мы пайшлі ў мястэчка. Я беражліва нёс у руках купленыя  пакуначкі са сшыткамі і алоўкамі. Не даходзячы да плошчы, мы раптам пачулі моцны гул,  а затым выбухі снарадаў. Нямецкія самалёты бамбілі чыгуначную станцыю. Узарвалі пошту. Памятаю, што было вельмі страшна. Мы не ведалі, куды хавацца і што рабіць. Здавалася, што снарады са страшэнным гулам узрываліся побач з намі. Самалёты нізка пікіравалі над мястэчкам. Некалькі снарадаў узарвалася непадалёку ад царквы. Памятаю натоўпы бежанцаў, якія ехалі на павозках, машынах або ішлі пехатою ў напрамку Шацка.

Акупацыя

— Было вельмі страшна, калі карнікі палілі Боркі і Забалацце, — прыгадвае Іван Вашчанчук. — На дварэ на ўсю моц валадарыла восень 1942 года. Жыхары Лазак нават бачылі тое страшэннае зарыва, калі палалі вёскі. Нацысты забралі ўсіх мужчын з падводамі. Потым мы здагадаліся для чаго, на тых падводах перавозілі мяхі са збожжам і іншым скарбам, які належыў забітым вяскоўцам.  У Маларыту тады прыгналі вельмі шмат жыўнасці: кароў, валоў, авечак, якіх карнікі пагрузілі ў вагоны і кудысьці павезлі.

Летам 1943 года, па ўспа­мінах Івана Аляксеевіча, фашысты збіраліся расправіцца і з жыхарамі Лазак.

— Каля шасці гадзін раніцы вёску ачапілі карнікі, — гаворыць дзядуля. — Усіх: і старых, і малых — прыгналі ў цэнтр і выстраілі ў дзве шарэнгі. Афіцэр абвясціў, што расстраляны будзе кожны трэці жыхар Лазак у помсту за тое, што партызаны ўзарвалі нямецкі эшалон.

Жанчыны пачалі галасіць, плачучы і молячы аб збавенні. Паліцаі раўнадушна выцягвалі з шарэнгі кожнага трэцяга жыхара вёскі, і няважна, хто гэта быў — дарослы чалавек або дзіця. Сярод ахвяр апынуўся Іван Вашчанчук. Што адчуваў тады падлетак, не пераказаць словамі. Усё адбывалася быццам бы ў дурным сне,  калі ногі дранцвеюць ад страху, а ў горле стаіць камяк,  што і слова не вымавіць,  і нават не прашаптаць аб дапамозе. Праз нейкую смугу падлетак убачыў, як пад’ехала машына, з якой выйшаў афіцэр. Немцы аб нечым пачалі гаварыць. Раптам перакладчык абвясціў: нямецкае камандаванне праявіла вялікадушша  і вяскоўцам даруецца жыццё.

— Нас не адразу тады адпусцілі, — працягвае свой аповед мужчына, — а пагналі на балота секчы хмызняк, каб партызаны не маглі незаўважна падабрацца да чыгункі. 

Нават праз столькі гадоў, што мінулі з тых страшных часоў, Іван Аляксеевіч не можа без хвалявання ўспамінаць мінулае. Вайна забрала ў яго малодшую сястрычку, якая памерла ад шкарлятыны. Ды і ён страціў сваё здороўе, калі ў 20-градусны мароз разам з сям’ёй жыў у хлеўчуку,таму што ў хаце гаспадарылі нацысты. Іван Вашчанчук — інвалід вайны з дзяцінства. У 1944 годзе куля прабіла хлапчуку руку. Праз пяць дзён пачалася газавая гангрэна. У выніку — ампутацыя левай кісці.

Час станаўлення

Пасляваеннае жыццё таксама не было лёгкім. Раён амаль  дашчэнту быў знішчаны кар­нікамі. Людзі недаядалі, не­да­сыпалі, працавалі, каб адрадзіць сваю бацькаўшчы­ну. Іван марыў стаць лесніком, як і яго бацька. Кемлівы хлопец без праблем паступіў у Мінскі лесатэхнічны інстытут, але ў хуткім часе з-за праблем са здароўем вучобу давялося пакінуць. Іван вяртаецца назад на Маларытчыну і ўладкоўваецца на працу ў райфінаддзел.

Іван Вашчанчук (трэці злева) са сваімі калегамі з пасялковага сельсавета

— Недзе каля двух гадоў адпрацаваў у райфінаддзеле, — расказвае дзядуля. — Маім настаўнікам быў Дзмітрый Яўстафавіч Кацёл. — Час тады быў супярэчлівы, складаны. Па лясах швэндаліся бандыты, якія забівалі падатковых агентаў,  актывістаў,  работні­каў сельсаветаў.

За сваё жыццё Іван Аляк­сеевіч не баяўся, ды толькі праблемы са здароўем, падарваным падчас акупацыі, усё часцей і часцей нагадвалі аб сабе. Іван перанёс складаную аперацыю. Калі б не своечасовы зварот да брэсцкіх урачоў, ён наўрад ці застаўся б у жывых. Затым была цікавая і плённая праца ў Маларыцкім пасялковым Савеце. Дарэчы, сакратаром пасялковага Савета Іван Аляксеевіч выбіраўся на працягу 17 гадоў.

Мужчына прыгадвае, як напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя пісалі хадайніц­тва на Брэст, каб пасёлку Маларыта надалі статус горада. Так яно і атрымалася ў снежні 1970 года. Больш дваццаці гадоў свайго працоўнага стажу Іван Аляксеевіч аддаў камбінату бытавога абслугоўвання, дзе шчыраваў спачатку майстрам, займаў пасаду сакратара партыйнай арганізацыі, быў старшым інструктарам па кадрах. На заслужаны адпачынак ён пайшоў у 1992 годзе.

— Я пражыў доўгае і ціка­вае жыццё, — гаворыць Іван Аляксеевіч. — Шмат чаго на сваім вяку бачыў і шмат перажыў, але што б ні здаралася, заставаўся заўсёды чалавекам. Мне не сорамна глядзець людзям у вочы, я нікога не пакрыўдзіў і не падмануў, не крывіў душой і ніколі не шукаў лёгкага хлеба.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!